Літаратурныя жанры

(Пасля перасылкі з Літаратурны жанр)

Літарату́рныя жа́нры (фр.: genre, ад лац.: genus — род, від) — устойлівыя разнавіднасці літаратурных твораў, што склаліся ў працэсе гістарычнага развіцця літаратуры. Нярэдка ў гэтым значэнні ўжываецца паняцце літаратурны від. У аснове кожнага жанра ляжыць пэўны характар адлюстравання жыцця, які выяўляецца ў адпаведнай форме твораў.

Кожны з трох асноўных родаў (эпас, лірыка, драма) мае свае жанры. Напрыклад, да эпічнага роду адносяцца раман, аповесць, апавяданне, навела, да лірычнага — песня, гімн, эпіграма, дыфірамб, ода, эпітафія, раманс і інш., да драматычнага — трагедыя, камедыя, драма.

Эпічныя жанры адрозніваюцца адзін ад аднаго ступенню складанасці жыццёвага матэрыялу, працягласцю адлюстравання часу дзеяння, шырынёй ахопу з’яў рэчаіснасці, лірычныя — асаблівасцямі адлюстраваных у іх перажыванняў, пачуццяў, драматычныя — характарам жыццёвага матэрыялу і адносін аўтара да гэтага матэрыялу.

Існуюць таксама «змешаныя» жанры, у якіх спалучаны прыкметы розных родаў, напрыклад, ліра-эпічныя жанры (паэма, балада). Многія жанры маюць у сабе элементы розных родаў (у рамане можа прысутнічаць лірычны або драматычны элемент, у драме — эпічны і г.д.).

Пры характарыстыцы мастацкіх твораў вызначэнне жанру можа быць недастатковым, таму акрамя паняцця «жанр» ужываецца і тэрмін «жанравая форма», які выяўляе больш прыватныя асаблівасці твора. Так, жанр рамана можа мець разнавіднасці: філасофскі, гістарычны, прыгодніцкі, дэтэктыўны і інш.

Жанравая сістэма беларускай літаратуры такая, як і ў іншых еўрапейскіх літаратурах. Аднак некаторыя жанры, выкліканыя спецыфічнымі ўмовамі яе развіцця, ужо зніклі (напрыклад, гутаркі), з’явіліся новыя (драматычная паэма).

Літаратура

правіць