Таварыства мёртвых паэтаў

«Таварыства мёртвых паэтаў» (англ.: Dead Poets Society) — амерыканскі камедыйна-драматычны фільм 1989 года рэжысёра Пітэра Уіра па сцэнарыі Тома Шульмана[en]. Галоўныя ролі выканалі Робін Уільямс, Роберт Шон Леанард, Ітан Хоўк[en], Джош Чарльз[en], Гейл Хэнсен[en], Дылан Касман[en], Алелан Руджэра[en], Джэймс Уотэрстан[en][15].

Таварыства мёртвых паэтаўM:
англ.: Dead Poets Society
Жанр гісторыя сталення[d], драматычны фільм[5][6][…] і моладзевы фільм[d][7][8]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Touchstone Pictures[d]
Працягласць 123 хв.
Бюджэт 16 400 000 $
Зборы 235 860 116 $[13] і 95 860 116 $[14]
Краіна
Мова англійская[1]
Год 2 чэрвеня 1989[2], 12 студзеня 1990[3], 25 студзеня 1990[4] і 1989
IMDb ID 0097165

У прэстыжную школу для юнакоў прыходзіць новы выкладчык літаратуры Джон Кітынг. Будучыя бізнесмены, палітыкі і юрысты на першым жа ўроку разумеюць, што ў іх ніколі не было такога настаўніка. Кітынг не зважае на вучэбны план ці традыцыі школы, але вучыць хлопцаў самастойнаму мысленню і зачароўвае іх сваёй любоўю да паэзіі. І вось ужо ў пячоры недалёка ад школы збіраецца Таварыства мёртвых паэтаў — група старшакласнікаў, якія з захапленнем чытаюць адзін аднаму вершы і шукаюць свой шлях у жыцці.

Сусветная прэм’ера «Таварыства мёртвых паэтаў» адбылася 2 чэрвеня 1989 года ў Злучаных Штатах Амерыкі. Кінастужка мела фінансавы поспех, сабраўшы ў сусветным пракаце 235.9 млн долараў пры бюджэце ў 16.4 млн. Фільм атрымаў прызнанне сярод гледачоў і крытыкаў і быў удастоены шэрагу значных ўзнагарод, сярод якіх прэмія «Оскар» за Найлепшы арыгінальны сцэнарый, прэмія «BAFTA» за Найлепшы фільм і Найлепшую арыгінальную музыку, прэмія «Сезар» за Найлепшы замежны фільм, 4 намінацыі на «Залаты глобус».

Вермонт, 1959 год. Тод Эндэрсан распачынае навучанне ў прэстыжнай школе для юнакоў Акадэмія Уэлтан, у аснове якой ляжаць чатыры прынцыпы: «Традыцыя», «Гонар», «Дысцыпліна», «Дасканаласць» («Tradition», «Honour», «Discipline», «Excellence»). Суседам Тода па пакоі апынаецца Ніл Пэры, адзін з самых шматабяцальных вучняў Уэлтана. Пасля цырымоніі ў гонар пачатку вучэбнага года ў пакой Ніла заходзяць яго сябры Чарлі Далтан, Нокс Оверстрыт і Стывен Мікс. Яны высмейваюць школу, абвяшчаючы яе прынцыпамі «Пародыю», «Жах», «Упадніцтва», «Спражненне» («Travesty», «Horror», «Decadence», «Excrement»), а саму яе імянуючы «Hellton» (англ.: hell — «пекла»).

Юнакі знаёмяцца з новым настаўнікам літаратуры Джонам Кітынгам, які просіць клікаць яго цытатай з Уітмена «О, капітан, мой капітан![en]». Сам у мінулым выпускнік Уэлтана, Кітынг заклікае сваіх вучняў зрабіць сваё жыццё незвычайным, узяўшы за дэвіз словы «Carpe diem» — «Лаві імгненне». На наступным занятку Кітынг высмейвае прадмову да хрэстаматыі, дзе прапануецца метад ацэнкі вершаў. Ён патрабуе, каб вучні вырвалі прадмову і вучыліся думаць самастойна. Юнакі здзіўляюцца нестандартным метадам выкладання новага настаўніка. Яны знаходзяць альбом яго выпуску і даведваюцца, што ў свой час ён быў сябрам Таварыства мёртвых паэтаў. Яшчэ больш заінтрыгаваныя, хлапчукі звяртаюцца да самога Кітынга, і той апавядае, што Таварыства яднала юнакоў-рамантыкаў. Яны збіраліся ў пячоры непадалёк ад школы, чыталі вершы Таро[en], Уітмена, Шэлі, а таксама і свае творы — яны цалкам аддаваліся любові да паэзіі.

