Станіслаў Ігнатавіч Лапацінскі

(Пасля перасылкі з Станіслаў Лапацінскі)

Станіслаў Ігнатавіч Лапацінскі (польск.: Stanisław Łopaciński, руск.: Станислав Игнатьевич Лопацинский; 1851—1933) — член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі (1906—1910, 1913—1917), юрыст, памешчык.

Станіслаў Ігнатавіч Лапацінскі
Любіч
Любіч
член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі[d]
1906 — 1910
член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі[d]
1913 — 1916
Нараджэнне 24 сакавіка 1851(1851-03-24)
Смерць лістапад 1933 (82 гады)
Род Лапацінскія
Бацька Ігнат Дамінік Лапацінскі
Маці Марыя з Шумскіх[d]
Жонка Тэкля з Борхаў[d]
Дзеці Яўсебій Лапацінскі
Партыя
Член у
Адукацыя
Навуковая ступень доктар філасофіі
Дзейнасць адвакат, суддзя, юрыст

Біяграфія правіць

 
Бюст маці Марыі з Шумскіх са збораў Лапацінскіх

Паходзіў з каталіцкага шляхецкага роду Лапацінскіх герба «Любіч». Станіслаў Ян Ігнацій Лапацінскі нарадзіўся ў маёнтку Сар’я у сям’і Ігната Дамініка Лапацінскага (1822—1882) і Марыі з Шумскіх (1821—1851). Быў малодшым у сям’і, меў брата Юзафа (нар. 1847) і сястру Сафія Дарота (нар. 1848), якая пабралася шлюбам з Феліксам Жавускім[1].

Атрымаў хатнюю адукацыю. У 1872 годзе скончыў юрыдычны факультэт Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата правоў. Пасля гэтага быў у Санкт-Пецярбургу памочнікам прысяжнага паверанага В. Д. Спасовіча, славутага расійскага адваката, юрыста, крытыка літаратуры, ураджэнца Рэчыцы. Па заканчэнні пяцігадовага тэрміна ўступіў у саслоўе прысяжных павераных, быў прысяжным павераным Санкт-Пецярбургскай судовай акругі. З увядзеннем судовых устанаўленняў у Паўднёва-Заходнім краі перавёўся ў Кіеўскія палаты, быў прысяжным павераным у Бярдзічаве і Кіеве. У 1884 годзе, пасля смерці бацькі, пакінуў адвакацкую дзейнасць і пераехаў у Сар’ю, дзе заняўся кіраваннем сваіх маёнткаў, сельскай гаспадаркай і грамадскай дзейнасцю.

З 1901 па 1915 год быў старшынёй Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі. Быў старшынёй Савета Таварыства ўзаемнага крэдыту Віцебскай губерні. Быў членам праўлення аднаго з рэгіянальных аддзелаў Віленскага сельскагаспадарчага грамадства. З 1903 па 1911 год быў гласным Дрысенскага павятовага земскага сходу і членам павятовай земскай управы; у якасці гласнага дамогся замены натуральнай дарожнай павіннасці грашовай (затым адмененай). З 1906 па 1916 год — ганаровы міравы суддзя Дрысенскага павета.

У лютым 1906 года ўступіў у Канстытуцыйна-каталіцкую партыю Літвы і Беларусі, быў аўтарам яе праграмы. Уваходзіў у Польскае кола. У 1907—1909 гады быў членам бюро Цэнтра групы.

7 красавіка 1906 года быў выбраны членам Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі ад землеўладальнікаў Віцебскай губерні, дзе ўваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі «Кола Літвы і Русі» ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі. Член Камісіі асабовага склада і ўнутранага распарадку з 1909 па 1910 год, адмысловых камісій па законапраектах: «Аб адмене смяротнага пакарання» ў 1906 годзе, «Аб прымяненні Палажэння аб земскіх ўстановах 12 чэрвеня 1890 года да губерняў Віцебскай, Валынскай, Кіеўскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай» у 1910 годзе. Быў праціўнікам адмены смяротнага пакарання смерцю, што засведчыў на агульным пасяджэнні Дзяржаўнага савета 7 кастрычніка 1909 года ў сваім выступленні. У 1909 годзе быў перавыбраны ў сувязі з заканчэннем тэрміна паўнамоцтваў тэрмінам на 1 год па законе ад 17 чэрвеня 1909 года. Падтрымаў Указ 9 лістапада 1906 года ў сваім выступленні на пасяджэнні агульнага сходу Дзяржаўнага савета 27 сакавіка 1910 года. У 1910 годзе выбыў з Дзяржаўнага савета па заканчэнні тэрміна паўнамоцтваў.

