Даўжыня цела 40-48 см, размах крылаў 52-60 см, маса да 260 г. Апярэнне мяккае, кантраснае. Асноўныя колеры намінальнага таксону сарокі — чорны і белы, з металічным, зеленавата-сіняватым бляскам. Галава, шыя, спіна, крылы і хвост чорныя; брушка, грудзі, плечы і плямы на крылах белыя. Хвост доўгі, ступенчаты, звычайна даўжэйшы чым астатняя частка тулава, і абавязкова даўжэйшы чым крылы (складае 1/3 даўжыні цела). Афарбоўка пер’я маладых асабін амаль што не адрозніваецца ад апярэння дарослых птушак, але без бляску, хвост без глянцу і некалькі карацейшы.
Голас: гучнае, хуткае і прарэзлівае «чак-чак, чакерак», або «чр-тртртр». Рэзка стракоча, асабліва пры з’яўленні чалавека ці звера ў месцах існавання.
Арэал разарваны: у Палеарктыцы ад Еўропы да Ціхага акіяна, у Азіі (акрамя поўначы, Аравійскага паўвострава, Індыі, Індакітая); ізаляваная папуляцыя на Камчатцы, паўночным захадзе Афрыкі і захадзе Паўночнай Амерыкі.
Лічыцца, што род Pica бярэ свой пачатак у Старым Свеце, распаўсюдзіўшыся на паўночнаамерыканскім кантэненце ў перыяд позняга плейстацэну, верагодней усяго праз Берынгаў праліў. У Тэхасе былі знойдзены акамянеласці, якія сведчаць аб значна большаму падабенству знаходкі да Pica pica чым да Pica nuttallii, таму магчыма, што Pica pica з’явіўся ў перыяд палеацэна. Некаторыя даследчыкі прытрымліваюцца акрамя таго тэзіса, што паміж звычайнай сарокай і блакітнай сарокай (Cyanopica cyanus) існуе даволі блізкая роднасць.
Сарока насяляе адкрытыя ландшафты з купінамі дрэў і кустоў, ускрайкі дрэвастояў і хмызнякоў сярод палёў і пашаў, маладыя невялікія ляскі на вільготных тэрыторыях з прымессю бярозы і вольхі (часам ускрайкі хваёвых лясоў), а таксама групы дрэў паблізу рачных далін і лугоў. Радзей — ускраіны населеных пунктаў паблізу вільготных тэрыторый.
Селіцца як на раўнінных ландшафтах, так і ў гарыстай мясцовасці. Сустракаецца паўсюль у свеце на арэалах з вышынёй да 2500 метраў. Выключэнне складаюць падвіды Pico pico asirensis, Pico pico bottanensis і Pico pico hemileucoptera. Так, напрыклад, падвід Pico pico bottanensis жыве на вышынях да 4000 метраў, а ў пошуках корму сустракаецца нават да вышыні 5500 метраў.
Месца зімовак у межах гнездавога арэала, зімой вандруе невялікімі чародамі, часта трымаецца населеных пунктаў.
На Беларусі звычайны на гнездаванні і зімуючы від, заходнюю частку насяляе пераважна падвід P. p. pica, тады як P. p. fennorum сустракаецца часцей ва ўсходняй частцы.
Жыве парамі. Усёедная, корміцца насякомымі, яйцамі і птушанятамі дробных птушак, мышападобнымі грызунамі, харчовымі адкідамі і інш. Можа паляваць на куранят. Вельмі асцярожная і кемлівая птушка.
Гняздо ладзіць амаль на верхавінах дрэў бліжэй да ствала альбо ў верхняй частцы высокіх кустоў, ад 1 да 2,2 м над зямлёй (часам на зямлі). Будуюць гняздо абедзве птушкі. Яно шарападобнае, слаістае, знешняя частка выступае па-за гняздо, з тонкіх і гнуткіх галінак (ніжняя частка тоўстая, краі і дах — тонкія), адтуліна з боку гнязда; потым ідзе слой зямлі, змяшанай з карэньчыкамі і травой (толькі ў ніжняй частцы паўшар’я); высцілка з травы і карэньчыкаў (часам з прымессю шэрсці, валосся і пёраў).
Яйкі (5-7, часам 3-10) звычайна з рознымі канцамі і завостраным вузейшым. Зеленавата-блакітныя або аліўкава-карычневыя (зменлівыя нават у адной і той жа кладцы). Глыбокія плямы шэрыя альбо шэра-папялістыя, паверхневыя большыя і больш густыя) — карычнева-аліўкавыя. Звычайныя памеры: 33 х 24 мм.
Наседжвае толькі самка, з адкладкі першага яйца 17-18 сутак. У першыя дні пасля з’яўлення птушанят корм ім прыносіць толькі самец. Лётныя птушаняты (праз 22-27 сутак) спачатку трымаюцца вывадкам. Узятыя з гнязда добра прыручаюцца.
Старыя гнёзды сарокі часта выкарыстоўваюць совы, вавёркі і інш.
- Pica pica pica: Намінальная форма — Брытанскія астравы, паўднёвы захад Францыі, поўдзень Скандынавіі, Паўночная і Цэнтральная Еўропа (да р. Буг);
- Pica pica galliae вызначаецца больш цёмнай ніжняй часткай спіны і некалькі шыршым пер’ем нясучай паверхні крылаў у параўнанні з падвідам Pica pica germanica і скандынаўскімі сарокамі. Падвід распаўсюджаны на паўднёвым захадзе Еўропы (усход Францыі, Бельгія, Рэйнланд-Пфальц у Германіі).
- Pica pica fennorum — поўнач Скандынавіі, Расія (да Волгі і Каўказа).
- Pica pica bactriana — Цэнтральная Расія (на ўсходз і поўдзень ад Волгі).
- Pica pica hemileucoptera — Цэнтральная Расія (да Заходняй і Паўднёвай Сібіры) і Паўднёва-Заходняя Азія.
- Pica pica melanotos — Пірэнейскі паўвостраў.
- Pica pica bottanensis самы вялікі падвід сарок з самым кароткім хвастом і чорнай ніжняй часткай спіны. Распаўсюджаны ў Бутане, Сікіме і ва ўсходніх рэгіёнах Тыбету.
Акрамя таго выдзяляецца яшчэ 5 падвідаў.
У германскай міфалогіі сарока лічылася пасланніцай багоў і птушкай багіні тагасветнага жыцця Хель, за што за сарокай замацавалася «слава» весніцы бяды і няшчасця. У сярэднявечнай Еўропе птушка мела рэпутацыю вядзьмярскай жывёлы і бадзягі са злодзейскім норавам. У азіяцкіх народаў сарока, наадварот, традыцыйна лічыцца веснікам шчасця, а паўночнаамерыканскія індзейцы ставіліся да птушкі як да прыязнай чалавеку істоты духа.