Саюз палякаў на Беларусі
Саюз палякаў на Беларусі (СПБ, польск.: Związek Polaków na Białorusi) — нацыянальна-культурнае аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі[1]. Галоўная сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў Мінску.
Саюз палякаў на Беларусі | |
---|---|
Тып | грамадскае аб’яднанне |
Год заснавання | 1988 |
Размяшчэнне | |
Вэб-сайт | glosznadniemna.pl |
Гісторыя
правіцьАрганізацыя створана ў 1986 годзе; яна бярэ пачатак ад Польскага культурна-асветніцкага таварыства імя А. Міцкевіча на Гродзеншчыне а таксама ад Польскага культурна-асветніцкага таварыства «Polonia» ў Мінску. Галоўныя задачы таварыства — падтрымка польскай школьнай справы, польскай культуры і традыцый i выданне друкаванай прадукцыі на польскай мове. У найлепшыя часы свайго існавання Саюз палякаў быў самай вялікай грамадскай арганізацыяй у краіне[2]. У 1999 годзе ў СПБ было больш за 30 тыс. членаў.
Пасля таго, як скончыўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні Тадэвуша Кручкоўскага на VI з’ездзе СПБ у сакавіку 2005 на пасаду кіраўніка Саюза была абрана Анжаліка Борыс. Аднак гэта не спадабалася беларускім уладам, якія палічылі, што падчас работы з’езда былі дапушчаны пэўныя парушэнні. Таму вынікі з’езда не былі імі прызнаныя. 27 жніўня 2005 года ў Ваўкавыску быў арганізаваны новы з’езд і праведзены чарговыя выбары. Дэлегаты выбралі новага старшыню — Іосіфа Лучніка. Улады Рэспублікі Беларусь вынікі работы з’езда прызналі. У сваю чаргу ўлады Польскай Рэспублікі — прэзідэнт і ўрад выказаліся, што будуць падтрымліваць толькі арганізацыю Анжалікі Борыс. У 2009 годзе Іосіфа Лучніка на пасадзе старшыні СПБ змяніў Станіслаў Сямашка.
Ад гэтага часу беларускія палякі належаць да двух арганізацый. Дзеячы арганізацыі Анжалікі Борыс не згаджаюцца з рашэннем беларускіх улад і працягваюць дзейнасць, перманентна сутыкаючыся з рэпрэсіямі беларускіх улад. Рэпрэсіі выкарыстоўваюцца гэтаксама ў адносінах да журналістаў, якія выдаюць і распаўсюджваюць польскую газету — «Глос знад Немна».
З іншага боку, рэпрэсіі — забарона наведваць Польшчу і ліквідацыя фінансавання — выкарыстоўваюцца і супраць дзеячаў СПБ Лучніка. Але польскі бок не прызнае, што такія дзеянні маюць месца.
Адначасова на Беларусі выдаецца газета «Глос знад Немна», якая прызнаецца і фінансуецца беларускімі ўладамі. Падпісацца на гэту газету можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі.
У 2012—2016 гадах непрызнаны беларускімі ўладамі СПБ узначальваў Мечыслаў Яскевіч. Калі на пасадзе яго змяніла Анжаліка Борыс, адбыўся скандал, і Яскевіч вырашыў стварыць уласную арганізацыю[3].
Арганізацыя на чале з Анжалікай Борыс карыстаецца падтрымкай Польшчы, якая фінансавала пабудову «Дамоў Польскіх» і выхад польскамоўнай прэсы. Аднак яе дзейнасць сутыкаецца з перашкодамі. Так, тры розныя ўласнікі адмаўлялі ў арэндзе памяшкання для святочнага канцэрта ў Мінску з нагоды стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы, арганізаванага ў лістападзе 2018 года мясцовым аддзяленнем непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Як растлумачыла кіраўніца мінскага аддзялення Саюза палякаў Алена Марчукевіч, у дзвюх залах было адмоўлена нават у выходныя дні. Каля 200 членаў СПБ сабраліся перад трэцім памяшканнем, але і там сутыкнуліся з адмовай. У апошні момант удзельнікі пераехалі на чацвёртае месца, але праз паўгадзіны адміністратар запатрабаваў скончыць мерапрыемства[4][5].
