Сенненска-Аршанская партызанская зона

Сенненска-Аршанская партызанская зона — тэрыторыя на поўдні Віцебскай вобласці ў міжрэччы Заходняй Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вялікую Айчынную вайну. Склалася да жніўня 1942 года, уключала 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага раёнаў, якія абаранялі 13 партызанскіх брыгад, каля 12 тысяч партызан: імя А. Ф. Данукалава, Багушэўская, 1-я і 2-я імя К. С. Заслонава, «Граза», М. П. Гудкова, 1-я і 16-я Смаленскія, Сенненская, 1-я Беларуская і 2-я Беларуская імя П. К. Панамарэнкі, Лёзненская, таксама групы закінутыя з Вялікай зямлі. Да верасня 1943 года зона займала каля 1500 км². Кіраўніцтва абаронай і ўнутранным жыццём зоны ажыццяўлялі Беларускі штаб партызанскага руху, Віцебскі падпольны абкам КП(б)Б, Сенненскія, Аршанскія, Багушэўскія, Талачынскія, Дубровенскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падпольныя раённыя газеты. Партызанскія фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпольшчыкамі Оршы, Віцебска, пасёлка Асінторф і іншымі. У перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу партызанам зоны прыходзілі партызанскія фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі карныя аперацыі ў жніўні 1942 года «Грыф», «Сава», «Рысь», у верасні-кастрычніку «Карлсбад», у верасні-кастрычніку 1943 года «Паляванне на зайцоў», «Паляванне на качак», вясной—летам 1944 — «Прагулка на сёмуху». У пачатку 1944 года ў час карнай аперацыі «Баклан» гітлераўцам удалося значна пацясніць партызан, але пачатак Беларускай аперацыі перашкодзіў выкарыстаць гэтую перавагу.

У памяць аб баявых дзеяннях партызанскіх фарміраванняў, якія абаранялі зону, пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.

Зноскі

Літаратура правіць