Натхнёны аповедам «капітана», Ніл прапануе сябрам аднавіць Таварыства. Да яго далучаюцца Чарлі Далтан, Нокс Оверстрыт, Стывен Мікс, Джэрард Пітс і Рычард Кэмеран. Тод таксама згаджаецца, але пры ўмове, што ён не будзе чытаць. Ніл знаходзіць на сваім стале кнігу паэзіі, пакінутую Кітынгам, дзе адзначаны вершы вартыя прачытання. Ноччу сябры ўцякаюць з кампуса ў пячору, дзе праводзяць першую сустрэчу Таварыства.

З урока ва ўрок Кітынг вучыць юнакоў жыць на сваіх уласных умовах, на ўсё глядзець з нечаканага пункту гледжання. Для ілюстрацыі гэтай ідэі ён прапануе вучням узлезці на настаўніцкі стол і паглядзець на клас — з такога ракурсу ён выглядае зусім іначай. Працягваючы заахвочваць юнакоў да свабоднага мыслення, Кітынг задае напісаць верш. Гэта вельмі пужае Тода, і ён не выконвае заданне. Тады Кітынг вымушае хлопца выйсці да дошкі і перад класам скласці верш экспромтам. І Тод спраўляецца.

Распаленыя Кітынгам, хлопцы пачынаюць глядзець на жыццё па-новаму. Ніл, якога бацькі рыхтавалі да медыцынскай кар’еры, выяўляе ў сабе прагу да акцёрства. Насуперак волі бацькоў ён тайна праходзіць пробы і атрымлівае ролю Пака[en] ў мясцовай пастаноўцы п’есы «Сон у летнюю ноч». Нокс, безнадзейна закаханы ў чырлідарку Крыс, рашае любой цаной дабіцца яе ўзаемнасці. Пасля чарговага збору Таварыства ён асмельваецца патэлефанаваць дзяўчыне, і яна запрашае Нокса на вечарыну ў яе доме. Падчас вечарыны Нокс цалуе спячую Крыс. Гэта заўважае яе хлопец Чэд, у шаленстве ён збівае Нокса, але той не здаецца. Неўзабаве ён прыходзіць у яе школу і прылюдна чытае верш, прысвечаны ёй.

Чарлі публікуе артыкул у школьнай газеце ад імя Таварыства з патрабаваннем прымаць дзяўчат у Уэлтан. Усчынаецца скандал, і дырэктар Нолан спрабуе прымусіць Чарлі раскрыць, хто яшчэ належыць да Таварыства мёртвых паэтаў, але той не выдае таварышаў. Нолан падазрае, што гэта ўплыў неардынарных метадаў Кітынга. Ён звяртаецца да настаўніка з патрабаваннем выхоўваць юнакоў у павазе да аўтарытэтаў і традыцый. Кітынг папярэджвае хлопцаў, каб яны паводзілі сябе больш абачліва.

Бацька Ніла даведваецца, што яго сын у тайне ад яго бярэ ўдзел у п’есе. Ён забараняе Нілу гэтым займацца і прымушае яго кінуць тэатр напярэдадні прэм’еры. Ніл просіць парады ў Кітынга, і той раіць стаяць на сваім і даказаць свайму бацьку, што яго любоў да акцёрскага майстэрства — гэта ўсур’ёз. Аднак Нілу не стае адвагі пагаварыць з бацькам, ён рашае аслухацца і тайна іграць.

