Савецка-японская вайна

(Пасля перасылкі з Савецка-японская вайна 1945)

Савецка-японская вайна — ваенныя дзеянні з 9 жніўня па 2 верасня 1945 года савецкіх войск па разгроме японскіх войск на Далёкім Усходзе. Вайна — працяг Вялікай Айчыннай вайны, частка Другой сусветнай вайны.

Савецка-японская вайна
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна
Савецкія і амерыканскія маракі святкуюць капітуляцыю Японіі (Аляска, ЗША)
Савецкія і амерыканскія маракі святкуюць капітуляцыю Японіі (Аляска, ЗША)
Дата 9 жніўня2 верасня 1945
Месца Маньчжурыя, Сахалін, Курыльскія астравы, Карэя
Вынік Перамога СССР
Змены Японская імперыя капітулявала. СССР анексіраваў у Японіі тэрыторыі, у т.л. тыя, якія былі згублены Расіяй у выніку Руска-японскай вайны. Дзяржавы Маньчжоу-го і Мэнцзян спынілі сваё існаванне.
Праціўнікі
Сцяг СССР СССР
Манголія МНР
Сцяг Японскай імперыі Японская імперыя
Маньчжоу-го

Мэнцзян

Камандуючыя
Сцяг СССР А. Васілеўскі
Манголія Х. Чайбалсан
Сцяг Японскай імперыі Ацудза Ямада Здаўся
Пу І Здаўся
Н. Дэмчыгдонраў Здаўся
Сілы бакоў
1 577 225 салдат
26 137 артгармат
1852 САУ
3704 танкі
5368 самалётаў
Сцяг Японскай імперыі 713 000 салдат[1]
170 000 салдат
44 000 салдат
усяго 1 217 000[1]
6700 гармат
1000 танкаў
1800 самалётаў
Страты
12 031 беззваротныя
24 425 санітарныя
78 танкаў і САУ
232 гармат і мінамётаў
62 самалёта[2]
84 000 забіта
594 000 узята ў палон[1][3]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Войскі СССР разам з войскамі Мангольскай Народнай Рэспублікі атакавалі ворага па ўсёй граніцы з Маньчжурыяй і ўзбярэжжы Паўночнай Карэі, расчлянілі Квантунскую армію і прымусілі яе да капітуляцыі.

2 верасня 1945 года Японія падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі. Другая сусветная вайна скончылася.

У Савецкім Саюзе дзень 3 верасня стаў Днём Перамогі над Японіяй. 4 верасня Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб скасаванні Дзяржаўнага Камітэта Абароны і перадачы ўсіх яго спраў Савету Народных Камісараў СССР.

За баявыя подзвігі ў савецка-японскай вайне вышэйшае званне Героя Савецкага Саюза прысвоена беларусам М. У. Барташову, Г. С. Здановічу, В. А. Кату, М. А. Ласкунову, Ц. А. Пачтарову.

Перадгісторыя

правіць

Да пачатку вайны паміж бакамі дзейнічала дамова пра нейтралітэт ад 13 красавіка 1941 года. Японія пасля нападу Германіі на СССР неаднаразова прадпрымала дзеянні, якія парушалі гэтую дамову (парушэнні граніцы, перашкоды суднаходству). Японскі генеральны штаб забяспечваў гітлераўскае камандаванне сакрэтнай інфармацыяй аб колькасці і дыслакацыі часцей і рэзерваў Чырвонай Арміі, аб яе ўзбраенні, аб эканамічным стане Савецкага Саюза, яго ваеннай вытворчасці і г.д. Але галоўнае — Японія сканцэнтравала на граніцы з СССР вялікую групіроўку войск, што вымушала савецкае кіраўніцтва трымаць на Далёкім Усходзе істотныя вайсковыя сілы (да 59 дывізій), жыццёва неабходныя на еўрапейскіх франтах.

У адпаведнасці са сваімі саюзніцкімі абавязацельствамі, пацверджанымі на Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945, СССР 5 красавіка 1945 года дэнансаваў дамову пра нейтралітэт (якая страціла сэнс, паколькі Японія дапамагала Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза і сама ваявала супраць саюзнікаў СССР — ЗША і Вялікабрытаніі) і 8 жніўня 1945 года абвясціў вайну Японіі.

Падрыхтоўка

правіць

Баявыя дзеянні

правіць

8 жніўня 1945 СССР абвясціў вайну Японіі. На наступны дзень пачаліся баі на савецка-японскай мяжы.

Баі за Маньчжурыю і Карэю

правіць

На досвітку 9 жніўня 1945 года перадавыя выведвальныя атрады трох савецкіх франтоў пачалі наступ. Адначасова авіяцыя нанесла масіраваныя ўдары па ваенных аб’ектах у Харбіне, Сіньцзіне і Цзіліне, па раёнах засяроджвання войскаў, вузлах сувязі і камунікацыях праціўніка ў памежнай зоне. Ціхаакіянскі флот перарэзаў камунікацыі, якія злучалі Карэю і Маньчжурыю з Японіяй, і нанёс ўдары па японскіх ваенна-марскіх базах у паўночнай Карэі — Юкі, Расіна і Сэйсіну.

