Фаўна Беларусі

спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя

Фаўна Беларусі налічвае больш за 400 відаў пазваночных і некалькі дзесяткаў тысяч беспазваночных жывёл.

Белы бусел — птушка-сімвал Беларусі. Гродна

Аснову жывёльнага свету складаюць шырока распаўсюджаныя ў Паўночным паўшар'і віды: вожык, крот, ліс, воўк, вавёрка звычайная, курапатка шэрая, цецярук, шызы голуб, зязюля звычайная, яшчарка порсткая, рапуха шэрая, жабы і інш. З прадстаўнікоў паўднёвай стэпавай фауны ў краіне жывуць: заяц-русак, хамяк звычайны, суслік рабы, буразубка малая, чубаты жаваранак, балотная чарапаха, сцерлядзь і інш. Вялікі ўплыў на склад фауны робіць дзейнасць чалавека. У XVII—XIX ст. у выніку палявання на тэрыторыі Беларусі вынішчаны еўрапейскі тур, тарпаны (дзікія коні), высакародныя алені, собаль, расамаха, дзікі кот. Затым зніклі ружовы пелікан, вялікі баклан, турпан, коўпіца, стрэпет, бялуга, рускі асетр, сёмга, кумжа, сіг, корушка, выразуб. Пад пагрозай гнездаванне лапландскай няясыці, беркута, арлана-белахвоста, аўдоткі.

Найлепш даследаваны млекакормячыя, птушкі, земнаводныя, паўзуны, рыбы, менш насякомыя, прасцейшыя, чэрві, малюскі, рака- і павукападобныя.

Млекакормячыя правіць

У Беларусі ў дзікай фауне адзначаны 73 віды. Яны насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля, некаторым з іх уласцівы падземны (крот) або паўводны (андатра, бабёр) спосаб жыцця, рукакрылыя прыстасаваліся да актыўнага працяглага лёту. Жывуць паасобку (лісіца, барсук, янот-паласкун, рысь), невялікімі статкамі (аленевыя, дзік) або калоніямі (лятучыя мышы, рабы суслік). Актыўныя пераважна на змярканні і ноччу. Некаторыя зімой у спячцы (рабы суслік, вожык, соні).

Кормяцца млекакормячыя раслінамі (высакародны алень, казуля, лось, зубр, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка) ці жывымі істотамі (воўк, ліс звычайны, рысь, ласка, гарнастай, тхор, норкі і іншыя). У многіх млекакормячых (вожык, янотападобны сабака, янот-паласкун, буры мядзведзь) корм мяшаны.

Самыя маленькія звяры ў Беларусі — мышы-малюткі (маса каля 5 г), з найбольшых — зубр (маса да 1000 кг). Самае працяглае жыццё ў зубра і бурага мядзведзя — 30—50 гадоў, 2 гады і меней жывуць мышападобныя грызуны. Тэмпы размнажэння найбольшыя ў дамавой мышы, у звычайнай палёўкі — да 6—8 прыплодаў за год. Штогод і радзей даюць патомства буры мядзведзь, зубр, лятучыя мышы, драпежныя звяры. Найбольшая плоднасць у андатры, дзіка, гарнастая, невялікіх грызуноў, якія жывуць у норах (да 10 дзіцянят і болей), аднаго-дваіх дзіцянят нараджаюць капытныя, лятучыя мышы.

Сярод млекакормячых Беларусі шмат каштоўных паляўніча-прамысловых жывёл. У дачыненні да 14 відаў звяроў ажыццяўляюцца спецыяльныя меры аховы. Яны занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Некаторыя млекакормячыя шкодзяць сельскай, лясной і паляўнічай гаспадарцы. Ёсць пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (грызуны).

Птушкі правіць

 
Птушкі на паштовых марках Беларусі

У Беларусі адзначана 290 відаў. З іх 224 гняздуюцца на тэрыторыі краіны, 24 толькі пралятаюць у час сезонных пералётаў, 30 рэгулярна залятаюць і 4 віды прылятаюць зімаваць.