У дзень прэм’еры ў школу юнакоў прыходзіць Крыс. Яна абвінавачвае Нокса, што ён выставіў яе на пасмешышча. Аднак Нокс бачыць яе нераўнадушша і стаіць на сваім: ён запрашае дзяўчыну ў тэатр, нягледзячы на небяспеку зноў быць пабітым. Падчас спектаклю ён бярэ Крыс за руку, і яна не працівіцца. П’еса ідзе пры поўным зале, і гледачы застаюцца ўражаныя пастаноўкай і асабліва натхнёнай ігрой Ніла. Аднак у нейкі момант у зал уваходзіць яго бацька, і ён няўмольны. Адразу пасля спектакля ён у гневе вязе Ніла дадому і абвяшчае, што забярэ яго з Уэлтана і адправіць у ваенную акадэмію, а потым у Гарвард. Не маючы ніякай падтрымкі з боку занепакоенай маці і не маючы адвагі патлумачыць бацьку свае пачуцці, Ніл ноччу здзяйсняе самагубства.

Па просьбе сям’і Ніла, дырэктар Нолан усчынае расследаванне. Ён праводзіць допыт сяброў Ніла, і Кэмеран, каб пазбегнуць пакарання, здае сваіх сяброў: ён падрабязна апісвае сустрэчы Таварыста мёртвых паэтаў, пералічвае ўсіх удзельнікаў і вінаваціць ва ўсім уплыў Кітынга. Пасля допыту Кэмеран заклікае і астатніх узяць з яго прыклад і скінуць усю адказнасць на Кітынга. Чарлі ўдарае Кэмерана па твары, і яго выключаюць са школы. Хлопцаў па адным выклікаюць у кабінет Нолана і прымушаюць падпісаць ліст, які пацвярджае віну Кітынга. Калі надыходзіць чарга Тода, ён не хоча падпісваць, але бачачы, што ўсе гэта зрабілі, і пад ціскам бацькоў — падпісвае.

Кітынга звальняюць, і містэр Нолан, які выкладаў англійскую мову ў Уэлтане да таго, як стаць дырэктарам, бярэ на сябе выкладанне ў класе, пакуль не будзе знойдзены новы пастаянны выкладчык. Падчас урока ў клас прыходзіць містэр Кітынг, каб забраць асабістыя рэчы. Калі ён ужо збіраецца сысці, Тод выкрыквае, што іх яны не хацелі сведчыць супраць Кітынга і што іх прымусілі падпісаць паперы. Нолан пагражае Тоду выключэннем са школы, калі той не змоўкне. Тады Тод падымаецца на парту і звяртае да Кітынга словамі «О, капітан! Мой капітан!». Нолан прыходзіць у шаленства, аднак Тод не слухае пагроз. Следам за Тодам на парты падымаюцца іншыя сябры Таварыства мёртвых паэтаў (за выключэннем Кэмерана), а таксама і некаторыя іншыя вучні Кітынга. Крануты іх падтрымкай і адвагай, Кітынг глядзіць на іх з гонарам і дзякуе.

Акцёрскі склад

правіць
   Робін Уільямс   –   Джон Кіцінг
   Роберт Шон Леанард   –   Ніл Пэры
   Ітан Хоўк[en]   –   Тод Эндэрсан
   Джош Чарльз[en]   –   Нокс Оверстрыт
   Гейл Хэнсен[en]   –   Чарлі Далтан
   Дылан Касман[en]   –   Рычард Кэмеран
   Алелан Руджэра[en]   –   Стывен Мікс
   Джэймс Уотэрстан[en]   –   Джэрард Пітс

Вытворчасць

правіць

Арыгінальны сцэнарый быў напісаны Томам Шульманам[en] на аснове яго досведу вучобы ў Акадэміі Мантгомеры Бэл[en] ў Нашвіле, штат Тэнесі. У прыватнасці, вобраз Кітынга быў натхнёны настаўнікам Шульмана Сэмюэлам Пікерынгам[en][16][17][18].

Першапачаткова ў крэсла рэжысёра быў запрошаны Джэф Кэнью[en], які бачыў у галоўнай ролі Ліяма Нісана[19]. Іншымі акцёрамі, якія разглядаліся на ролю Кітынга, былі Дасцін Хофман[20], Мэл Гібсан, Том Хэнкс і Мікі Рурк[21][22]. У выніку роля дасталася Робіну Уільямсу, якому аддавалі перавагу прадстаўнікі Touchstone Pictures[en]. Тым не менш, у першы дзень здымак за межамі Атланты Уільямс не з’явіўся на пляцоўцы, бо не хацеў працаваць з Кэнью[23]. Тады студыя спаліла ўжо пабудаваныя дэкарацыі і замяніла Кэнью іншым рэжысёрам[23].