У 1913 годзе стаў членам Савета па справах мясцовай гаспадаркі пры Міністэрстве ўнутраных спраў. Лапацінскі выступаў за пашырэнне правоў нацыянальных меншасцяў на ўскраінах Расійскай імперыі, перш за ўсё палякаў. Прымаў актыўны ўдзел у губернскім камітэце па пераглядзе сялянскага заканадаўства ў краі; вынікам працы гэтага камітэта стала заява аб скасаванні адасобленасці сялянскага саслоўя, аб увядзенні пазасаслоўнай дробнай земскай адзінкі і аб скасаванні валасных судоў. Ён прадставіў у Савет праект па распаўсюджванні земскага самакіравання на нацыянальныя ўскраіны.

5 верасня 1913 года быў выбраны членам Дзяржаўнага савета ад землеўладальнікаў Віленскай губерні замест выбылага А. С. Хаміньскага, чый тэрмін паўнамоцтваў скончыўся. Член Камісіі па справах сельскай гаспадаркі ў 1916 годзе. Член бюро Сельскагаспадарчай нарады ў 1916 годзе.

У час Першай сусветнай вайны удзельнічаў у дзейнасці розных грамадскіх і палітычных арганізацый. 3 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе стаў адным з заснавальнікаў Партыі нацыянальнага захавання. Член Польскага нацыянальнага камітэта (1914—1917). Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы 11 лістапада 1918 года Станіслаў жыў у Вільні ва ўласным палацы, дзе актыўна падтрымліваў палітыку захавання Віленскага края ў складзе Польшчы. Рэзка асуджаў палітыку літоўскіх уладаў па праследзе палякаў, якія пражывалі ў Літве. Быў аўтарам пададзенай з гэтай прычыны скаргі ў Лігу Нацый.

Якім ён быў «жывым чалавекам»  апісала на падставе розных успамінаў даследчыца Людміла Хмялеўская ў сваёй кнізе пра род Лапацінскіх[1]:

  Пан Станіслаў Лапацінскі, як чалавек свецкі, які дбае пра заваяванне людзей, рассыпаўся ў гасціннасці і пачцівасці. Ягонае красамоўства, пастава, лад жыцця, павага, якой ён быў абкружаны, рамантычныя недагаворванні пра нябожчыцу жонку, маглі абудзіць сімпатыі. Насіў ён сябе па-панску, і мы называлі яго — ваявода … Жанаты ён быў з графіняй Борх, якая паходзіла з вялікага, але заняпалага роду, рана аўдавеў, але ўсе ведалі, бо ён сам гаварыў пра гэта, што не суцішыўся пасля яе страты, і кожны год наведваў магілу жонкі ў Швейцарыі. Таксама вельмі маладым атрымаў вялікую спадчыну, абцяжараную, аднак, даўгамі, прычынай якіх было марнатраўства бабкі Дароты з Марыконіх, і таму працаваў у Кіеве адвакатам, каб уратаваць спадчыну.  

Сям’я правіць

 
Жонка Тэкля з Борхаў

У шлюбе з Тэкляй з Борхаў герба «Тры каўкі» (1840 ? — 1892) у Станіслава нарадзіўся толькі адзін сын — Яўсебій-Мар’ян-Ян (1882—1961), гісторык, даследчык архіваў, калекцыянер.

У 1892 годзе жонка памерла і Станіслаў блізка сышоўся з ахмістрыняй маёнтка Юзэфай Шчучкавай, ад якой неўзабаве, прыкладна ў 1895 годзе, нарадзіўся сын Станіслаў. Яніна Жалтоўская пакінула пра Юзэфу, з якой пазнаёмілася ў 1907 годзе, такія нататкі[1]:

  Гэта была асоба, як мне падалося, старая, худая, непрыгожая, гладка прычэсаная і сціпла апранутая, грубаватая і незалежная, якая дазваляла сабе называць пана Лапацінскага: „Гэй ты, стары!“, што той цярпеў, выбачаючы ёй многае, магчыма, па прычыне яе адданасці.  

Прысвяціў ёй колькі радкоў і іншы сваяк Лапацінскіх, паляшук Антон Кеневіч, аўтар цікавых успамінаў «Nad Przypecia, dawnotemu…»[1]:

  Аднак, вельмі ўражвала ў старасвецкім акружэнні панаванне пані Юзэфы, былой прыслугі жонкі пана Станіслава, якая зараз займалася ўтрыманнем дома і ўсёй хатняй гаспадаркі, адначасова неафіцыйна займаючы пасаду блізкай сяброўкі гаспадара дома. Пры гасцях пані Юзэфа не сядала да стала, аднак, усім у цэлай ваколіцы было вядома, што калі хто хацеў быць у добрых стасунках з панам Станіславам, мусіў у першую чаргу шукаць прыхільнасці пані Юзэфы.  

Легалізацыя паўторнага шлюбу з жанчынай, якая прыслугоўвала нябожчыцы-жонцы, і ўсынаўленне Станіслава адбылося незадоўга да смерці Станіслава-старэйшага[1].

Зноскі

Спасылкі правіць