Марыя Пшаздзецкая

Марыя Ганна Валерыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецкая (польск.: Maria Przezdziecka z Tyzenhauzów; 13 лістапада 1823, Паставы — 5 мая 1890, Варшава) — мастачка, мецэнатка.

Марыя Пшаздзецкая
Фатаграфія
Дата нараджэння 13 лістапада 1823(1823-11-13)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 22 мая 1890(1890-05-22) (66 гадоў) ці 5 мая 1890(1890-05-05)[1] (66 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Канстанцін Тызенгаўз
Маці Валерыя з Ваньковічаў[d]
Муж Аляксандр Пшаздзецкі
Дзеці Канстанцін Пшаздзецкі[d]
Род дзейнасці мастачка, філантроп
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Марыя Пшаздзецкая[2][3] нарадзілася 13 лістапада ў Паставах. Дачка вядомага навукоўца-арнітолага Канстанціна Тызенгаўза і Валерыі з Ваньковічаў. З дзяцінства грала ў сямейным тэатры. Атрымоўвала хатнюю адукацыю, маляванню, музыцы і арніталогіі яе навучаў бацька.

У падлеткавым узросце Марыя капіравала творы мастацтва з хатняй галерэі і рабіла партрэты людзей з бліжэйшага атачэння сям’і, напр. малявала стрыечных сясцёр Габрыэлу Гюнтэраўну (пазней Пузыніну) і Іду Гюнтэраўну, Аўгуста Цяшкоўскага, Ігната Ходзька. Яна таксама рабіла ілюстрацыі да твораў Юзэфа Крашэўскага (у тым ліку да паэмы «Міндаўс» і рамана «Паэт і свет») і іншых аўтараў (напрыклад, «Пілігрым у Дабрамілі» Ізабэлы Чартарыйскай і «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча). Габрыэля Пузыніна у сваім дзённіку «У Вільні і пры літоўскіх дварах» неаднаразова згадвала пра захапленне сваёй стрыечнай сястры маляваннем, напрыклад, што «з-за недахопу мадэляў Марыня саджала наведвальнікаў і малявала партрэты ці сцэны з прачытаных кніг», а ў паездках па ваколіцах у яе заўсёды быў аловак і альбом для малявання, «каб фіксаваць пейзаж». Пра тое, што Гюнтэраўна цаніла талент сваёй кузінкі, сведчыць той факт, што на вокладцы зборніка яе вершаў «У імя Бога», выдадзенага ў Вільні ў 1843 г., яна змясціла выяву, зробленую Марыяй — анёла, які пляце вянок ля падножжа крыжа.

 
Аўтапартрэт Марыі Пшаздзецкай з братам Райнальдам і дзецьмі перад палацам у Паставах. 1853

У 1841 заручылася ў Паставах з маладым гісторыкам і літаратарам Аляксандрам Пшаздзецкім. Паколькі нарачоныя былі звязаныя кроўнымі сувязямі, шлюб не мог адбыцца адразу. Жаніх на працягу паўтара гадоў перыядычна наведваў Паставы, пакуль не быў атрыманы з Ватыкану дазвол на шлюб. Урачысты шлюб адбыўся ў Варшаве 24 лістапада 1842 у апартаментах бабулі маладой, Марыянны з Пшаздзецкіх Тызенгаўз.

Маладую пару аб’ядноўвалі мастацкія зацікаўленні: калі Аляксандр Пшаздзецкі ў тым жа 1842 годзе апублікаваў артыкул у віленскім «Атэнеуме» пра пастаўскую карцінную галерэю, Марыя падарыла бацьку на імяніны альбом з копіямі гэтых карцін. У 1845—1849 пара Пшаздзецкіх падарожнічала па Еўропе, найдаўжэй затрымалася ў Італіі, дзе захаплялася помнікамі мастацтва і завяла шматлікія знаёмствы ў літаратурных і мастацкіх колах. Марыя цесна звязалася з герцагіняй Зоф’яй Адэскалькі, у дзявоцтве Браніцкай, чый салон у Палаца Кіджы-Адэскалькі[ru] быў адным з галоўных цэнтраў грамадскага і інтэлектуальнага жыцця Рыма і якую, дзякуючы яе ўплыву ў ватыканскіх колах, называлі «першым польскім Папам». У Рыме і Неапалі Марыя вучылася жывапісу, яна таксама падтрымлівала кантакты са шматлікімі мастакамі, пра што сведчыць яе альбом, у які ўвайшлі творы такіх мастакоў, як: Эжэн Дэлакруа, Поль Дэларош, Гарацый Вернэ, Іпаліт Беланжэ, Філіп Кёльман, Пётр Міхалоўскі, Марцін Залескі, Караль Баліцкі, Ян Дравачынскі.

Марыя Пшаздзецкая адпачатку ацаніла Цыпрыяна Норвіда і цешылася ўзаемнай павагай, паэт падарыў ёй каля дзесяці сваіх малюнкаў і пісаў да яе лісты (былі знішчаныя ў 1944).

 
Партрэт Марыі Пшаздзецкай

Таксама ў наступныя гады графіня часта заставалася за мяжой, а ў 1852—1863 гадах, у сувязі з адукацыяй сваіх сыноў Канстанціна і Густава, жыла ў Парыжы. Карысталася там французскім пашпартам, які атрымала ад імператара Напалеона ІІІ.

Мастацкая творчасць Марыі Пшэдзецкай малавядомая, хоць яе сучаснікі адзначалі, што кожную вольную хвіліну яна прысвячала «любімым заняткам жывапісам», найбольшага майстэрства дасягнула ў тэхніцы акварэлі. Сваіх работ звычайна не выстаўляла. Выключэннем стала акварэльная копія партрэта Кацярыны з Браніцкіх Патоцкай, напісанага Францам Вінтэрхальтэрам, якая двойчы экспанавалася: у 1860 г. у Варшаве і ў 1894 г. у Львове, атрымаўшы прызнанне сваёй дакладнасцю малюнка, а таксама глыбінёй і насычанасцю акварэльнай колеравай гаммы. Малюнкі, акварэлі і карціны, напісаныя графіняй, знаходзіліся пераважна ў сямейных калекцыях і ў асноўным былі знішчаны ў Варшаве ў 1944 у палацы Пшаздзецкіх.

«Ineffebilis Deus» правіць

Найважнейшым мастацкім дасягненнем Марыі Пшаздзецкай, несумненна, з’яўляецца афармленне рукапіснага кодэкса, які змяшчае польскі пераклад булы папы Пія IX «Ineffebilis Deus» аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, складзенага з 26 аркушаў. Над гэтым творам мастачка пачала працаваць у 1857 па ініцыятыве аўтара перакладу булы кс. Аляксандра Елавіцкага. Багаты жывапісны дэкор у выглядзе пашыраных бардзюраў, якія атачаюць тэкставае поле, прадстаўляе гісторыю культу Маці Божай Каралевы на фоне гісторыі польскага народа. Іканаграфічную праграму распрацавала Марыя Пшаздзецкая, магчыма, з удзелам яе мужа Аляксандра. Арнамент кожнай старонкі, вытрыманы ў стылістыцы дадзенага гістарычнага перыяду, змяшчае выявы каралёў, знакамітых людзей, святых заступнікаў, зробленыя па матывах вядомых гістарычных карцін, а таксама віды гарадоў, замкаў, храмаў і батальныя сцэны (напр., аблога Яснай Гары, рэльеф Вены). Кожнай старонцы апякуецца адзін з шанаваных у Польшчы вобразаў Маці Божай: Яснагорскай, Вострабрамскай, Латычаўскай, Троцкай, Лэжайскай і інш. Ілюстраванне кнігі не было завершана з-за пагаршэння зроку мастачкі і зацвярдзення пальцаў правай рукі — без упрыгожванняў засталіся дзве апошнія старонкі кодэкса, якія змяшчаюць заключныя часткі тэксту булы. Тым не менш, у 1892 сын Марыі Пшаздзецкай, Канстанцін, перадаў рукапіс наступніку Пія IX папу Льву XIII падчас спецыяльнай аўдыенцыі. Кодэкс захоўваецца ў калекцыі Ватыканскай бібліятэкі.

