Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч

(Пасля перасылкі з Міхаіл Без-Карніловіч)

Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч (29 верасня (10 кастрычніка) 1796, Падольская губерня, цяпер Украіна — 7 (19) студзеня 1862) — гісторык, краязнавец і этнограф, ваенны тапограф, статыстык, генерал-маёр[1].

Міхаіл Восіпавіч Без-Карніловіч
Дата нараджэння 29 верасня (10 кастрычніка) 1796
Месца нараджэння
Дата смерці 7 (19) студзеня 1862 (65 гадоў)
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера краязнаўства, гістарыяграфія і этнаграфія
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Святога Георгія IV ступені
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сям’я правіць

Нарадзіўся ў дваранскай сям’і кантралёра мытні Магілёва-Падольскага Осіпа Якаўлевіча Карніловіча. Дзяцінства прайшло ў маёнтку Карніловічы[2]. Старэйшы брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

У афіцыйных паперах і дакументах прозвішча Міхаіла Восіпавіча пісалася «Бескарніловіч» або «Без-Карніловіч». Пасля ён звяртаўся ў Дэпартамент герольдыі і непасрэдна да імператара Мікалая I па дазвол пісаць сваё прозвішча, як і ўсе яго сваякі, «Карніловіч». Аднак такога дазволу не атрымаў, і яму было загадана надалей называцца «Без-Карніловіч»[3]

Біяграфія правіць

У 1816 годзе кончыў 1-ы кадэцкі корпус[1]. Удзельнік руска-турэцкай вайны (1828—1829). Узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-ай ст. (1841).

Пад яго кіраўніцтвам у 1831—1847 гадах праводзілася тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Наўгародскай, Віцебскай, Валынскай губерняў і Беластоцкай акругі[1]. За трыганаметрычную здымку ў Наўгародскай губерні атрымаў чын падпалкоўніка.

Haпіcaў ваенна-статыстычны агляд Віцебскай губерні, у якім даў ацэнку правіянтных і дарожна-транспартных магчымасцей краю. Пры правядзенні геадэзічных работ на Віцебшчыне зацікавіўся зборам інфармацыі пра аб’екты старажытнай гісторыі: курганы, гарадзішчы, замчышчы, земляныя валы, фартэцыі і іншыя помнікі даўніны.

З 1852 года ў адстаўцы.

Навуковая дзейнасць правіць

Збіраў гістарычны і этнаграфічны матэрыялы, на падставе якіх напісаў кнігу «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (СПб, 1855) (руск.), дзе між іншым разгледжаны пытанні этнічнай тэрыторыі, побыту і культуры беларусаў. Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў толькі нашчадкаў крывічоў[1], гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ і ставіў іх у «адзін шэраг з суседнімі народамі». Выключнае значэнне надаваў дзяржаўнасці Полацка, лічыў яго цэнтрам крывічоў. Адзначыў згуртаванасць Полацкай зямлі ў 1230-1240-я гады ў барацьбе з нямецкай агрэсіяй, даказваў паходжанне вялікага князя літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў[1].

Апісаў жыццё беларускага селяніна, характэрызуючы яго як цяжкае, але як памешчык для паляпшэння сялянскай гаспадаркі прапанаваў ссяляць сялян у вялікія вёскі, захоўваць патрыярхальныя сем’і і нават злучаць у адзін двор невялікія сем’і суседзяў. Асобныя раздзелы кнігі прысвяціў апісанню народных абрадаў, звычаяў, вытворчай дзейнасці, народнай метэаралогіі.

Важным метадалагічным дасягненнем М. Без-Карніловіча быў той факт, што ён імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй. Таксама імкнуўся браць для свайго даследавання толькі падмацаваныя пісьмовымі крыніцамі матэрыялы. Так, разглядаючы гісторыю Віцебска, М. Без-Карніловіч не назваў дату заснавання горада ці першага яго ўпамінання, не будучы перакананым у яе дакладнасці. Даследчык акрамя гістарычнага экскурсу ў мінулае адным з першых сярод краязнаўцаў расказаў аб яго эканоміцы, мясцовых промыслах.

Даследаваў замчышча каля вёскі Сакалішча Полацкага павета. Ужываў звесткі, атрыманыя ад даследаванняў і аналізу легенд і паданняў, для тлумачэння абрадаў, вераванняў старажытнага чалавека. Напрыклад, запісаў са слоў полацкіх старажылаў, што поруч з колішнім возерам Валоўе, якое знаходзіцца на левым беразе Палаты, амаль насупраць Багародзіцкага манастыра, было капішча Перуна.

Бібліяграфія правіць

  • У часопісе «Северная пчела» надрукаваны «Историко-статистические описания города Валдая» (1832), «Статистическое описание города Боровичи» (1834), «Нашествие литовцев на Устюжну, поветовый город Новгородской губернии» (1836), «Шведы в Тихвине в XVIII столетии» (1837).
  • Витебская губерния. СПб., 1852;
  • Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии: с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб, 1855 (рэпр. выд. Мн., 1995).

Зноскі

  1. а б в г д Без-Корнилович Михаил Осипович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 48. — 737 с.
  2. Літаратура і мастацтва, № 51, 24 декабря 2010, с. 12
  3. ФЭБ: Пискунова. Комментарии: Корнилович. Письмо императору Николаю. — 2004 (текст)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць