Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны
Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцам Першай сусветнай вайны; адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага руху. Існаваў у Мінску з ліпеня 1915 па 1917 г. як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў красавіку 1915 г.
Гісторыя
правіцьДабрачынная і культурная дзейнасць
правіцьАддзел налічваў каля 50 чалавек (снежань 1916). У камітэт праўлення аддзела ўваходзілі В. Чавусаў (старшыня), А. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), У. Голуб (У. Галубок), А. Астрамовіч (А. Зязюля), В. Лявіцкая, Л. Сівіцкая (З. Верас) і яе маці Э. Сівіцкая, У. Фальскі, сярод актывістаў П. Аляксюк, М. Багдановіч, С. Плаўнік (З. Бядуля), А. Смоліч.
Аддзел адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя, «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні. У красавіку-маі 1916 г. дзейнічалі курсы па садаводстве, гародніцтве і пчалярстве. У снежні 1916 г. хадайнічаў перад мінскім губернатарам аб правядзенні лекцыі Максіма Багдановіча «Беларускае адраджэнне» (хадайніцтва адхілена).
Ператварэнне ў мінскі Нацыянальны камітэт (1917)
правіцьУ студзені 1917 г. аддзел узначаліў Раман Скірмунт, а намеснікам стаў Усевалад Фальскі.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) у Расіі аддзел аб'явіў сябе Нацыянальным камітэтам (на чале з Раманам Скірмунтам), ад імя якога ў Мінску была распаўсюджана ўлётка да працоўных аб неабходнасці ўтваварэння ўласнай беларускай дзяржаўнасці — у той час, калі ўсходняя і цэнтральная Беларусь (з Мінскам) была пад кантролем Часовага ўрада Расіі, а заходняя — пад кантролем нямецкіх войскаў[1]. Як вынікае з тэксту ўлёткі, галоўнай перашкодай на гэтым шляху кіраўнікам камітэта бачылася амаль поўная адсутнасць нацыянальнай свядомасці беларусаў і пачуцця народа адзінай зямлі з-за рознасці канфесій: «Мы не палякі і не рускія, мы ад вякоў сядзім тут. Мы гаспадары на сваёй роднай зямельцы. Мы, гаспадары гэтага краю, не будзем лічыцца парабкамі другіх народаў, як нас дагэтуль лічылі. Беларусы, мы адзін народ. Дык злучайцеся ў адно, бо ў еднасці сіла. Няхай нас ніхто не раздзяляе, хай не будзе сваркі між беларусам праваслаўным і католікам, бо ўсе мы дзеці адной маткі — Беларусі. Гняздом нашым хай будзе мінскі Беларускі камітэт»[2].
4 сакавіка 1917 г. Раман Скірмунт на паседжанні Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны выказаў прапанову абраць Лявона Зайца дэлегатам для кантактаў з Мінскім Саветам рабочых дэпутатаў[3]. Сувязь гэтая, праўда, была непрацяглай. Пазней (за памкненні Скірмунта наладзіць сувязь таварыства і нацыянальнага камітэта з рабочымі Мінска для кансалідацыі сіл для дасягнення аўтаноміі Беларусі) сацыяліст Леанід Заяц абразліва абзаве Рамана Скірмунта «старым палітыкам і далёкабачным буржуем»[3].
Першай палітычнай нацыянальнай акцыяй камітэта стала арганізацыя і правядзенне ў Мінску шматлюднай маніфестацыі 6 сакавіка 1917 г. у зале мінскай губернскай управы, дзе арганізатары выступілі з прамовамі на беларускай мове пра будучыню беларускага народа і «высокія чалавечыя ідэалы»[2]. неўзабаве яшчэ адной акцыяй Нацыянальнага камітэта стаў мітынг у Мінску, на якім выступілі Павел Аляксюк, Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі і Фабіян Шантыр, якія віталі расійскую дэмакратыю, Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і заклікалі беларусаў да адзінства і арганізаванасці[2].
