Марма (саманазва: မရမာ) — тыбета-бірманскі народ на паўночным усходзе Паўднёвай Азіі. Жывуць у Бангладэш і Індыі. Агульная колькасць (2022 г.) — 292 000 чалавек[1].

Марма
(မရမာ)
Агульная колькасць 292000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Бангладэш — 237000
 Індыя — 55000
Мова араканская мова
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы араканцы, мог, бенгальцы

Паходжанне правіць

Марма лічаць, што паходзяць з Магадхі, таму іх доўгі час называлі магха. Назва марма была прапанавана інтэлектуальнымі коламі у другой палове 1940-х гг. і замацавалася ў другой палове XX ст. Яна з’яўляеццая вытворнай ад наймення краіны М’янма.

Большасць навукоўцаў разглядалі марма як перасяленцаў XVXVI стст. з Аракана, калі адбывалася экспансія дзяржавы Мраук-У у Бенгалію. Аднак генетычныя даследаванні пачатку XXI ст. паказалі, што паходжанне марма мае болей складаны характар. Яны сфарміраваліся ў выніку шматразовых міграцый тыбета-бірманцаў на захад, пры гэтым уключылі прадстаўнікоў карэннага насельніцтва і выхадцаў з асноўнай часткі Індыі.

Асаблівасці культуры правіць

Марма насяляюць землі пераважна паміж Чытагонгам і Кокс-Базарам. Асноўны занятак — ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс і гародніну. Дадаткова займаюцца збіральніцтвам у прылеглых лясных масівах. Жанчыны вырабляюць тканіны, плятуць кашы. Каля 20% дарослых марма вымушаны наймацца на працу на плантацыі, прадпрыемствы лясной прамысловасці, працуюць у гарадах грузўчыкамі і прыбіральшчыкамі.

Асноўную ежу складае вараны рыс з вострымі падлівамі, што робяць з рыбы і гародніны, радзей — з мяса і гародніны. Папулярна падліва з крыветак, якія засыпаюць соллю і закрываюць у шкляным посудзе. Гародніну таксама ядуць сырой або варанай без спецый. Распаўсюджаныя напоі: хатняе рысавае віно і гарбата. Амаль усе мужчыны паляць цыгарэты і гуляюць у карты.

Народная вопратка ўключае саронг тхамі і камізэльку ангі. У сваіх вёсках ходзяць басанож. Кухонныя прылады вырабляюць з драўніны. Асабліва распаўсюджаны посуд з бамбуку. Традыцыйныя хаціны каркаснага тыпу ўзводзяць на ўзнятых бамбукавых платформах мачанг. Звычайна хаціны адна- або двухпакаёвыя. Сцены пераважна плеценыя. Пад платформай трымаюць хатняе начынне, ткацкія станкі, курэй і г. д.

Марма Бангладэш падзяляюцца на 2 рэгіянальныя групы. Кожная з іх мае свайго правадыра раджы. Яму падпарадкоўваюцца старасты вёсак або цэлых раёнаў. Але традыцыйная сістэма кіравання абмежавана зборам абшчынных узносаў і судовымі справамі. Прычым, старасты і правадыры разглядаюць толькі адміністрацыйныя справы. Сур'ёзныя крымінальныя ўчынкі знаходзяцца пад дзяржаўнай юрысдыкцыяй. Сем'і пераважна малыя нуклеарныя. Палігамія не забаронена, але не распаўсюджана. Дзіцячыя шлюбы не практыкуюцца. Мужчыны і жанчыны маюць права на развод.

Народныя музычныя інструменты: барабан, металічны звон і драўляная флейта. Пахаванні важных асоб суправаджаюцца танцам з кіямі вакол труны. Святочныя танцы суправаджаюць штогадовы фестываль збору ўзносаў. Звычайна ён арганізуецца пасля збору ўраджая. Чальцы вясковых абшчын таксама збіраюцца разам на святы лабрай у гонар поўнага месяца, папулярны будысцкія святы.

Мова правіць

Марма размаўляюць на дыялекце араканскай мовы, які часам успрымаюць як асобную мову. У школах адукацыя пераважна на бенгальскай. Спробы стварыць школьную адукацыю на араканскай мове пакуль церпяць няўдачы з-за недахопу сродкаў.

Рэлігія правіць

Марма спавядаюць будызм напрамку тхеравада. Звычайна, у буйных вёсках ёсць кляштар, дзе стала знаходзіцца святар і манахі з ліку вясковых юнакоў. Паслушніцтва працягваецца некалькі гадоў, пакуль юнак атрымоўвае адукацыю. Кляштары існуюць дзякуючы абшчынным узносам і штодзённай міласціны вернікаў у выглядзе харчу, радзей — тканін для вопраткі. Марма надзвычай прымхлівы, вераць у духаў прыроды і памерлых, хаця не прыносяць ім ахвяры.

Зноскі

Спасылкі правіць