Птушкі актыўныя пераважна днём, асобныя — ноччу. Корм разнастайны: у гусе-, кура- і голубападобных пераважае раслінны; у сокала- і совападобных — жывёльны; у іншых — мяшаны. Амаль усе птушкі Беларусі кормяць птушанят жывёльнай ежай.

Маса птушак ад 6-7 г у жоўтагаловага каралька да 10 кг і болей у лебедзя-шыпуна. Звычайна ў красавіку — ліпені птушкі будуюць гнёзды і выводзяць птушанят. Нясуць яны ад 1 (арол-змеяед) да 25 (курапатка шэрая) яец, найчасцей — 4-6. Большасць гняздуецца 1 раз за год, некаторыя двойчы (сітаўка, конікі, жаваранкі) або тройчы (верабей дамавы, голуб шызы). Мясцовыя пералётныя птушкі зімуюць у краінах Заходняй Еўропы, Міжземнамор'я і Паўночнай Афрыкі. У апошнія гады некаторыя пералётныя птушкі застаюцца зімаваць на тэрыторыі Беларусі: у населеных пунктах — гракі, дразды, часам шпакі; на незамерзлых рэках і азёрах — крыжанкі, чыркі.

Большасць птушак карысныя, маюць гаспадарчае значэнне. Сініцы, пішчухі, попаўзні, валасянкі, чарацянкі, саракушы, мухалоўкі і іншыя насякомаедныя птушкі знішчаюць шкоднікаў садоў, сельскагаспадарчых і лясных культур; драпежныя птушкі і совы — мышападобных грызуноў. Качкі, цецярук, рабчык і іншыя паляўнічыя птушкі — аб'екты палявання.

Земнаводныя правіць

у Беларусі 12 відаў з атрадаў бясхвостых і хвастатых земнаводных. Найбольш пашыраны і шматлікія ў Беларусі жаба травяная, жаба вастрамордая, жаба сажалкавая, рапуха шэрая і рапуха зялёная, трытон грабеньчаты і трытон звычайны, радзей трапляюцца часночніца звычайная, жарлянка чырванабрухая, толькі на захадзе і поўдні адзначана квакша звычайная (жыве пераважна на дрэвах).

Земнаводныя карысныя: знішчаюць шкоднікаў сельскагаспадарчых раслін і лесу, насякомых-крывасмокаў (камароў, мух, сляпнёў, аваднёў), іх лічынкі кормяцца пераважна водарасцямі і тым самым удзельнічаюць у ачыстцы вадаёмаў. Дарослыя земнаводныя і іх лічынкі — пажыва для рыб (шчупака, сома, ментуза, вугра еўрапейскага), млекакормячых (норкі, выдры, тхара, ліса, барсука) і птушак (жураўлёў, буслоў, падворлікаў і іншых). Выкарыстоўваюцца для навуковых эксперыментаў і вучэбных мэт.

Паўзуны правіць

У Беларусі 7 відаў. Найбольш пашыраны яшчарка жывародная і яшчарка порсткая, вуж, гадзюка звычайная (адзіная ядавітая змяя ў Беларусі), вераценніца ломкая. Мядзянка (трапляецца зрэдку) і балотная чарапаха (жыве на поўдні і захадзе краіны ў меліярацыйных каналах, азёрах і рэках) як рэдкія віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Усе паўзуны прыносяць карысць: знішчаюць мышападобных грызуноў, шкодных насякомых, з'яўляюцца пажывай для млекакормячых і птушак, яд гадзюкі выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Рыбы правіць

На тэрыторыі Беларусі адзначана 58 відаў, з іх 46 відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. З відаў, якія пастаянна жывуць у вадаёмах краіны, для рэк басейна Дняпра і рэк басейна Балтыйскага мора агульныя 29 відаў. Гэта найбольш пашыраныя рыбы: шчупак, плотка, язь, краснапёрка, лінь, укляя, гусцяра, лешч, звычайны карась, акунь, джгір. Такія віды, як сялява, харыус, сняток, вугор, жывуць у басейне Балтыйскага мора; сцерлядзь, белавочка, сінец, бычок-пясочнік, джгір-насар, чахонь, гальян азёрны — у басейне Дняпра.