12 сакавіка 1917 г. у мінскім кінатэатры «Гигант» камітэт арганізаваў мітынг, на якім выступілі (на беларускай мове) Раман Скірмунт, доктар філасофіі Масоніус, Аркадзь Смоліч, Лявон Заяц, Павел Аляксюк, Фабіян Шантыр і Касцецкі. Сход, выказаўшы вітанне ветэранам беларускага руху (паручніку Шаблоўскаму і капітану Адамовічу, якія пацярпелі ад царскай улады), упершыню адкрыта выказаў патрабаванне аб афармленні палітычнай суб'ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе федэратыўнай Расіі. Гэта быў максімум, чаго можна было патрабаваць у тагачасных умовах ад Часовага ўрада Расіі, які неафіцыйна стаяў на прынцыпе «адзінай і недзялімай Расіі». Патрабаванне планавалася агучыць і на Устаноўчым сходзе Расіі, які Часовы ўрад Расіі абвясціў правесці восенню 1917 г. — па пытанні дзяржаўнага ўладкавання новай Расіі: у рэзалюцыі мінскага схода было запісана: «Беларусы, стоячы на грунце краёвай аўтаноміі, будуць выбіраць ва ўстаноўчы сход грамадзян, якія падзяляюць гэты прынцып»[2]. Пасля мітынгу камітэт правёў кампанію «Дзень беларускага значка» па збору сродкаў на беларускі нацыянальны друк: прадаваліся беларускія нацыянальныя значкі з нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага і белага[2][4]. Газета «Минская газета» ад 14 сакавіка 1917 г. паведамляла, што ў гэты дзень на вуліцах Мінска «ўпершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах»[4].
Паводле ўспамінаў Вінцэнта Гадлеўскага, выступленні Рамана Скірмунта на беларускіх сходах «выдзяляліся і зместам і формай. Яны былі заўсёды высокапатрыятычныя з беларускага пункту гледжання і часам нават проста рэвалюцыйныя, што выклікала ў прысутных буру воплескаў»[4]. Відавочнай бачылася сучаснікам падзей мэтанакіраванасць Скірмунта ў адносінах палітычнай суб'ектнасці Беларусі. Макар Краўцоў (Касцевіч) успамінаў пазней: «Калі Скірмунт у кожнае слова стараўся ўлажыць праграму, дык Шантыр спяваў гімны рэвалюцыі проста за тое, што яна ўжо сталася, што яна ёсць. Абодва яны былі тады разам, за адным столікам прэзідыуму»[4].
Праграма камітэта, дзе пераважалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, выказвала патрабаванне 8-гадзіннага працоўнага дня, гарантавання мінімуму зарабатнай платы, але з падачы яго кіраўніцтва на чале са Скірмунтам імкнулася не падкрэсліваць класавых адрозненняў, а акцэнтаваць увагу на патрабаванні аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі[5].
Нацыянальны камітэт у сярэдзіне сакавіка 1917 г. у Мінску прыцягнуў актывістаў БСГ да стварэння цэнтра асветы навакольнага сялянства[6]. Таксама ў выніку агульнага сходу служачых губернскага камітэта ўдалося арганізаваць спецыяльную камісію, якая стварыла Часовы мінскі камітэт прапаганды асноў новага грамадскага ладу (Сяргей Кавалік, Павел Аляксюк, У. Марзон і інш.) і пачаць збор ахвяраванняў для арганізацыі такой прапаганды на рускай і беларускай мовах[6]. Першы мітынг з такой тэматыкай быў арганізаваны 27 сакавіка 1917 г. у Смалявічах[6].
Самай галоўнай акцыяй беларускага Нацыянальнага камітэта ў Мінску, які станавіўся важным палітычным цэнтрам беларускага руху па стварэнні палітычнай суб'ектнасці Беларусі (ва ўмовах калі Вільня знаходзілася пад нямецкай уладай), было правядзенне 25-27 сакавіка 1917 г. З'езда беларускіх нацыянальных арганізацый (1917), які абраў Беларускі нацыянальны камітэт[7].
Зноскі
- ↑ Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 27.
- ↑ а б в г д Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28.
- ↑ а б Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта Архівавана 5 сакавіка 2016.... С. 25.
- ↑ а б в г Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта Архівавана 5 сакавіка 2016.... С. 22.
- ↑ Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 28—29.
- ↑ а б в Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 29.
- ↑ Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам... С. 27, 29.
Літаратура
правіць- Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта / С. Рудовіч // Гістарычны альманах. — Гродна, 1999. — Т. 2. — С. 14—37. [1] Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М.Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.