Мікалай Іосіфавіч Цурбакоў

(Пасля перасылкі з М. Цурбакоў)

Мікалай Іосіфавіч Цурбакоў (23 лютага 1911, г. Гомель — 8 кастрычніка 1984) — беларускі акцёр. Заслужаны артыст БССР.

Мікалай Іосіфавіч Цурбакоў
Дата нараджэння 23 лютага 1911(1911-02-23)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 кастрычніка 1984(1984-10-08) (73 гады)
Жонка Людміла Аляксандраўна Гамуліна
Прафесія тэатральны акцёр
Тэатр
Член у
Узнагароды
Заслужаны артыст Беларускай ССР

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 23 лютага 1911 года ў сям’і гомельскага рабочага. З дзіцячых гадоў цікавіўся мастацтвам, жывапісам, кнігамі. Тры гады вучыўся малюнку ў студыі, удзельнічаў у прадстаўленнях камсамольскай «Сіняй блузы» (агітацыйны эстрадны тэатральны калектыў), марыў стаць сапраўдным акцёрам. Аднак шлях да прафесійнай сцэны быў складаным: давялося папрацаваць землякопам, грузчыкам, пажарным, слесарам па рамонце абсталявання. Толькі ў студзені 1931 г. у Гомельскім тэатры рабочай моладзі (ТРАМ) пачалася прафесійная акцёрская дзейнасць. Першай работай маладога акцёра стала роля камсамольца-гаваруна Шурупа ў спектаклі «Першая перамога» аб жыцці рабочых «Гомсельмаша»[1].

Праз некалькі гадоў працы ў Гомельскім ТРАМе М. Цурбакова запрасілі ў Горкаўскі ТРАМ (цяпер не існуе). Тэатр у Ніжнім Ноўгарадзе меў цесныя творчыя сувязі з Маскоўскім тэатрам імя Я. Вахтангава: штогод ТРАМаўцы выязджалі ў Маскву, дзе з імі працавалі вядомыя акцёры і рэжысёры — Барыс Захава, Цэцылія Мансурава, Барыс Шчукін, Павел Антакольскі. Такія камандзіроўкі сталі для Мікалая Цурбакова сапраўднай школай творчасці[1].

У 1938 г. Мікалай Іосіфавіч вярнуўся на Радзіму і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача імя Н. К. Крупскай. Гады працы былі цікавымі: мастацкі кіраўнік Е. Міровіч ажыццявіў пастаноўку п’есы «Даходнае месца» А. Астроўскага (1941). Ключавой фігурай спектакля быў стары чыноўнік Акім Акімавіч Юсаў. Мікалай Цурбакоў раскрыў вобраз чыноўніка ў поўным сэнсе гэтага слова: унутраны і знешні воблік персанажа выступалі ў арганічным адзінстве, у выніку чаго перад гледачамі паўставаў тып яўнага хабарніка, самазадаволенага самадура і лісліўца. Каб выклікаць абурэнне мярзотнай сутнасцю Акіма Юсава, акцёр карыстаўся буйнымі фарбамі, гратэскавымі прыёмамі. Яго Юсаў разбэшчваў начальнікаў — ліслівасцю, падлашчваннем, разбэшчваў падначаленых — сваім прыкладам і павучаннямі. Разбэшчванне складала мэту і сэнс гэтага сцэнічнага вобраза[1].

У пачатку вайны не здолеў эвакуявацца. У час нямецкай акупацыі выступаў у трупе Менскага беларускага тэатра[2].

Пасля заканчэння вайны працаваў у Палескім, які з 1946 г. называўся Пінскім, з 1954 года ў Магілёўскім, у 1955—1974 гадах у Гомельскім абласных драматычных тэатрах[1].

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1947 года.

Творчасць

правіць

Акцёр шырокага творчага дыяпазону, скупымі выразнымі сродкамі ён умеў перадаць глыбокую ўнутраную перакананасць станоўчых герояў, іх цвёрдасць, прынцыповасць, грамадзянскасць. Яркі знешні малюнак, вострыя, часам гратэскавыя фарбы, псіхалагічныя адценні вызначалі яго характарныя ролі, давалі магчымасць ствараць каларытныя, жыццёва дакладныя партрэты розных сацыяльных тыпаў[1].

У 1945 г. на сцэне Палескага абласнога драматычнага тэатра быў пастаўлены спектакль «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы, які вызначаўся цікавымі творчымі вобразамі, сярод якіх вылучаўся Гарлахвацкі ў выкананні Мікалая Цурбакова. Спектакль стаў творчай перамогай Палескага абласнога драматычнага тэатра і захоўваўся ў рэпертуары на працягу ўсяго перыяду яго дзейнасці[1].

У спектаклі «Рускія людзі» К. Сіманава (1945) Мікалай Цурбакоў здолеў раскрыць сціпласць і мужнасць, унутраную сілу галоўнага героя Глобы, які ў імя вялікай справы ахвяруе сабой[1].

