Авімбунду

(Пасля перасылкі з Мбунду паўднёвыя)

Авімбунду, або паўднёвыя мбунду (саманазва: úmbúndú, парт.: Ovimbundos) — народ групы банту ў Анголе. З'яўляюцца найбуйнейшай этнічнай групай гэтай краіны. Агульная колькасць (2017 г.) — 8 187 000 чалавек[1].

Авімбунду
(úmbúndú)
Рэгіён авімбунду на карце Анголы
Агульная колькасць 8187000 (2017 г.)
Рэгіёны пражывання  Ангола
Мова умбунду
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, анімізм
Блізкія этнічныя групы амбунду

Паходжанне правіць

Авімбунду — нашчадкі паўднёвых груп банту, заваяваных у XVII ст. ваяўнічымі вандроўнікамі яга (магчыма, блізкімі да мбунда). Род Umbunduca, які ўсталяваў манархічную ўладу над навакольнымі плямёнамі, даў сваю назву дзяржаве, што праіснавала да першай трэці XIX ст. У канцы XVIII ст. яно падзялялася на 22 тэрытарыяльныя супольнасці, кожная з якіх мела свайго спадчыннага правадыра і сваю саманазву. Агульная назва авімбунду стала афіцыйна выкарыстоўвацца партугальцамі толькі пасля ўключэння дзяржавы Авімбунду ў склад іх калоній.

Культура правіць

Авімбунду традыцыйна насяляюць узвышшы, якія не славяцца ўрадлівымі глебамі. Ручное земляробства і жывёлагадоўля не давалі дастаткова ежы для пражыцця, таму авімбунду здаўна развівалі дадатковыя галіны гаспадаркі — паляванне, рыбалоўства, рамяство і гандаль. Рамеснікі здабывалі і апрацоўвалі жалеза, выраблялі кераміку, плеценыя пасудзіны, займаліся разьбярствам. У канцы XIX - пачатку XX ст. каля 50 тысяч авімбунду былі ўцягнуты ў караванны гандаль паміж Вялікімі азёрамі і атлантычным узбярэжжам. У XX ст. сельская гаспадарка набыла камерцыйны характар. Вырошчваюць на продаж каву, арахіс і валакняныя культуры. Земляробства лічыцца жаночым заняткам, у той час як мужчыны працуюць па-за межамі хатняй гаспадаркі.

Асноўны від паселішча — вёска. Вёскі будуюць на раўнінах або на схілах пагоркаў. Раўнінныя вёскі з'явіліся раней і ўяўлялі паселішчы земляробаў, акружаныя палеткамі. Вёскі на схілах будаваліся ў дзяржаўны перыяд і выкарыстоўваліся для абароны. Авімбунду жывуць у круглявых або чатырохкутных каркасных хацінах. Сцены крыюцца цыноўкамі і абмазваюцца глінай. Дахі саламяныя. Вылучаюць хаціны для жылля, адрыны, будынкі для свойскай жывёлы.

Авімбунду вядуць адлік сваяцтва па мужчынскай і жаночай лініях. Знутры адной абшчыны дамінуюць жаночыя роды oluina. Яны маюць эканамічны ўплыў на чальцоў, аказваюць дапамогу. Мужчынскі род звычайна займае навакольныя тэрыторыі, кантралюе зямлю і рэсурсы. Для авімбунду характэрны пашыраныя сем'і onjo, што ўключаюць мужа, жонку, дзяцей, дадатковых сваякоў, якія не маюць сваёй гаспадаркі. Найбольш пераважныя шлюбы са стрыечнымі братамі і сёстрамі. Жаніх выплочвае бацькам нявесты выкуп. Пасля вяселля яна пераходзіць у сям'ю жаніха. У мінулым дазвалялася палігінія, прычым кожная жонка мела сваю хаціну і сховішча для збожжа. Дом і хатняе начынне ўспадкоўваюцца па жаночай лініі, зямля — па мужчынскай. Хлопчыкі з 8 гадоў выхоўваюцца ў мужчынскай хаціне без сцен onjango.

У XVII - XIX ст. грамадства авімбунду падзялялася на саслоўі высакародных olosoma, асабіста вольных mukwendye, залежных hafuka і рабоў pika. Рабы звычайна былі прадстаўнікамі іншых плямён, захопленых у палон. Авімбунду актыўна займаліся гандлем рабамі з партугальцамі. Меліся і мясцовыя вёскі рабоў. На чале вёсак стаялі старэйшыны. Знутры вёскі маглі мецца абшчыны з розных саслоўяў, што таксама кіраваліся сваім старэйшынам. На чале вялікага мужчынскага рода стаяў правадыр. Рада правадыроў выбірала манарха з ліку прадстаўнікоў валадарскага рода па мужчынскай лініі. Падзел на саслоўі і групы рознага паходжання ў нашы дні не адыгрывае істотнай ролі, але перажыткі старой сацыяльнай структуры аказваюць уплыў на сучасную.

Авімбунду захавалі багаты спеўны і танцавальны фальклор. Распаўсюджаны такія музычныя інструменты, як барабан, металічныя бразготкі і флейты. Авімбунду славяцца як выдатныя разьбяры драўляных лялек.

Мова правіць

Мова умбунду адносіцца да групы моў банту. З'яўляецца тонавай, налічвае тры тоны[2]. Пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія авімбунду заснавана на веры ў шматлікіх духаў, з якіх асабліва вылучаюцца душы жывых людзей ocililenba, душы памерлых ocilulu і духі продкаў ahamba. Амбунду верылі ў магію, уздзеянне добрых чараўнікоў і лекараў ocimbandas, а таксама злых чарадзеяў olonganga. У канцы XIX ст. абвінавачванні ў адмоўным магічным уздзеянні і суды над olonganga былі частай справай. У дзяржаве Авімбунду існаваў культ продкаў кіруючай дынастыі. Рытуалы спраўляў сам манарх. У вёсках рытуалы ў гонар продкаў арганізоўвалі правадыры і старэйшыны.

У XX ст. большасць вернікаў прыняла хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі правіць