У канцы 1988 года Пітэр Уір сустрэўся з Джэфры Катцэнбергам[en] з Walt Disney Studios[en]. Катцэнберг, які кіраваў Touchstone Pictures[en], прапанаваў Уіру азнаёміцца са сцэнарыем Шульмана. Вяртаючыся на самалёце ў Сідней, Уір прачытаў сцэнарый і застаўся ў захапленні. Праз шэсць тыдняў ён вярнуўся ў Лос-Анджэлес, каб правесці кастынг галоўных герояў фільма[24]. Па-сапраўднаму здымкі фільма стартавалі толькі тады, калі Уір атрымаў пасаду рэжысёра[23].

У версіі Шульмана Кітынг быў хворы і павольна паміраў ад лімфомы Ходжкіна, прысутнічала сцэна, дзе ён быў на смяротным ложы ў бальніцы. Уір палічыў гэтую сюжэтную лінію непатрэбнай, мяркуючы, што гэта засяродзіць увагу гледачоў на хваробе Кітынга, а не на тым, што ён адстойваў[25].

На раннім этапе вытворчасці Дысней прапаноўваў змяніць сцэнарый такім чынам, каб юнакі знайшлі захапленне не ў паэзіі, а ў танцах. Таксама прапаноўвалася змяніць назву на «Султаны свінга» (англ.: Sultans of Swing), а асноўную ўвагу засяродзіць на характары містэра Кітынга, а не на саміх юнаках. Гэтыя прапановы былі наадрэз адхілены[24].

Здымкі

правіць

Здымкі фільма пачаліся ў лістападзе 1988 года і завяршыліся ў студзені 1989 года. Здымкі адбываліся ў штаце Дэлавэр: у Школе св. Андрэя[en], Тэатры Эверэт у Мідлтаўне[en], у Нью-Касле[en] і ў суседнім Уілмінгтане[18][26]. Сцэны ўрокаў Кітынга ў класным пакоі былі зняты ў гукавым кіназдымачным павільёне[en] ў Уілмінгтане[18]. У перыяд здымкаў Уір прасіў маладых акцёраў не выкарыстоўваць сучасны слэнг, у тым ліку і не падчас здымкаў[24].

Музычнае суправаджэнне

правіць

Арыгінальную музыку да фільма напісаў французскі кампазітар Марыс Жар. Гэта было яго чацвёртае супрацоўніцтва з Пітэрам Уірам пасля карцін «Год небяспечнага жыцця[en]» (1982), «Сведка» (1985) і «Бераг маскітаў[en]» (1986).

Назва Працягласць
1. «Carpe Diem» (бел.: Лаві імгненне) 04:46
2. «Neal» (бел.: Ніл) 03:16
3. «To The Cave» (бел.: Да пячоры) 02:34
4. «Keating's Triumph» (бел.: Трыумф Кітынга) 05:55
5. «Football Training» (бел.: Футбольная трэніроўка) 02:30

Выхад і прызнанне

правіць

Пракат і зборы

правіць

Прэм’ера фільма адбылася 2 чэрвеня 1989 года ў Злучаных Штатах Амерыкі[27]. Пракат у ЗША прынёс карціне 95.9 мільёнаў долараў. Агулам зборы карціны склалі 235.9 мільёнаў долараў[28].

Рэйтынгі

правіць

Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 79 балаў са 100 на аснове 14 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.3/10[29]. Паводле дадзеных іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 63 рэцэнзентаў 53 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 84 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 92 % на аснове больш чым 250 тысяч галасоў[30]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:

  Уражваючая ігра маладога акцёрскага складу і насамрэч натхняючая роля Робіна Уільямса прыносяць школьнай драме Пітэра Уіра вышэйшае ўшанаванне.[30]  

Глядацкія ацэнкі на іншых папулярных рэсурсах, прысвечаных кіно: 4/5 на сайце «AllMovie»[31], 4.3/5 на сайце «AlloCiné»[32], 7.6/10 на сайце «FilmAffinity»[33], 8.1/10 на сайце «IMDb»[15], 8.2/10 на сайце «КиноПоиск»[34].