«Terra Mariana» правіць

У Ватыканскай бібліятэцы ёсць яшчэ адна праца, звязаная з асобай Марыі Пшаздзецкай, якую варта адзначыць. Гаворка ідзе пра шырокафарматны альбом «Terra Mariana (1186—1888)», падараваны балтыйскай арыстакратыяй папе Льву XIII з нагоды залатога юбілею яго святарства. Мастацкая кніга складаецца з 70 багата ілюстраваных старонак, якія адлюстроўваюць гісторыю хрысціянства ў польскай Лівоніі. Ініцыятарам працы і асноўнай фундатаркай была Марыя Пшаздзецкая, якая прыцягнула да яе рэалізацыі выдатнага даследчыка гісторыі балтыйскіх краін барона Густава Мантойфеля[ru]. Гісторык распрацаваў змястоўную канцэпцыю кнігі і запрасіў да супрацоўніцтва вялікую групу мастакоў, архітэктараў і друкароў.

У 2014 Латвійская нацыянальная бібліятэка зрабіла факсімільнае перавыданне альбома ў 1000 экз.[4] Адзін асобнік факсімальнага перавыдання атрымаў і мінскі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 18 лістапада 2015 адбылася прэзентацыя альбома ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У 2017 у Полацкім дзяржаўным універсітэце адбыўся навуковы семінар, прысвечаны гісторыі падрыхтоўкі альбома «Terra Mariana (1186—1888)»[5]. Латышская дэлегацыя наведала таксама і Паставы, родны горад ініцыятаркі стварэння гэтага ўнікальнага выдання[6].

Дабрачыннасць правіць

Пасля смерці мужа ў 1871 годзе Марыя Пшаздзецкая прысвяціла сябе ў асноўным дабрачыннасці, а сама жыла вельмі сціпла. У Вільні фундавала шпіталь для сляпых, які таксама ўтрымлівала ў значнай ступені са сваіх сродкаў. Падтрымлівала рымскі ордэн рэсурэкцыяністаў.

Яе мастацкія інтарэсы і разуменне ролі культуры і рэлігіі ў грамадска-палітычным жыцці паўплывалі на характар ​​яе ініцыятыў. Закончыла будаўніцтва касцёла ў Ракішках, распачатае яе братам Райнольдам, прывезла ў гэты касцёл разбяны амбон з Брусэля, які каштаваў 30 000 франкаў. Заснавала ў Ракішках знакамітую школу арганістаў, дзе працаваў выдатны чэшскі арганіст Рудольф Ліман.

Фундавала капліцу на новых могілках Святога Міхала ў Рызе. Акрамя таго, фінансавала літургічны посуд для шматлікіх касцёлаў і кляштараў, які замаўляла ў вядомага парыжскага ювеліра Ф. Фроман-Мёрыса. Фундавала два вітражы для Рыжскага кафедральнага сабора (капліца Святой Ганны), адзін з якіх адносіўся да гісторыі роду Тызенгаўзаў, і прадстаўляў іх гісторыю ад першага прадстаўніка, Энгельберта Тызенгаўзена, да апошняга ўласніка Ракішак, Яна Пшаздзецкага, унука Марыі. Другі вітраж прысвечаны біскупу Альберту, заснавальніку рыжскай кафедры. Таксама зафундавала ў Рызе касцёл Святога Хросту, які праектаваў архітэктар Густаў Вернер, якому была даручана і адказная місія — перадаць альбом «Terra Mariana» папе Льву XIII, паколькі мецэнатка не магла гэта ўжо зрабіць па стане здароўя.

Хадайнічала аб будаўніцтве касцёла ў сваім родным горадзе Паставы, што выклікала супраціў расійскіх уладаў.

Падтрымлівала і варшаўскія касцёлы (Святога Аляксандра, Усіх Святых), а ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Кошыках пабудавала капліцу для сямейнага маўзалея роду Пшаздзецкіх, дзе яна была пахавана 9 мая 1890 г. Касцёл быў цалкам разбураны пасля Варшаўскага паўстання, а прах Марыі Пшаздзецкай і іншых членаў сям’і быў перанесены на могілкі Бродна.

Зноскі

  1. а б https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/maria-przezdziecka
  2. Biernacki Andrzej. Maria Przezdziecka // Polski Słownik Biograficzny. T. 29. S. 43-45.
  3. Chlebowska Edyta. Maria Przezdziecka z Tyzenhauzów — malarka, miniaturzystka, filantropka // Instutut de Republica.
  4. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2023. Праверана 28 сакавіка 2023.
  5. «Terra Mariana. 1186—1888»: открывая страницы общей истории Латвии и Беларуси
  6. Moreino Irena. Księga Terra Mariana — wybitne zwierciadło historii i przedmiot badań // Nowa Biblioteka. 2017. No. 1 (24). Ss. 7-27.

Спасылкі правіць