25 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што распачала крымінальную справу ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага Саюза палякаў Анжалікі Борыс і іншых асоб па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (распальванне варожасці). Борыс і іншых абвінавачваюць у правядзенні масавых мерапрыемстваў, падчас якіх нібыта ўшаноўваліся ўдзельнікі антысавецкіх бандфармаванняў, а іх дзеянні нібыта пераследвалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа. Як было сказана ў паведамленні: «Названыя грамадзяне, пазіцыянуючы сябе членамі вышэйпаказанага саюза, з 2018 года па цяперашні час на тэрыторыі горада Гродна і іншых населеных пунктаў вобласці з прыцягненнем непаўналетніх арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай, якія здзяйснялі рабаванні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэнне маёмасці. Іх дзеянні пераследвалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа»[6][7]. Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 года выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе і абавязак з’яўляцца на допыты. У 2023 годзе абвінавачанні супраць яе знялі[8][9]. Іншага затрыманага ў 2021 годзе, журналіста Андрэя Пачобута, у лютым 2023 года прыгаварылі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму[10].
30 снежня 2021 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам сайт Саюза палякаў[11]. Вясной 2024 года КДБ абвясціў сайт, які на той час ужо перастаў быць парталам Саюзу палякаў Беларусі, «экстрэмісцкім фарміраваннем»[12][13].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14). С. 232
- ↑ http://www.polacy.by/content/view/208/27/(недаступная спасылка)
- ↑ «Гэта стары раскол». У Беларусі зьявілася яшчэ адна польская арганізацыя (бел. (тар.)). Беларуская служба Радыё «Свабода» (27 чэрвеня 2019). Праверана 29 красавіка 2024.
- ↑ W Mińsku przerwano koncert z okazji 100-lecia Niepodległości Polski (польск.). znadniemna.pl (21 лістапада 2018). Праверана 21 лістапада 2018.
- ↑ У Мінску не далі скончыць канцэрт, арганізаваны непрызнаваным Саюзам палякаў . Наша Ніва (20 лістапада 2018). Праверана 29 красавіка 2024.
- ↑ t.me/prokuraturabelarus
- ↑ Генпракуратура завяла крымінальную справу на групу беларускіх палякаў за «распальванне варожасці і апраўданне генацыду» . Наша Ніва (25 сакавіка 2021). Праверана 29 красавіка 2024.
- ↑ Анжаліка Борыс застаецца ў Горадні. Што цяпер зь фігурантамі «польскай справы» (бел. (тар.)). Новы Час (23 жніўня 2022). Праверана 17 красавіка 2023.
- ↑ Анжаліка Борыс: «Сяброўства і салідарнасць — гэтыя каштоўнасці па-за часам і важныя» . Новы Час (12 красавіка 2023). Праверана 17 красавіка 2023.
- ↑ Польшча — Беларусі: Вызваліце Пачобута — адкрыем пераход «Баброўнікі» . Новы Час (23 сакавіка 2023). Праверана 28 красавіка 2023.
- ↑ У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» партал Саюза палякаў . Новы Час (4 студзеня 2022). Праверана 28 красавіка 2023.
- ↑ Сайт Саюза палякаў Беларусі і мінскі раённы чат прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» . Наша Ніва (1 красавіка 2024). Праверана 29 красавіка 2024.
- ↑ Сайт польскай меншасці ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» . Беларуская служба Польскага радыё (2 красавіка 2024).
Літаратура
правіць- Валахановіч А. Саюз палякаў на Беларусі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Саюз палякаў на Беларусі
- http://znadniemna.pl — старонка прыхільнікаў Анжалікі Борыс.
- http://www.polacy.by/component/option,com_frontpage/Itemid,1/ Архівавана 6 чэрвеня 2009. — старонка прыхільнікаў Юзафа Лучніка.