16 жніўня пасля жорсткіх баёў, якія вялі з праціўнікам часткі 1-й Чырванасцяжнай і 5-й армій, быў узяты горад Муданьцзян.

19 жніўня японскія войскі амаль паўсюдна сталі здавацца ў палон, у той жа час у Мукдэне савецкія войскі ўзялі ў палон імператара Маньчжоу-Го Пу І. Да 20 жніўня савецкія войскі выйшлі на маньчжурскую раўніну. З 18 па 27 жніўня былі высаджаны паветраныя дэсанты ў Харбіне, Фэнцяне, Сіньцзіне, Цзілінь, Рэдзюне, Дайрэне, Хэйдзё і іншых гарадах, а таксама выкарыстаныя рухомыя перадавыя атрады.

Асноўныя баявыя дзеянні на кантыненце вяліся 12 дзён, па 20 жніўня. Аднак асобныя сутыкненні працягваліся аж да 10 верасня — дня, які стаў днём поўнай капітуляцыі і палону Квантунскай арміі.

Баі за Паўднёвы Сахалін

правіць

11 жніўня чырвонаармейцы пачалі ваенную аперацыю ў Паўднёвым Сахаліне.

Да вечара 12 жніўня 165-ы стралковы полк падышоў да пярэдняга краю галоўнай паласы Харамітогскага ўмацаванага раёна і разам з байцамі 157-га стралковага палка, якія рухаліся ў другім эшалоне дывізіі, пачаў штурм.

Тым часам да раніцы 13 жніўня да чыгуначнай станцыі Катон выйшла рота старэйшага лейтэнанта Дорахава з батальёна Смірных. На досвітку японцы распачалі вылазку, папярэдне адкрыўшы моцны мінамётны і кулямётны агонь. Савецкія салдаты адказалі доўгімі кулямётнымі чэргамі. Дорахаў падняў салдат у атаку. Амаль адначасова атаку на процілеглы бок станцыі пачаў капітан Смірных з асноўнымі сіламі батальёна. Захапіўшы дарогу, ён выставіў заслон і загадаў байцам прарывацца да вакзала, куды кожную хвіліну маглі падысці рэзервы ворага. Аднак, сустрэўшы разлютаваны супраціў, батальён панёс першыя страты ў дадзенай аперацыі.

Бой за горад і станцыю ішоў трое сутак. Актыўныя дзеянні батальёна Смірных вырашылі зыход сутычкі. Да вечара 15 жніўня полк цалкам авалодаў Катонам. 16 жніўня капітан Смірных загінуў. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На Сахаліне яго імем названы два населеныя пункты (Леанідава і Смірных) і гарадская акруга.

На досвітку 16 жніўня пасля гадзіннай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі савецкія войскі пачалі штурм галоўнай паласы японскай абароны адначасова з фронту і тылу. Да зыходу 17 жніўня яны раздзялілі войскі праціўніка на асобныя групы. Да вечара наступнага дня, пасля авалодання асноўным перавалам Харамі-Тогэ, з умацаваным раёнам было скончана. Рэшткі японскага гарнізона капітулявалі.

У гэтых баях высокую баявую вывучку і адвагу паказалі артылерысты батарэі, якой камандаваў старэйшы лейтэнант П. Н. Сідараў. Дзейнічаючы ў баявых парадках пяхоты, артылерысты прамым навядзеннем знішчалі агнявыя кропкі, адбівалі контратакі праціўніка. Толькі за 16 жніўня батарэя знішчыла да роты пяхоты, 6 назіральных пунктаў і падавіла 4 доты.

25 жніўня японскі супраціў быў зламаны.

Курыльская аперацыя

правіць

18 жніўня была распачатая Курыльская дэсантная аперацыя, падчас якой савецкія войскі занялі Курыльскія астравы.

Усяго на Курыльскіх астравах было раззброена і ўзята ў палон 50 442 японскіх салдат і афіцэраў, у іх ліку 4 генералы (яшчэ каля 10000 чалавек японскае камандаванне паспела эвакуіраваць ў Японію), захоплена звыш 300 гармат і мінамётаў, каля 1000 кулямётаў, 217 аўтамашын і цягачоў.

Першапачаткова запланаваная высадка на Хакайда пасля ўзяцця Курыл была адменена па асабістым указанні І. В. Сталіна.

Вынікі

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б в "August Storm: The Soviet 1945 Strategic Offensive in Manchuria. Leavenworth Papers №7. by LTC David. M. Glantz" (англ.)(недаступная спасылка). Combat Studies Institute, fort Leavenworth, Kansas, 1983. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 15 чэрвеня 2010.
  2. Расія і СССР у войнах XX стагоддзя. Страты ўзброеных сіл. Архівавана 5 кастрычніка 2007.
  3. Страты складаюцца са страт войскаў Манчжоу-Го, якія склалі вялікі працэнт у некаторых раёнах (Тучуань, Чыямісу, Салон). Страты таксама складаюцца з невядомай колькасці японскіх рэзервістаў і грамадзянскіх, якія ваявалі разам з ваеннымі гарнізонамі. Не ўлічаны японскія войскі, якія працягвалі ваяваць доўгі час пасля фармальнай капітуляцыі Японіі. (Д. Гланц)

Спасылкі

правіць