Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Лыскава)

Царква́ Раства́ Багародзіцы — праваслаўная царква ў Лыскаве Брэсцкай вобласці, збудаваная ў 1933 годзе. Помнік народнага дойлідства ў «закапанскім» стылі.

Праваслаўная царква
Царква Раства Багародзіцы
Царква Нараджэньня Божай Маці (Лыскава). Агульны выгляд..JPG
52°51′13″ пн. ш. 24°36′55″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Лыскава
Канфесія праваслаўе
Епархія Брэсцкая і Кобрынская епархія
Тып будынка царква
Архітэктурны стыль «закапанскі»
Дата заснавання 1933
Будаўніцтва 19301933 гады
Статус ахоўваецца дзяржавай
Матэрыял драўніна
Стан дзейная

ГісторыяПравіць

 
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, разабраная расійскімі ўладамі ў 18921893

Пад 1859 годам згадваецца лыскаўская праваслаўная царква, збудаваная ў 1725 годзе. У 1892—1893 гадах яна была разабрана з прычыны састарэласці і адсутнасці сродкаў для рамонту, а царкоўны рыштунак перанесены ў былы рыма-каталіцкі касцёл, які ў 1880 годзе выгарэў пасля ўдару маланкі. Гэты касцёл быў адноўлены ў 80-я, аднак ужо як праваслаўная царква. 11 снежня 1886 года яна была асвечана ў імя Раства Найсвяцейшай Багародзіцы.

Падчас Першай сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі царкву спярша як шпіталь, а пасля — як склад збожжа. У 1921, пры паляках, царква была разабрана. Да 1933 года богаслужэнні праводзіліся ў капліцы на могілках.

У 1925 годзе ў Лыскаў быў прызначаны новы праваслаўны святар Пётр Радкевіч, які дабіўся ад ўлад дазволу на пабудову новай царквы на старым месцы. Узвядзенне адбывалася ў 1930—1933 гадах праваслаўнымі жыхарамі паводле праекта Станіслава Пятроўскага з Беластока. Пабудова каштавала 40 тысяч злотых, стыль характарызуецца як «закапанскі»[1] або «бяшчадcкі»[2][3].

8 кастрычніка 1933 года царква была асвечана архіепіскапам Гродзенскім і Навагрудскім Алексіем (Грамадcкім). На цырымоніі прысутнічалі намеснік ваўкавыскага старосты, уладальнік маёнтка Адамкова Быхавец, мясцовыя грамадcкія дзеячы. Іканастас быў узяты са старога каменнага храма, разабранага ў 1921 годзе палякамі.

АрхітэктураПравіць

Царква — помнік народнага драўлянага дойлідства, пабудаваная пад уплывам храмавай архітэктуры Закарпацця і стылю мадэрн.

Даўжыня будынка — 21 метр, шырыня — 12 м, вышыня — 22 м. Царква пабудавана з сасновага брусу.

Кампазіцыя крыжова-купальная. На захадзе да асноўнага кубападобнага аб’ёму прымыкае трохярусная званіца, на ўсходзе — прамавугольная апсіда з бакавымі рызніцамі. Асноўны зруб накрыты чатырохскатным дахам, на якім васьмігранны светлавы барабан з купалам-цыбулінай, завершаным ліхтаром з макаўкай.

Пірамідальная чацвярыковая званіца таксама завершана купалам-цыбулінай. Асноўныя праёмы ромбападобныя ў барабане і спічастыя ў асноўным аб’ёме.

Інтэр’ерПравіць

У інтэр’ер залы адкрыты барабан на 4 слупах з ветразевай канструкцыяй аснавання і хоры. Апсіда адмежавана драўляным іканастасам. Абраз 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя».

Зноскі

  1. Па паўднёвай Ваўкавышчыне. Вандроўкі. ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» (2 красавіка 2011). Праверана 12 ліпеня 2012.
  2. Witold Karpyza. Łysków // Ziemia Wołkowyska. — Lębork, 2005. — Т. 2.
  3. У дадзеным выпадку вядзецца пра невялічкія драўляныя цэрквы, пакрытыя драўлянымі цёсанымі пліткамі.

ЛітаратураПравіць

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
  • Харэўскi, С. В. Культавае дойлiдства Заходняй Беларусi 1915—1940 гг. — Вiльня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 70-71.

СпасылкіПравіць