Несцерка (п’еса)
«Несцерка» — п’еса, напісаная Віталём Зэйдэль-Вольскім у 1940 годзе, па іншых меркаваннях Уладзіславам Галубком да 1937 года. Камедыя ў трох дзеях, сямі карцінах, упершыню пастаўленая ў 1941 годзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (які тады называўся Другім Беларускім дзяржаўным тэатрам)[1].
«Несцерка» | |
---|---|
| |
Жанр |
п'еса камедыя |
Аўтар | Віталь Вольскі |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1940 |
Электронная версія | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кантраверсія
правіцьЗяць Галубка, мастак Яўген Ціхановіч адзначае: «Дык хто ж напісаў п’есу „Несцерка“? (…) я пісаў аб тым, што бачыў рукапіс п’есы пры вобыску ў мінскай кватэры Галубка восенню 1937 г. (…) нікому другому, як Вольскаму-Зэйдэлю — чэкісту, пісьменніку і драматургу — далі матэрыял на экспертызу (…). усе тыя абвінавачванні, якія інкрымінаваліся Галубку Вольскі-Зэйдэль падпісаў уласнаручна. Халодны разлік забойцы такі: ніхто ніколі не дазнаецца, калі прысвоіць драматургічны твор — п’есу „Несцерка“, тым больш што ніхто і ніколі не пачне варушыць творы „ворага народа“. (…) мы даведаліся, хто падпісаў пратакол, з якога бачна, што Галубок аказаўся ворагам народа па экспертызе В. Вольскага-Зэйдэля. Зараз давайце паглядзім у твар Вольскага. Думаеце, па знешнім выглядзе ён нагадвае забойцу, стукача, правакатара. Зусім не — сярэдняга росту, вочы шэрыя і вельмі добрыя (…), бародка-эспаньёлка (…) Цяжка паверыць у тое, што такі чалавек загубіў не толькі Галубка, але і другіх, бо ён быў на пастаяннай службе па пошуках ворагаў народа сярод беларускай інтэлігенцыі (…). Мы хочам адабраць драматургічны твор у Вольскага — пасмяротна вярнуць яго сапраўднаму аўтару — У. Галубку…»[2]
Гэты след у справе пацвярджае таксама датычнасць Віталя Зэйдэль-Вольскага да знішчэння такіх беларускіх дзеячаў як мастак Яфім Мінін і этнограф Аляксандр Шлюбскі.
Жанр
правіцьП’еса «Несцерка» з’яўляецца народна-лубачнай сатырычнай камедыяй. Віталь Вольскі паспрабаваў у ёй выкарыстаць формы старадаўняга народнага тэатра, беларускай інтэрмедыі, балаганных прадстаўленняў, сцэны са скамарохамі. Ён таксама ўмела выкарыстаў паданні, якія існавалі ў народзе — пра шамякаў суд, «вучоны» дыспут, рашэнне трох загадак на кемлівасць і іншых[1].
Сюжэт
правіцьСюжэт камедыі «Несцерка» пабудаваны паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгодаў, якія здараюцца з галоўнымі персанажамі.
Галоўны герой, селянін Несцерка, жадае дапамагчы хлопцу Юрасю ажаніцца з Насцяй. Дзеля гэтага яму даводзіцца пераадолець нямала перашкод: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце шкаляра, ашукаць суддзю, а таксама прымусіць шкаляра адмовіцца ад шлюбу.
На працягу ўсёй п’есы прасочваецца некалькі сюжэтных ліній: лінія Несцеркі, які ратуецца ад шляхцюкоў, якія абвінавачваюць яго ў наўмысным шкодніцтве, лінія кахання Юрася і Насці, лінія шкаляра Самахвальскага, які прэтэндуе на найхутчэйшае ўзыходжанне да кар’ерных вяршынь. І яшчэ сюжэтная лінія пошуку справядлівасці, звязаная з суддзёй, шляхцюкамі і панам Бараноўскім.
Усе гэтыя лініі і выяўляюць вобраз галоўнага героя[1].
