1-я партызанская брыгада імя К. С. Заслонава
1-я партызанская брыгада імя К. С. Заслонава — партызанская брыгада, створаная ў ліпені 1942 года на базе атрадаў «Дзядзькі Колі»[1], М. П. Харланава, В. П. Комлева і групы аршанскіх падпольшчыкаў. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага, Талачынскага, Чашніцкага і Халопеніцкага раёнаў. 28 ліпеня 1944 года брыгада (1826 партызан, 12 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй. Камандзіру брыгады К. С. Заслонаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
1-я партызанская брыгада імя К. С. Заслонава | |
---|---|
Гады існавання | 1942—1944 |
Краіна |
![]() |
Падпарадкаванне | Беларускі штаб партызанскага руху |
Тып | партызаны |
Функцыя | барацьба з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі |
Колькасць | 1826 партызан (28.6.1944) |
Дыслакацыя | Аршанскі, Сенненскі, Багушэўскі, Талачынскі, Чашніцкі, Халопеніцкі раёны |
Войны | Вялікая Айчынная вайна |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры |
|
Склад
правіцьУ жніўні — верасні 1942 года ў выніку баёў з праціўнікам частка партызан з атрадаў В. П. Комлева, А. П. Завадскага, П. Д. Смірнова, «Хуткі» і група М. М. Лушчыка выйшла ў савецкі тыл. У верасні 1943 года атрад імя Суворава быў вылучаны для арганізацыі Багушэўскай партызанскай брыгады (2-га складу); атрады імя Чапаева, імя Лазо, імя Панамарэнкі, «Малады бальшавік», «Мсцівец», В. П. Комлева былі вылучаны для фарміравання 2-й партызанскай брыгады імя К. С. Заслонава, атрад «Камсамолец» у сакавіку 1944 года быў расфарміраваны. На момант злучэння з Чырвонай Арміяй у склад брыгады ўваходзілі:
- атрад імя Кутузава;
- атрад «Знішчальнік»;
- атрад імя Аляксандра Неўскага;
- атрад імя Варашылава;
- атрад «Перамога»;
- атрад «Дзядзькі Косці»;
- атрад «Дзяніса»;
- атрад «Ураган»;
- атрад «Аршанец»;
- атрад «Грозны»;
- атрад імя Фядосава[2];
- атрад імя Сталіна.
Камандаванне
правіцьКамандзіры
правіць- К. С. Заслонаў;
- Л. І. Сяліцкі;
- Б. К. Іваноў.
Камісары
правіць- Л. І. Сяліцкі;
- М. Ц. Любімцаў;
- Б. К. Іваноў.
Начальнікі штаба
правіць- П. П. Лімаеў;
- В. Р. Палажэнцаў;
- В. Н. Смірноў.
Гісторыя
правіцьПартызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Орша — Смаленск, Віцебск — Полацк, Віцебск — Орша, Орша — Лепель, на шашэйных і грунтавых дарогах Віцебск — Бешанковічы — Камень, Орша — Мінск, Багушэўск — Сянно — Чашнікі, Сянно — Чарэя — Халопенічы, Сянно — Талачын, Орша — Сянно і іншых. Разбілі нямецкія гарнізоны ў вёсках Горбава Лёзненскага раёна (13.08.1942), Драгілі Руднянскага раёна Смаленскай вобласці (16.8.1942), Купаваць, Алексінічы, Расна Сенненскага, Янова Багушэўскага (лістапад — снежань 1942, студзень 1943 гадоў) раёнаў. У студзені — красавіку 1943 года ў час баявога рэйду па тэрыторыі Сенненскага, Багушэўскага, Віцебскага, Бешанковіцкага, Чашніцкага, Лепельскага, Халопеніцкага раёнаў правялі 8 баёў. У красавіку 1943 года разам з іншымі брыгадамі вывелі са строю чыгунку Орша — Лепель, разграмілі станцыі Смальяны, Лемніца, Бурбін, Вятны. У жніўні 1943 на чыгунцы Віцебск — Орша падарвалі больш за 1 тысячу рэек. У верасні 1943 вялі баі ў Сенненскім раёне на рубяжы вёсак Асінаўка — Шылькі — Чараўкі — Сінянка — Аўсішча. У кастрычніку 1943 удзельнічалі ў баях за горад Чашнікі, у лютым 1944 года разам з Сенненскай партызанскай брыгадай — за ўтрыманне апорнага пункта і аэрадрома каля вёскі Новая Беліца, у маі — чэрвені 1944 — за выхад з блакады на ўчастку возера Сялява — вёска Баркі Халопеніцкага раёна. У чэрвені 1944 года з часцямі Чырвонай Арміі вызвалялі населенныя пункты.
Памяць
правіцьУ 1948 годзе быў створаны Аршанскі мемарыяльны музей Канстанціна Сяргеевіча Заслонава. У 1968 годзе ў вёсцы Сафіёўка Аршанскага раёна ў гонар брыгады быў пастаўлены помнік, у 1972 годзе каля вёскі, у лесе каля возера Ардышэва — помнік. У 1964 годзе на месцы гібелі Заслонава і яго таварышаў, каля вёскі Купаваць Сенненскага раёна была пастаўлена стэла.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.