Пій Тышкевіч (1756, г. Вільня, Віленскае ваяводства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая6 чэрвеня 1858, мястэчка Лагойск, Барысаўскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя) — буйны землеўласнік, барысаўскі павятовы маршалак (18141820), ганаровы член (1856) Віленскай археалагічнай камісіі.

Пій Тышкевіч
польск.: Pius Tyszkiewicz
Пій Тышкевіч
Пій Тышкевіч
Герб «Ляліва»
Герб «Ляліва»
Барысаўскі павятовы маршалак
1814 — 1820
Папярэднік Міхал Антонавіч Зяновіч
Пераемнік Юзаф Цюндзявіцкі
Нараджэнне 1756
Смерць 6 чэрвеня 1858(1858-06-06)
Род Тышкевічы
Бацька граф Феліцыян Тышкевіч (1719—1792)
Маці шляхцянка Масецкая
Жонка 1) графіня Людвіка Серакоўская (пам. у 1801 г.);
2) графіня Аўгуста Марыя Плятэр (1782—1834)
Дзеці ад Аўгусты Плятэр: 1) Канстанцін, 2) Фларыян, 3) Яўстах, 4) Цэліна
Веравызнанне каталік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям'я

правіць
 
Граф Пій Тышкевіч. Мастак М. Казакевіч, 1847 г.

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Тышкевічаў гербу «Ляліва», прадстаўнікі якога ў XVI—XVIII стст. адносіліся да праслойкі магнатаў Рэчы Паспалітай. Належаў да лагойскай лініі роду Тышкевічаў і насіў тытул графа на Лагойску і Бярдычаве.

Пій Тышкевіч нарадзіўся ў сям'і генерал-маёра войск ВКЛ графа Феліцыяна Міхалавіча Тышкевіча (1719—1792) ад яго першай жонкі шляхцянкі Масецкай. Пій меў брата Дамініка Тышкевіча і тры сястры — Гелену, Ганну і Анэлю.

Першая жонка Пія — графіня Людвіка Серакоўская — цяжка хварэла і памерла ў маладым веку ў 1801 г. Другі раз Пій пабраўся шлюбам з графіняй Аўгустай Марыяй Плятэр (1782—1834), ад якой меў трох сыноў: Канстанціна, Фларыяна (памер у 1831 г.) і Яўстаха, а таксама дачку Цэліну.

Аўгуста Марыя Плятэр (1782—1834) нарадзілася ў сям'і прадстаўніка рэгіянальнай эліты Інфлянцкага ваяводства графа Аўгуста-Гіяцынта Канстанцінавіча-Людвікавіча Плятэра (1745—1803), дынабургскага павятовага маршалка (1779—1780), браслаўскага маршалка Таргавіцкай канфедэрацыі, і Ганны Станіславаўны Ржавускай (1761—1800), якая была дачкой Станіслава-Фердынанда Вацлававіча Ржавускага (1737—1786) і яго жонкі князёўны Кацярыны-Караліны Радзівіл (1740—1789), сястры вядомага нясвіжскага ардыната князя Караля-Станіслава Радзівіла «Пане Каханку». Гэта парадніла ўжо адносна бяднеючую магнацкую галіну лагойскіх Тышкевічаў з самымі ўплывовымі сем'ямі ВКЛ другой паловы XVIII ст. — князямі Радзівіламі, князямі Агінскімі, графамі Плятэрамі.

Адукацыя

правіць

Атрымаў добрае хатняе выхаванне, навучаўся ў Мінску[1].

Маёнтак

правіць

Пій валодаў па спадчыне буйным маёнткам Лагойск (Лагойск, Антанопаль, Косін, Камень і інш.) у Барысаўскім павеце Мінскай губерні, дзе ў 1805 г. налічвалася 1 390 рэвізскіх душ, у 1814 г. — 1 455, у 1836 г. — 1 320.

Пасля выдзялення значнай часткі маёнтка сваім дарослым сынам — Канстанціну і Яўстаху, — Пій Феліцыянавіч Тышкевіч у 1841 г. меў за сабой паводле рэвізіі 120 душ у маёнтку Слабодка ў Барысаўскім павеце, а ў 1853 — 392 душы.

Гаспадарчая дзейнасць і дваранская служба

правіць
 
Новы палац у Лагойску ў стылі ампір, пабудаваны графам Піем Тышкевічам. Малюнак Напалеона Орды, 1870-ыя гг.

Прысвяціў сябе гаспадарчай дзейнасці, умацаванню эканамічнай рэнтабельнасці Лагойскага графства. У 1815 г. збудаваў у Лагойску новы палац у стылі ампір.

У 1814 г. і 1817 г. выбіраўся дваранамі Барысаўскага павета Мінскай губерні на пасаду барысаўскага павятовага маршалка на трохгоддзе.

Культурная дзейнасць

правіць

Працягваў пісаць хроніку роду, вёў прыватны дзённік[2]. Спраўна вёў архіў графства[2].

Шмат рабіў дзеля памнажэння культурнай спадчыны роду, збіраў як мясцовыя, так і замежныя старажытнасці: латы, шчыты, кальчугі, мячы, дзіды, манеты, медалі, рукапісы, карты і г.д. Папоўніў прыватны музей, у тым ліку, калекцыяй этрускіх ваз, рэдкіх знаходак са старажытнарымскіх гарадоў Пампеі і Геркуланум[3]. Істотна папоўніў мастацкую галерэю і бібліятэку Тышкевічаў.

Быў адораны музычна, арганізоўваў камерныя канцэрты ў маёнтку. Іграў на скрыпцы і папулярнай у тыя часы нямецкай файцы. Умеў апрацоўваць разцом па-мастацку дрэва і рабіць творы мастацтва з яго: скульптуркі жывёл, рамы для карцін, інкрустацыя столікаў і г.д.

Дапамагаў сваім сынам пры археалагічных раскопках[4]. У 100-гадовым узросце быў у 1856 г. абраны ганаровым членам Віленскай археалагічнай камісіі[4].

Смерць

правіць

Памёр 6 чэрвеня 1858 г. у палацы ў Лагойску ў вельмі сталым узросце, маючы 102 гады.

Зноскі

  1. Генадзь Каханоўскі, Аляксандр Каханоўскі. Руплівец нашай старасветчыны. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991.
  2. а б Каханоўскі, Г. А. Руплівец нашай старасветчыны : Яўстах Тышкевіч... С. 9.
  3. Каханоўскі, Г. А. Руплівец нашай старасветчыны : Яўстах Тышкевіч... С. 10.
  4. а б Каханоўскі, Г. А. Руплівец нашай старасветчыны : Яўстах Тышкевіч... С. 11.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць