Свята-Пакроўская царква (Паручын)

Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в. Паручын Баранавіцкага раёна.

Праваслаўны храм
Свята-Пакроўская царква
53°21′44,11″ пн. ш. 26°00′34,96″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Паручын
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Пінская і Лунінецкая епархія
Дата пабудовы 1783 год
Map

Царква ў знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі, на могілках. Помнік народнага дойлідства мяжы 18 — 19 стагоддзяў з дрэва.

Гісторыя

правіць

Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў сяле Паручын знаходзілася Свята-Пакроўская, шостага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1783 годзе каталіцкім слонімскім свяшчэннікам Якавам Кабылінскім.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года — царква ў сяле Паручын драўляная, пабудаваная ў 1783 годзе на каменным падмурку. У плане вырашана падоўжаным крыжам, завершана адным глухім купалам над гонтавым дахам. Інтэр’ер храма асвечаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, мае адзін уваход. Столь падшыта дошкамі, сцены пабеленыя, пол у алтарнай частцы зроблены з дошак, у царкве — з цэглы. Іканастас быў пафарбаваны ў перламутравы колер, складаўся з 9 абразоў, размешчаных у 1 рад. На званіцы было тры званы. У сяле Ясенец знаходзілася прыпісная Свята-Мікалаеўская царква, з мясцовашанаваным абразам Божай Маці.

Настаяцелем храма быў свяшчэннік Сафроній Гаховіч, рукапаложаны ў 1844 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве школы.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Пакроўскай царквы вёскі Паручын: Іосіф Квяткоўскі (1889—1902), Сяргей Радакоўскі (1905—1908), Пётр Тамашэўскі (1910—1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Мікулічы, Трасейкі, Паручын, Крывое, Боўцічы, Душкаўцы, Канюшоўшчына, Мастытычы, Раманы, Саланікі, Ціневічы, Насейкі, Белы Луг, Ясянец, Пруды, Кутаўшчына, Калцявы, Грачыхі, Елізараўшчына, Быткоўшчына, Гарбатовічы, Кіневічы, Скробава.

Архітэктура

правіць

Адназрубны будынак пад двухсхільным дахам з прытворам і пяціграннай апсідай, па баках якой дзве рызніцы. Фасад вырашаны плоскім прамавугольным у плане двух'ярусным прытворам-званіцай, завершаным макаўкай. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Інтэр'ер

правіць

У інтэр’еры апсіда вылучана іканастасам. Над уваходам галерэя хораў на двух слупах. Сцены расчлянёны брусамі-сцяжкамі. Абраз «Маці Божая з дзіцем» (канец 18 ст.), Евангелле 18 ст. Перад храмам пастаўлена чатырохслупавая званіца пад двухсхільным пакрыццём.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — стар. 314.
  • Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.
  • Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

Спасылкі

правіць