Помнік Якубу Коласу (Мікалаеўшчына)
По́мнік Яку́бу Ко́ласу — помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, пастаўлены ў гонар яго 90-годдзя.
Помнік | |
Помнік Якубу Коласу | |
---|---|
53°24′12″ пн. ш. 26°49′59″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Мікалаеўшчына |
Скульптар | Аляксей Канстанцінавіч Глебаў, Ігар Краўчанка |
Архітэктар | Леў Міцкевіч |
Дата пабудовы | 1972 год |
Стан | добры |
Гісторыя
правіцьУшанаванне памяці Народнага паэта Беларусі, карані якога паходзяць з Мікалаеўшчыны, пачалося адразу пасля смерці літаратара ў 1956 годзе, што было зацверджана пастановай Савета Міністраў БССР[1]. На той час ужо быў падрыхтаваны праект помніка аўтарства Міхаіла Бакланава ў выглядзе бюста, пастаўленага на абліцаваны пастамент з надпісам «Якуб Колас (1882—1956)»[2].
Рэалізацыя праекта ажыццяўлялася на працягу 16 гадоў, у выніку чаго канчатковы варыянт атрымаўся адрозным ад першапачатковага (спрошчаны пастамент, зменены формы бюста). Адкрыццё помніка адбылося ў межах святкавання 90-годдзя з дня нараджэння паэта[3].
Помнік з’яўляецца традыцыйным месцам адзначэння юбілеяў Якуба Коласа. Падчас святкавання 130-годдзя з дня нараджэння пісьменніка да мемарыяла ўсклаў кветкі тагачасны міністр культуры Павел Латушка[4].
На сённяшні дзень гэта адзінае ўвасабленне памяці паэта ў скульптуры на яго малой радзіме. Неаднаразова выказваліся прапановы аб усталяванні падобнага манумента ў Стоўбцах[5]. Працы па яго ўзвядзенні ўжо пачаліся[6].
Апісанне
правіцьПомнік размешчаны на невялікай пляцоўцы каля будынка адміністрацыі Мікалаеўшчынскага сельсавета, ад яго да вуліцы Школьнай пракладзена асфальтаваная сцежка, уладкаваны невялікі сквер. Прасторавая кампазіцыя помніка вельмі кампактная[7].
Скульптары — народны мастак БССР Аляксей Глебаў і Ігар Краўчанка, архітэктар — Леў Міцкевіч[3]. Помнік складаецца з прамавугольнага пастамента, на які пастаўлены бюст паэта. Аснова выканана з бетона, абліцаванага лабрадарытам, бюст — бронзавы. Вышыня бюста — 1,1 метра, агульная вышыня разам з пастаментам — 3,6 метраў. У рысах твару Коласа падкрэсленыя такія рысы яго характару, як дабрыня, дасціпнасць і сардэчнасць[7].
На прымацаванай да манумента дошцы маецца цытата з верша паэта «Песняй вітаю я вас», напісанага ў 1936 годзе.
Зноскі
правіць- ↑ Дмитрий Исайчук.. Дата в истории: 58 лет назад на карте города увековечено имя Якуба Коласа (руск.)(недаступная спасылка). Минск-новости (16 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 10 красавіка 2019. Праверана 20 ліпеня 2020.
- ↑ Міхаіл Бакланаў.. Ушанаванне Якуба Коласа сучаснікамі і нашчадкамі: праект (рэалізаваны) помніка Я. Коласу ў вёсцы Мікалаеўшчына. . Архівы Беларусі (1956). Праверана 20 ліпеня 2020.
- ↑ а б Генадзь Тумаш. Родны бераг песняра. — Мінск: «Полымя», 1982. — С. 25. — 30 с. — 3 000, экз.
- ↑ На малой родине Якуба Коласа прошёл праздник поэзии (руск.). Агульнанацыянальнае тэлебачанне (27 кастрычніка 2012). Праверана 20 ліпеня 2020.
- ↑ Алена Анісім прапануе паставіць у Стоўбцах помнік Коласу і адкрыць беларускую гімназію . Наша ніва (4 лістапада 2016). Праверана 20 ліпеня 2020.
- ↑ Алена Пашкевіч.. Выведуць на творчую арбіту — якім будзе помнік Якубу Коласу ў Стоўбцах (недаступная спасылка). Стаўбцоўская раённая газета «Прамень» (26 студзеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2020. Праверана 20 ліпеня 2020.
- ↑ а б Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл. — С. 241
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл. — С. 241
Спасылкі
правіць- Помнік Якубу Коласу (Мікалаеўшчына) на сайце Глобус Беларусі (руск.)