Марфалогія цела трылабітаў цалкам адпавядае арганізацыі тыпу членістаногіх, аднак у іх ёсць рысы падабенства з тыпам кольчатых чарвякоў (у прыватнасці, іх тулава складалася з мноства гаманомных сегментаў). Будова цела трылабітаў нясе сведчанні прыстасаванасці да прыдоннага ладу жыцця: магутны панцыр, пляскатасць, складаныя вочы на верхнім боку цела, размяшчэнне рота і ног на брушным боку цела.
Даўжыня цела трылабітаў даходзіла да 90 см. Цела складалася з суцэльнай галавы і сегментаванага тулава. Канечнасці трылабітаў мультыфункцыянальныя, гэта значыць выконвалі адразу некалькі функцый — рухальную, дыхальную і жавальную.
Паводле адной з версій, продкам трылабітаў была спрыгіна — арганізм позняга пратэразоя даўжынёй каля 3 см.
Развіццё трылабітаў адбывалася з метамарфоза. Захаваліся іх выкапнёвыя яйкі і лічынкі. Захаваліся сведчанні таго, што трылабіты лінялі, прычым пасля кожнай лінькі іх тулава павялічвалася на некалькі сегментаў.
Сярод трылабітаў некаторыя групы сілкаваліся глеем, іншыя дробнымі бесхрыбтовымі, а некаторыя — планктонам. Многія трылабіты, верагодна, былі драпежнікамі, нягледзячы на адсутнасць сківіц. Для драбнення ежы ім служылі перайначаныя прыдаткі на пачатках канечнасцяў (гнатабазы). Сустракаліся свабоднаплаўныя, паўзуновыя, а таксама рыйныя жывёлы.