Свята-Георгіеўская царква (Вялікія Лукі)
Свята-Георгіеўская царква — храм, які знаходзіцца ў цэнтры вёскі Вялікія Лукі Баранавіцкага раёна.
Праваслаўны храм | |
Свята-Георгіеўская царква | |
---|---|
53°00′15,33″ пн. ш. 26°02′51,65″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Вялікія Лукі |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Пінская і Лунінецкая епархія |
Будаўніцтва | 1923—1926 гады |
Гісторыя
правіцьПершае апісанне драўлянай царквы ў вёсцы Лукі сустракаецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Святаром прыходу быў Якаў Радзевіч. Прыход аб'ядноўваў 540 прыхаджан.
Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Лукі мелася Свята-Георгіеўская, чацвёртага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1779 годзе рымска-каталіцкім біскупам Касакоўскім. Пры царкве было 2366 прыхаджан.
У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Георгіеўская царква, пабудаваная ў 1770 годзе на сродкі рымска-каталіцкага біскупа Касакоўскага. Царква была вырашана падоўжаным прамавугольнікам з адным глухім цыбулепадобным купалам у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў адзін рад, дзвярэй двое. Унутры царква мела драўляную падлогу, столь падшыта дошкамі. Новы іканастас з калонамі быў пафарбаваны ў белы колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разбою, складаўся з 14 абразоў размешчаных у два рады. На звоніцы, пабудаванай асобна ад царквы, было пяць званоў вагою ў 20, 5, 2, 1 і 1/2 пуда.
Настаяцелем храма быў Сілуян Кахановіч, рукапаложаны ў 1865 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.
У склад прыходу ўваходзілі вёскі Вялікія Лукі, Малыя Лукі, Волька, Малое Гарадзішча, Рагізніца, Багушы, Млынок, Валахва, Русіны, Грабавец.
Памятныя кніжкі Мінскай губерніі згадваюць прозвішча святара Свята-Георгіеўскай царквы вёскі Вялікія Лукі Сілуяна Кахановіча да 1914 года ўключна.
Архітэктура
правіцьПабудавана ў 1923—1926 гг. з дрэва на месцы драўлянага храма другой палавіны 19 стагоддзя, у пачатку 21 стагоддзя абкладзена сілікатнай цэглай.
Вырашана прамавугольным у плане аб'ёмам пад вальмавым крыжовым дахам, завершаным па цэнтры 4-гранным шатровым светлавым барабанам. Да фасада далучаны прамавугольны прытвор, да алтарнай сцяны — прамавугольная апсіда з бакавой рызніцай. Сцены расчлянёны вялікімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, умацаваны вуглавымі і прасценачнымі лапаткамі.
Літаратура
правіць- Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — 103 с.
- «Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 128.
- Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
- Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
- Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.
Спасылкі
правіць- Свята-Георгіеўская царква (Вялікія Лукі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Георгіеўская царква (Вялікія Лукі) на сайце Radzima.org