Кісан
Кісан (хіндзі: किसान; саманазва: कुन्हर) — дравідамоўны народ на ўсходзе паўвострава Індастан. Жывуць пераважна на паўночным усходзе Індыі, у Бангладэш, таксама ў Непале. Агульная колькасць (2019 г.) - 1 642 900 чалавек[1].
Кісан (कुन्हर) | |
Агульная колькасць | 1642900 (2019 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя — 1637000 |
Мова | кісан |
Рэлігія | індуізм |
Блізкія этнічныя групы | курух, малер, брагуі |
Кісан жывуць дысперсна сярод іншых народаў. Займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай, з-за чаго атрымалі сваё найменне, якое літаральна значыць «сяляне». Толькі насельнікі Арысы захавалі родную мову дравідыйскага паходжання і саманазву куньяр (літаральна «жыхары пагоркаў»). Агульная міфалогія набліжае іх па паходжанню з курух. Некаторы перыяд яны падпарадкоўваліся правадырам бенгальцаў, а потым пачалі рассяляцца па ўсходняй Індыі. Брытанскія каланіяльныя ўлады прыцягвалі кісан для працы на чайных плантацыях.
Кісан селяцца ў асобных вёсках або ствараюць асобныя кварталы ў вялікіх паселішчах. У старых вёсках хаціны звычайна пабудаваны адна каля іншай, у сучасных — уздоўж дарог. Жытлы нізкія каркасныя, абмазаныя глінай, з чарапічнымі дахам. Частка жытла аддаецца пад гаспадарчыя патрэбы.
Асноўная ежа складаецца з рысу, кукурузы, проса, гародніны, ужываюць мяса і рыбу, а таксама грыбы, алкагольныя напоі і тытунь.
Сем'і малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя. Яны аб'яднаны ў 16 родаў. Звычайна вёска населена прадстаўнікамі аднаго рода, кіруецца мужчынскай радай. У Біхары і Заходняй Бенгаліі вылучаецца пасада вясковага правадыра.
Традыцыйная рэлігія інтэгравана ў індуізм. Кісан шануюць сваіх продкаў, вясковых і агульных багоў.
Зноскі
Спасылкі
правіць- Kisan Hand Book
- Kisan – People Groups of India Архівавана 21 красавіка 2019.