Сяргей Піліпавіч Нікалаеў
Сяргей Піліпавіч Нікала́еў (13 ліпеня 1889, Масква — 26 чэрвеня 1973) — расійскі і беларускі тэатральны мастак. Заслужаны артыст РСФСР (1932). Народны мастак Беларускай ССР (1949). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1950)[1].
Сяргей Піліпавіч Нікалаеў | |
---|---|
Дата нараджэння | 13 ліпеня 1889 |
Месца нараджэння | Масква, Расійская імперыя |
Дата смерці | 26 чэрвеня 1973 (83 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | СССР |
Род дзейнасці | мастак |
Месца працы | |
Жанр | сцэнаграфія |
Вучоба | Строганаўскае мастацкае вучылішча (1912) |
Уплыў | Канстанцін Каровін |
Узнагароды |
Сталінская прэмія (1950), Заслужаны артыст РСФСР (1932), Народны мастак БССР (1949) |
Біяграфія
правіцьСкончыў у 1912 годзе Строганаўскае мастацка-прамысловае вучылішча ў Маскве, вучань Канстанціна Каровіна. У 1910—1917 гадах працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—1959 гадах у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.
Творчасць
правіцьЯго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам музычных і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэнічнай прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» Артура Рубінштэйна (1936).
У дэкарацыях да беларускіх нацыянальных спектакляў выявіў веданне народнага дойлідства і нацыянальнага касцюма. Сэнсавую і эмацыйную нагрузку атрымаў сцэнічны пейзаж, які стаў арганічным звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) Анатоля Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Яўгена Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дзмітрыя Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) Васіля Залатарова.
Дэкарацыям да спектакляў рускай класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гістарычныя дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) Мікалая Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) Пятра Чайкоўскага, «Дуброўскі» Эдуарда Напраўніка (1948), «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» Міхаіла Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Пятра Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Цэзара Пуні (1949).
Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыа-Чыа-сан» Джакама Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога » П. Л. Гертэля (1943), «Кармэн» Жоржа Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Джузэпэ Вердзі, «Фаўст» Шарля Гуно (1950), «Эсмеральда» Цэзара Пуні, «Ціхі Дон » Івана Дзяржынскага, «Марозка» Міхаіла Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Джузэпэ Вердзі.
Зноскі
- ↑ За дэкарацыі да балета В. Залатарова «Князь-возера»
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Карнач П. А. С. Ф. Нікалаеў. Мн., 1970.