Маса рыб у Беларусі ад некалькіх грамаў (аўсянка, колюшкі) да 200 кг (сом). Нерастуюць рыбы вясной (большасць відаў), некаторыя ў асенне-зімовы перыяд (мянтуз, стронга, сігі, рапушка), а некаторыя да 3-4 разоў у вясенне-летні перыяд (галавень, краснапёрка, лінь, пячкур і іншыя). Вугор не нерастуе ў прэсных водах, ва ўзросце 8-10 гадоў ён накіроўваецца для нерасту ў Саргасава мора на захадзе Атлантычнага акіяна.

Рыбы здаўна з'яўляюцца аб'ектам прамысловай і спартыўнай рыбнай лоўлі, карысным харчовым прадуктам. На тэрыторыі Беларусі прамысловую лоўлю рыбы вядуць азёрна-таварныя рыбныя гаспадаркі, дзейнічаюць сажалкавыя рыбныя гаспадаркі. Разам са здабычай рыбныя гаспадаркі займаюцца штучным зарыбленнем вадаёмаў каштоўнымі відамі (сазан, карп, белы амур, таўсталобікі, пелядзь). У азёры запушчаны мільёны лічынак вугра, малькоў сярэбранага карася, сігавых. Для захавання рыбных запасаў устаноўлена абмежаванне памераў рыб, якіх дазваляецца лавіць, тэрмінаў, метадаў і месцаў іх лоўлі, праводзяцца мерапрыемствы па ахове вадаёмаў і месцаў нерасту ад забруджвання. У Беларусі развіваецца таксама акварыумнае рыбаводства — гадоўля і развядзенне акварыумных рыб (каля 30-40 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, характэрны рыбкі невялікіх памераў, прыгожай афарбоўкі).

Насякомыя правіць

 
Матылі Беларусі

На тэрыторыі Беларусі адзначана каля 30 тыс. відаў насякомых з 26 атрадаў, у тым ліку 400 відаў даўганосікаў і трубкакрутаў, 350 клапоў, 315 совак, 200 ліставёртак, 200 тлей, 200 пядзенікаў, 140 агнёвак, 120 дзённых матылёў, 101 камароў, мошак, макрацоў і сляпнёў, больш за 50 відаў стракоз, 30 чмялёў.

 
Жук-алень

Большасць відаў насякомых жывуць на паверхні зямлі, многія ў глебе, вадаёмах, некаторыя трапляюцца вясной на талым снезе (лядоўнікі). Сярод насякомых у Беларусі ёсць вельмі малыя, даўжыня цела якіх менш за 0,25 мм (наезнікі-яйцаеды), і вялікія, даўжынёй 3-7 см (вусачы, жук-алень). Пасля зімовага спакою некаторыя віды (яблыневы кветкаед, малінава-сунічны даўганосік) пачынаюць актыўнае жыццё пры тэмпературы паветра 6-8 °C. За сезон насякомыя даюць ад 1 (яблыневая моль, кольчаты шаўкапрад, гарохавая соўка, земляныя блошкі) да 10-15 пакаленняў (некаторыя віды тлей).

Насякомыя выконваюць пэўную ролю ў біялагічным кругавароце рэчываў. Частка з іх з'яўляецца паразітамі чалавека, пераносчыкамі ўзбуджальнікаў хвароб (камары, сляпні, вошы, блохі, мухі), шкоднікамі сельскагаспадарчых культур (каларадскі жук, ільняныя блошкі, ільняная і гарохавая пладажэркі, азімая соўка, соўка-гама, паласаты шчаўкун, канюшынны насенняед, балотная даўганожка, бураковая і шведская мухі, капусныя тля і бялянка). Шкодзяць садам яблыневая і слівавая пладажэркі, медзяніцы, яблыневы кветкаед, вішнёвы слізісты пільшчык, лясам — хваёвыя пільшчыкі, хваёвы шаўкапрад, зімовы пядзенік і інш. Значная колькасць насякомых удзельнічае ў апыленні раслін лугоў і садоў. Асабліва карысная пчала меданосная, якая не толькі апыляе расліны, але і дае каштоўныя харчовыя і лекавыя прадукты. Насякомыя і іх лічынкі ўдзельнічаюць у працэсах глебаўтварэння, імі кормяцца птушкі, рыбы, некаторыя млекакормячыя. У барацьбе з насякомымі-шкоднікамі выкарыстоўваюць аграхімічныя, хімічныя і біялагічныя метады.