Ролі
правіцьВыканаўцы ў розных пастаноўках:
- Несцерка — А. Ільінскі[3], Ф. Шмакаў
- Юрась — А. Шэлег
- Мацей — В. Дашкевіч, А. Трус
- Насця — З. Канапелька[4], Ю. Гальперына
- Мальвіна — Я. Глебаўская
- Шкаляр Самахвальскі — Ц. Сяргейчык
- Пан Бараноўскі — Б. Левін, С. Скальскі
- Першы шляхцюк
- Другі шляхцюк
- Суддзя — І. Матусевіч
Узнагароды
правіцьУ 1941 годзе п’еса была адзначаная першай прэміяй на Усесаюзным конкурсе на лепшы драматургічны твор. І па сённяшні дзень спектакль па п’есе Вольскага, перажыўшы ўжо не адну рэдакцыю, з’яўляецца свайго роду візіткай Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа — з п’есы «Несцерка» нязменна адкрываецца кожны чарговы яго сезон)[5].
Навум Барысавіч Лойтар, пастаноўшчык, Ісак Ісакавіч Любан, кампазітар, Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі, выканаўца галоўнай ролі, Цімафей Мікалаевіч Сяргейчык, выканаўца ролі шкаляра Самахвальскага, Павел Сцяпанавіч Малчанаў, выканаўца ролі, — за спектакль «Несцерка» Васіля Вольскага, пастаўлены на сцэне Другога Беларускага ДДТ (Віцебск) сталі лаўрэатамі Сталінскай прэміі ў 1946 годзе.
Аўтар пра п’есу
правіцьСам аўтар п’есы, вядомы беларускі драматург Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдэль-Вольскі так пісаў пра сваю задуму:
Я паставіў перад сабой задачу стварыць камедыю з напружаным і выразна акрэсленым сюжэтам, вясёлую і лёгкую, тэатральна-прыўзнятую, асветленую іскрамі народнага гумару, упрыгожаную яркімі фарбамі, музыкай, спевамі і танцамі. Мне хацелася даць тэатру драматычны матэрыял для спектаклю яркага, жывога і маляўнічага, каб глядач увесь час адчуваў сябе ў атмасфэры народнага відовішча, каб няспыннымі хвалямі ліўся са сцэны ў залю жывы струмень народнага мастацтва. «Літаратура і Мастацтва» 24 мая 1941 |
Папулярнасць п’есы
правіцьРэжысёрам Р. Сурусам у 1979 годзе была пастаўлена музычная камедыя.
Пра папулярнасць п’есы і яе галоўнага героя сведчыць тое, што, апроч пастановак п’есы на тэатральных падмостках, вясёлы, кемлівы і дасціпны Несцерка перабраўся на цыркавую арэну, на эстраду, ў кіно, увасобіўся ў шматлікіх беларускіх сувенірах[1]. Назвай «Несцерка» названая кавярня ў Нясвіжы[6], крама прамтавараў у Мінску[7], і іншыя прадпрыемствы гандлю.
У мультыплікацыі і кінематографе
правіцьУ 1955 на студыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Аляксандрам Зархам быў зняты фільм «Несцерка».
У 1980 на студыі «Беларусьфільм» рэжысёрам Яўгенам Ларчанкам быў зняты мультфільм «Несцерка ».
На студыі «Беларусьфільм» у 2013 годзе зняты поўнаметражны мультфільм «Прыгоды Несцеркі» з васьмі гісторый рэжысёра Ігара Волчака[8][9].
Зноскі
- ↑ а б в г Вольскі Віталь. Несцерка . Праверана 24 лютага 2013.(недаступная спасылка)
- ↑ Яўген Ціхановіч «Трэба вярнуць справядлівасць». Тэрмапілы № 20 2016
- ↑ Сталінская прэмія 1946 года
- ↑ Першая выканаўца
- ↑ «Двойчы з першапраходцаў(недаступная спасылка)». // Літаратура і Мастацтва 16 верасня 2011
- ↑ Нестерка кафэ КУП магазин № 3 (руск.)(недаступная спасылка). Жёлтые страницы. СООО «Белфакта Медиа». Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 24 лютага 2013.
- ↑ Магазин «Нестерка», ОДО (г. Минск) (руск.). полная информационная база по предприятиям республики. BizBy.ru. Праверана 24 лютага 2013.
- ↑ Приключения Нестерки (руск.)(недаступная спасылка). Беларусьфільм. Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2013. Праверана 24 лютага 2013.
- ↑ Первый белорусский анимационный полнометражный фильм вышел в Беларуси (руск.)(недаступная спасылка). Беларусьфільм. Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2017. Праверана 24 лютага 2013.
Несцерка (п’еса) на Вікісховішчы |