Прыродазнаўчая секцыя Інбелкульта

Прыродазнаўчая секцыя — секцыя Інбелкульта, якая створана 7 сакавіка 1924 года. Спачатку называлася прыродазнаўча-геаграфічнай, з 1925 — прыродазнаўчай[1].

Мела 6 падсекцый. Геолага-глебазнаўчая падсекцыя падрыхтавала план навуковых даследаванняў па геалогіі і глебазнаўству Беларусі, які выконвала камісія Інбелкульта па вывучэнню прыродных прадукцыйных сіл Беларусі (КППС), складала тэрміналагічны слоўнік па глебазнаўству. У 1925—28 арганізавала геалагічныя экспедыцыі пад кіраўніцтвам Б. К. Тарлецкага, М. Ф. Бліадухі і Ф. В. Лунгерсгаўзена, якія даследавалі тэрыторыі Мінскага, Слуцкага, Бабруйскага і паўднёва-заходняй часткі Барысаўскага раёнаў. На базе падсекцыі ў 1927 у складзе Інбелкульта арганізаваны Інстытут геалагічных навук[1].

Хімічная падсекцыя апрацоўвала хімічную тэрміналогію, было зроблена 60 аналізаў геалагічных парод Беларусі[1].

Заалагічная падсекцыя вывучала фаўну Беларусі, вяла работы па стварэнню краявога музея, па апрацоўцы заалагічнай тэрміналогіі, рэдагавала падручнікі па заалогіі, склала спіс заалагічных помнікаў Беларусі. На аснове экспедыцыйных матэрыялаў былі складзены карты рассялення розных відаў жывёл, распрацаваны рэкамендацыі па развядзенню і выкарыстанню пушных звяроў, птушак, рыб і інш[1].

Батанічная падсекцыя ў 1925—1928 арганізавала 3 геабатанічныя экспедыцыі, у час якіх была абследавана амаль уся тэрыторыя рэспублікі. Была складзена геабатанічная карта БССР. У даследаванне прыроды значны ўклад унеслі працы Г. М. Высоцкага па дэндралогіі (паклалі пачатак распрацоўцы навуковай тапалагічнай класіфікацыі лясоў), С. Д. Георгіеўскага па біялогіі лясных парод поўдня Беларусі («Дрэвавая і хмызняковыя пароды, якія растуць у Беларусі», 1925), В. Г. Касаткіна па флоры лугоў і балот («Комплекснасць глебавага і расліннага покрыва пясчана-балотных раёнаў Мінскага Палесся», 1925), М. М. Гайдукова па водарасцях, У. П. Савіча па грыбах і лішайніках. Секцыя арганізоўвала мерапрыемствы па зберажэнню садоў, паркаў і інш. дрэвавых насаджэнняў, якія мелі дэкаратыўна-мастацкае і навуковае значэнне, склала першы спіс помнікаў прыроды Беларусі (23 аб’екты)[1].

Геаграфічная падсекцыя збірала матэрыялы для беларускага геаграфічнага слоўніка, апрацавала і падрыхтавала да друку школьную карту Беларусі, рэдагавала геаграфічныя карты для школьных падручнікаў[1].

Падсекцыя фізікі, матэматыкі, метэаралогіі вяла навуковыя даследаванні крыніц Беларусі. Пры падсекцыі дзейнічала феналагічнае бюро[1].

У 1926—27 прыродазнаўчая секцыя рэарганізавана на падсекцыі неарганічнай і арганічнай прыроды. 3 секцыі вылучылася Геаграфічная камісія. У 1928 створаны Аддзел прыроды і гаспадаркі, у які ўвайшла прыродазнаўчая секцыя, што ўключала Інстытут геалагічных навук, кафедры глебазнаўства, батанікі, геаграфіі, антрапалогіі, Прыродазнаўчы музей Інбелкульта, Цэнтральную хімічную лабараторыю, лабараторыю эксперыментальнай біялогіі, Вялікалятчанскі батанічны сад, цэнтральную феналагічную камісію[1].

3 1924 у сістэме Інбелкульта заснавана Цэнтральнае бюро краязнаўства, якое стала цэнтрам па стварэнню мясцовых краязнаўчых арганізацый (акруговыя і раённыя таварыствы, краязнаўчыя гурткі пры школах, сельсаветах, хатах-чытальнях і інш. устанповах), выдавала часопіс «Наш край»[1].

У 1927 структура Інбелкульта была зменена. Ён меў: 2 аддзелы (гуманітарных павук, прыроды і гаспадаркі), шэраг прыродазнаўчых кафедр, у т. л. глебазнаўства, батанікі (з батанічнай камісіяй і батанічным садам каля Віцебска), заалогіі (з заалагічным музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанню геаграфічнага слоўніка Беларусі), хіміі, антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нервовай дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперыментальнай біялогіі); геалагічны інстытут (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі); камісіі, у т. л. па вывучэнню прыродных прадукцыйных сіл Беларусі. У сістэму Інбелкульта ўваходзілі таксама навуковае таварыства па вывучэнню Беларусі (пры Бел. с.-г. акадэміі), бібліятэка, друкарня[1].

13.10.1928 ЦВК і СНК БССР прыняў пастанову аб рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую Акадэмію навук[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к М. I. Галенчык, Дз. П. Бяляцкі. Інстытут беларускай культуры // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.

Літаратура

правіць