Геаграфія жывёл правіць

Жывёльны свет Беларусі фарміраваўся ў цеснай сувязі з геалагічнай гісторыяй тэрыторыі, зменьваўся пад непасрэдным уплывам змен клімату, рэльефу, расліннасці. Пазваночныя насяляюць самыя розныя тэрыторыі і групуюцца ў прыродныя комплексы: лясоў, адкрытых ландшафтаў (палёў і лугоў), узбярэжжаў і вадаёмаў, балот, паселішчаў.

Фаўна самых пашыраных у Беларусі хваёвых лясоў, асабліва лішайнікавых і верасовых, аднастайная таму, што ў іх мала корму для жывёл і няма падлеску — укрыцця ад ворагаў. Тут нярэдка селіцца лісіцы, барсукі, лясная рыжая палёўка, звычайная буразубка, вавёрка; на ўзлесках і ў зрэджаных барах трапляюцца заяц-русак, крот. У хвойніках, якія мяжуюць з балотамі, бываюць казуля, лось, зрэдку дзік. У мяшаных хваёвых лясах селіцца рыжая вячэрніца, двухкаляровы кажан, паўночны кажанок. У чарнічных і арляковых барах кормяцца вывадкі глушцоў і цецерукоў, каля вадаёмаў гняздуецца шэрая чапля. Часта трапляюцца ў хваёвых лясах дзятлы, сойка, пішчуха, пеначкі, шэрая мухалоўка. Небагатая ў барах фауна паўзуноў і земнаводных: на высечках, парослых маладымі хвойнікамі, жыве порсткая яшчарка, на ўзлесках і палянах — вераценніца ломкая і жывародная яшчарка, у сырых зацененых мясцінах — вуж і гадзюка звычайная, шэрая рапуха, травяная і вастрамордая жабы. Жывёльны свет яловых лясоў у параўнанні з фаунай хвойнікаў значна багацейшы. У ельніках больш корму, лепшыя мікракліматычныя і ахоўныя ўмовы. Тут трапляюцца крот, буразубкі, часам лясная рыжая палёўка, лясная і жаўтагорлая мышы, ёсць лясная куніца, на ўзвышаных і сухіх месцах — ліс і барсук. Зімой ельнікаў трымаецца заяц-бяляк, мясцін з густым падлескам — лось, дзік, у пошуках корму заходзіць воўк. Багатае птушынае насельніцтва: пашыраны крыжадзюб-яловік, рабчык, чорны дзяцел, вераб’іныя, у маладых ельніках — сойкі, трапляюцца мухалоўкі, сініцы, пеначкі, дразды, берасцянка. Водзяцца жывародная яшчарка, вуж і гадзюка, ломкая, травяная і вастрамордая жабы, часам шэрая рапуха і вераценніца. Багаты жывёльны свет шыракалістых і мяшаных лясоў, дзе спрыяльныя для жывёл умовы — шмат’ярусная расліннасць і вялікая колькасць корму. Тут больш лятучых мышэй, мышападобных грызуноў, соняў. На забалочаных мясцінах, палянах, каля лясных вадаёмаў жывуць казуля, высакародны алень, лось, дзік, тхор, лясная куніца. У лісцевых лясах трапляюцца барсук, воўк, янотападобны сабака, у глухіх кутках на поўначы — зрэдку буры мядзведзь. У Белавежскай пушчы жыве зубр. У алешніках жывуць куніца, гарнастай, ласка, янотападобны сабака, воўк, рысь. Разнастайныя ў шыракалістых і мяшаных лясах птушкі: пеначкі, сініцы, івалга, зелянушка, зязюля, шчыгол, цецярук, канаплянка, салаўі, на поўдні — дубанос, дрозд-рабіннік, дзяраба, чорны дрозд. З драпежнікаў ёсць ястраб-цецяроўнік, ястраб-перапёлачнік, канюк, чорны каршун. Значна больш, чым у іншых тыпах лясоў, земнаводных і паўзуноў.