Асаблівае значэнне для Палескага абласнога тэатра мела пастаноўка п’есы «Несцерка» В. Вольскага (1947). Захаваўшы ўсе сюжэтныя сітуацыі, рэжысёр паставіў яркі спектакль, у якім зліліся драматычнае, музычнае і харэаграфічнае мастацтва. Галоўным носьбітам рэжысёрскай ідэі з’яўляўся Несцерка ў выкананні Мікалая Цурбакова. Акцёр, глыбока адчуўшы народныя вытокі характару героя, зрабіў Несцерку кемлівым і дасціпным, разумным, іранічным і жартаўлівым, знайшоў мастацкую раўнавагу паміж драматычным і камічным[1].

Добрай школай развіцця акцёрскага майстэрства з’явілася работа над спектаклем «Ягор Булычоў і іншыя[ru]» М. Горкага (1948). Крытыка адзначала высокі мастацкі ўзровень спектакля і яго ансамблевасць. У цэнтры спектакля быў вобраз Ягора Булычова, увасоблены Мікалаем Цурбаковым. Акцёр з вялікім сцэнічным тэмпераментам, псіхалагічна праўдзіва раскрыў драму Булычова, увасобіў яго складаны характар[1].

У 1952 г. у Пінскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля пад назвай «Вечар беларускай камедыі», які аб’яднаў у адзін паказ «Паўлінку» Я. Купалы і «Пінскую шляхту» В. Дуніна-Марцінкевіча. Мікалай Цурбакоў удала стварыў камедыйны вобраз Пустарэвіча[1].

У 1956 г. на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра адбылася прэм’ера камедыі «Доктар філасофіі» Б. Нушыча. У значнай ступені пастаноўка ўдалася дзякуючы ігры Мікалая Цурбакова: акцёр глыбока раскрыў душэўную мізэрнасць камерсанта Жываты Цвіёвіча[1].

У 1957 г. у Гомельскім драматычным тэатры быў пастаўлены спектакль «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна. Мікалаем Цурбаковым упершыню быў створаны вобраз У. І. Леніна. Ролю правадыра рэвалюцыі акцёр выконваў таксама ў спектаклях «Кветкі жывыя» М. Пагодзіна і «Імем рэвалюцыі» М. Шатрова[1].

У драматычнай паэме «Легенда пра песню няспетую» (1968) М. Пало і І. Папова гомельскі тэатр звярнуўся да гістарычнай тэматыкі. У п’есе расказвалася пра цяжкі стан сялянства ў часы прыгону. Мікалай Цурбакоў знайшоў адметныя рысы для характарыстыкі свайго персанажа пана Тшаска. З вялікай цікавасцю сустрэў глядач спектакль «Не трывожся, мама!..» Н. Думбадзэ (1972). Пастаноўка вызначалася высокай выканаўчай культурай акцёраў, дакладным адчуваннем стыхіі народнага грузінскага гумару. Мікалай Цурбакоў удала стварыў вобраз дзеда галоўнага героя. Гомельскі тэатр актыўна супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі: поспех мела сатырычная камедыя А. Петрашкевіча «Укралі кодэкс» (1976), якая выкрывала п’яніц, спекулянтаў і лайдакоў. Дакладным у раскрыцці характару свайго героя Цімоха быў Мікалай Цурбакоў[1].

Творчасць М. Цурбакова вызначалася мнагапланавасцю, знітаванасцю героіка-драматычных характараў з камедыйнымі, пераканаўчасцю створаных вобразаў, іх мастацкай значнасцю. Акцёру быў уласцівы прыроджаны гумар, пачуццё праўды, каларытнасць паводзін. Ён добра памятаў урокі свайго настаўніка Е. Міровіча: кожны момант сцэнічнага існавання героя павінен быць мастацкім асэнсаваннем жыццёвай рэальнасці. У шматлікіх характарах, створаных Мікалаем Цурбаковым, прасочвалася трывалая народная аснова[1].

Жыццё Мікалая Іосіфавіча было непарыўна звязана з тэатрам: у Гомельскім тэатры лялек акцёр паставіў п’есу «Пятак і Пятачок» Н. Гернет[ru] (1965). Галоўны ідэйна-этычны зарад твора быў скіраваны на выхаванне ў дзяцей цёплых, гуманных адносін да ўсяго жывога. Мікалай Цурбакоў шмат часу аддаваў заняткам скульптурай і жывапісам: ім былі аформлены спектаклі «Узнятая цаліна», «На бойкім месцы[ru]» і інш[1].

Сям’я

правіць

У шлюбе з актрысай Людмілай Гамулінай (1913—1969).

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Мікалай Іосіфавіч Цурбакоў на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  2. Менскі беларускі тэатр // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.

Спасылкі

правіць