Земскі суд

(Пасля перасылкі з Суддзя земскі)

Зе́мскі суд — шляхецкі саслоўны суд пры павеце, уведзены ў ВКЛ пасля адміністрацыйных рэформ 1560-х гг. Пачатковае вызначэнне структуры і кампетэнцыі земскага суда было зроблена Бельскім прывілеем (1564), і замацавана ў Статуце 1566 года.

Разгляду ў земскім судзе падлягалі ўсе крымінальныя справы шляхты, апроч спраў, падсудных гаспадарскаму і гродскаму судам. Таксама ў земскі суд маглі падавацца скаргі на пазапраўныя дзеянні службовых асоб гэтага павета. Як і гродскі суд, земскі суд сведчыў грамадзянска-прававыя дагаворы, чыніў дзеянні па забеспячэнні судовых доказаў і пад.

Справаводства земскага суда мела такую самую арганізацыю, што і ў іншых мясцовых судах ВКЛ пасля 1560-х гг.

Земскі суд аддзяляўся ад іншых органаў дзяржаўнай улады і быў выбарным. У яго склад уваходзілі суддзя, падсудак і пісар. Усе яны абіраліся шляхтай павету (з 4-х кандыдатур на кожную пасаду) і зацвярджаліся на пажыццёвае займанне пасады вялікім князем. Абранымі маглі быць толькі шляхцічы, жыхары ВКЛ, якія мелі нерухомую маёмасць у гэтым павеце.

Суд збіраўся на разгляд спраў 3 разы на год, судовыя сесіі («рокі земскія») працягваліся па 3—4 тыдні. Паводле Статутаў ВКЛ на працягу года адбываліся 3 судовыя сесіі, якія пачыналіся у студзені, пасля каталіцкага свята Трох Каралёў (Вадохрышча, 6 студзеня); летам, пасля каталіцкай Тройцы (Сёмухі); у верасні, пасля каталіцкага свята св. Міхала (29 верасня)[1].

Зноскі

  1. Рокі земскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 120.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007. — 400 с. ISBN 978-985-441-621-2
  • Зе́мскі суд // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 334. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.