 
Паштовыя маркі да 600-годдзя запаведнасці Белавежскай пушчы

Спецыфічны жывёльны свет адкрытых ландшафтаў. Тыповы насельнік палёў — заяц-русак. У хмызняках часам жывуць лісіца, гарнастай, ласка, на лугах — крот, з птушак — перапёлка, палявы жаваранак, шэрая курапатка, жоўтая сітаўка, лугавы чакан, драч, мышаловы. На палях кормяцца вераб’і, галубы, шпакі, гракі, вароны. Пашыраны порсткая яшчарка, жабы, рапухі. На балотах са звяроў водзяцца ласка, чорны тхор, на лясных балотах часам лось і казуля. Больш грызуноў — палёўкі, мыш-малютка, шмат земнаводных. З птушак трапляюцца белая курапатка (на поўначы), шэры журавель, балотная сава, цецярук і глушэц.

На ўзбярэжжах вадаёмаў асабліва шмат птушак: кулікі, чайкі, качкі, чаплі, бугаі, у хмызняках — вераб’іныя. З млекакормячых каля вадаёмаў жывуць бабёр, андатра, норкі, выдра, вадзяны пацук. Ёсць земнаводныя. У рэках, азёрах, вадасховішчах пашыраны шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карасі, гусцяра, пячкур, краснапёрка, ялец.

Каля жылля з пазваночных жывёл найбольш птушак: вераб’і, ластаўкі, шпакі, галубы, сарокі, сініцы, вароны. З млекакормячых водзяцца мышы, пацукі, крот. У пабудовах селяцца лятучыя мышы, совы, зрэдку чорны тхор, ласка.

Свойскія жывёлы правіць

Свойскія жывёлы прыручаны чалавекам і разводзяцца ў штучных умовах пераважна для гаспадарчых, а таксама для пазнавальных, навуковых мэт і іншых патрэб. У Беларусі гэта буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі, коні, трусы, куры, качкі, гусі, індыкі, а таксама сабакі і каты. Да ўмоўна адамашненых жывёл адносяць пчол меданосных, акварыумных рыб, некаторых дэкаратыўных птушак (канарэйкі, папугаі). Ад свойскіх жывёл адрозніваюць віды жывёл, працэс прыручэння якіх яшчэ не завершаны (лось, некаторыя віды аленяў, фазан, многія лабараторныя жывёлы — белыя мышы і пацукі, хамякі, марскія свінкі). Большасць свойскіх жывёл — млекакормячыя і птушкі. Прыручалі іх у першую чаргу для атрымання эканамічнай выгады, яны з'яўляюцца асноўнымі аб'ектамі жывёлагадоўлі.

Выкапнёвая фаўна правіць

Жывёльны свет Беларусі, як і інш. рэгіёнаў Зямлі, фарміраваўся ў цеснай сувязі з падзеямі геалагічнага мінулага. Фаўна зменьвалася пад непасрэдным уплываы змен клімату, рэльефу, расліннасці.

У пратэразойскую і ў пачатку палеазойскай эры моры, якія няраз займалі тэрыторыю Беларусі, насялялі прымітыўныя арганізмы. У пародах кембрыйскага перыяду выяўлены рэшткі беззамковых брахіяподаў, чарвей і іншых беспазваночных. Багаты і разнастайны жывёльны свет быў у морах ардовікскага і сілурыйскага перыядаў. Вапнякі і даламіты маюць акамянелыя рэшткі імшанак, брахіяподаў, астракодаў, марскіх лілей, трылабітаў, малюскаў, каралаў, грапталітаў. У морах сілурыйокага перыяду паявіліся характэрныя і для дэвону панцырныя рыбы, рэшткі зубоў, лускі, кавалкі панцыраў якіх часта трапляюдца ў геалагічных адкладах сілуру і дэвону. У асобныя эпохі дэвону інтэнсіўна развіваліоя брахіяподы, астракоды, пелецыподы, каралы. У канцы сілурыйскага і ў дэвонскім перыядах паявіліся першыя земнаводныя і наземныя жывёлы. Адклады каменнавугольнага перыяду (Прыпяцкі прагін) сведчаць аб пашырэнні ў той час марскіх прасцейшых — караняножак, а таксама брахіяпод, каралаў, марскіх лілей, бруханогіх і двухстворкавых малюскаў. У кантынентальных адкладах карбонавага і наступнага — пермскага перыядаў рэшткаў вымерлых наземных жывёл мала.

У мезазойскую эру мора няраз заходзіла на тэрыторыю Беларусі. Жывёльны свет развіваўся бурна. У морах, паветры і на сушы панавалі старажытныя рэптыліі — яшчары (асабліва ў юрскім і мелавым перыядах). З'явіліся першыя дробныя млекакормячыя. У адкладах мораў мезазою шмат рэшткаў галаваногіх малюскаў (аманітаў, белемнітаў), фарамініфер, асабліва многа іх у пакладах белага мелу. На паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе Беларусі трапляюцца вапнякі-ракушачнікі, складзеныя з бітай і абгладжанай ракушы вымерлых марскіх жывёл. У палеагенавым перыядзе кайназойскай эры мора яшчэ некалькі разоў займала поўдзень Беларусі (апошні раз каля 30 млн г. назад), у марскіх намнажаннях палеагену знойдзена шмат фарамініфер. Для наземнай фаўны палеагену характэрны росквіт прымітыўных млекакормячых. У неагена-вым перыядзе паявіліся капытныя, хобатныя. драпежныя і інш. млекакормячыя. Лясы насялялі насарогі, мастадонты, далёкія продкі сучаcных мядзведзяў, куніц, сабак, кошак, свінней і іншых жывёл. У пачатку антрапагену жылі паўднёвыя сланы, коні Стэнана. У адкладах сярэдняга антрапагену знойдзены рэшткі касцей трагантэрыева і хазарскага сланоў, велікарогага аленя, капытнага лемінга і вузкачарапной палёўкі.

У антрапагене пад уплывам пахаладання і зледзяненняў фаўна мянялася. Цеплалюбныя жывёлы выміралі або адступалі на поўдзень. У міжледавіковыя перыяды фаўна папаўнялася прышэльцамі з поўдня. У эпоху бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў фаўну Беларусі папаўнялі холадалюбныя жывёлы. у т.л. продкі характэрных для сучаснай тундры жывёл (аўцабыка, паўночнага аленя, пясца, палярных мышэй, лемінгаў, белай курапаткі, палярнай савы і інш.). Вымерлых паўднёвых сланоў змянілі спачатку трагантэрыеў слон, потым мамант. Жылі шарсцісты насарог, першабытны бык (продак сучаснага зубра), велікарогі алень, дзікі конь, воўк, пячорны і буры мядзведзі.

У час апошняга, паазерскага зледзянення, калі на поўначы праходзіў край ледавіка, жывёльны свет астатняй часткі Беларусі вызначаўся разнастайнасцю. Былі пашыраны тундравыя (паўночны алень, аўцабык, пясец, лемінгі), лясныя (высакародны алень, буры мядзведзь, дзік, расамаха) і стэпавыя (сайга, дзікі конь, суслік, тушканчык і інш.) жывёлы. На азёрах было шмат гусей і качак. Вадаёмы засялялі рыбы, характэрныя для іншых геаграфічных зон (даледавіковая іхтыяфаўна не збераглася). Каля 10 тыс. гадоў назад клімат стаў больш цёплы і вільготны. Тэрыторыя Беларусі вызвалілася ад ледавіка і ўкрылася лясамі. Зніклі лемінгі; жывёльны свет паступова набліжаўся да сучаснага, меў мяшаны характар.

Літаратура правіць

  • Дарафееў А., Конюшка В., Ляшко А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. — Мн., 1981.
  • Жывёльны свет // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. ІІ. Рэспубліка Беларусь. — Мн.: БелЭн, 2004.
  • Жывёльны свет // Геаграфія Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1992. — ISBN 5-85700-056-4
  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1996. — ISBN 985-11-0067-6
  • Каліноўскі П. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». — Мн., 1999.
  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навук. выд-ва ПНВ, 2000. — ISBN 83-01-13187-X
  • Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. — ISBN 5-85700-095-5

Спасылкі правіць