Узнагароды

правіць

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 20 кінаўзнагародамі і яшчэ 19 намінацыямі[35]. Сярод найбольш значных узнагарод прэмія «Оскар» за Найлепшы арыгінальны сцэнарый[36], прэмія «BAFTA» за Найлепшы фільм і Найлепшую арыгінальную музыку[37], прэмія «Сезар» за Найлепшы замежны фільм[38], 4 намінацыі на «Залаты глобус»[39].

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Сп.
Залаты глобус 20.01.1990[en] Найлепшы фільм — Драма[en] «Таварыства мёртвых паэтаў» Намінацыя [39]
Найлепшы рэжысёр[en] Пітэр Уір Намінацыя
Найлепшая мужчынская роля — Драма[en] Робін Уільямс Намінацыя
Найлепшы сцэнарый[en] Том Шульман[en] Намінацыя
BAFTA 11.03.1990[en] Найлепшы фільм[en] «Таварыства мёртвых паэтаў» Перамога [37]
Прэмія Дэвіда Ліна за дасягненні ў рэжысуры[en] Пітэр Уір Намінацыя
Найлепшая мужчынская роля[en] Робін Уільямс Намінацыя
Найлепшы арыгінальны сцэнарый[en] Том Шульман Намінацыя
Найлепшы мантаж[en] Уільям М. Андэрсан[en] Намінацыя
Найлепшая арыгінальная музыка[en] Марыс Жар Перамога
Оскар 26.03.1990[en] Найлепшы фільм «Таварыства мёртвых паэтаў» Намінацыя [36]
Найлепшая рэжысура Пітэр Уір Намінацыя
Найлепшая мужчынская роля Робін Уільямс Намінацыя
Найлепшы арыгінальны сцэнарый[en] Том Шульман Перамога
Варшаўскі кінафестываль 05-15.10.1990 Прыз глядацкіх сімпатый «Таварыства мёртвых паэтаў» Перамога [40]
Сезар 09.03.1991 Найлепшы замежны фільм «Таварыства мёртвых паэтаў» Перамога [38]

Крыніцы

правіць
  1. http://uflix.me/movie/18466-dead-poets-society
  2. https://www.boxofficemojo.com/release/rl2605483521/weekend/Box Office Mojo.
  3. Шведская база дадзеных фільмаўSvenska Filminstitutet.
  4. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р http://www.filmaffinity.com/es/film315826.html Праверана 11 ліпеня 2016.
  6. http://www.imdb.com/title/tt0097165/ Праверана 11 ліпеня 2016.
  7. http://www.alibris.com/search/movies/upc/717951000682
  8. AllMovie — 1994.
  9. а б http://www.the-numbers.com/movie/Dead-Poets-Society Праверана 11 ліпеня 2016.
  10. а б в http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=5280.html Праверана 11 ліпеня 2016.
  11. а б в г д е ё ж з і к л м http://bbfc.co.uk/releases/dead-poets-society-1 Праверана 11 ліпеня 2016.
  12. а б в г д е ё ж з і к http://www.imdb.com/title/tt0097165/fullcredits Праверана 11 ліпеня 2016.
  13. Box Office Mojo — 1999. Праверана 7 сакавіка 2019.
  14. Box Office Mojo — 1999. Праверана 10 мая 2023.
  15. а б Dead Poets Society (1989) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 1 красавіка 2023.
  16. Real-life professor inspires 'Dead Poets' character(англ.) // TimesDaily[en]. — Florence, AL, USA: Tennessee Valley Printing Co., Inc., July 10, 1989. — P. 4B.
  17. Bill Henderson. Williams and Then Some(англ.) // The New York Times. — January 12, 1992. — P. 13.
  18. а б в Dead Poets Society (1989) (англ.). Сайт «AFI Catalog». Праверана 1 красавіка 2023.
  19. Eila Mell. Casting Might-Have-Beens: A Film by Film Directory of Actors Considered for Roles Given to Others (англ.). — McFarland, 2005. — P. 66. — 350 p. — ISBN 978-0-7864-2017-9.
  20. Celia Brady. Bring Back the Kids: Hollywood's Littlest Stars and Biggest Egos in their Middle Ages(англ.) // Spy. — March 1989. — P. 107.
  21. Keri Walsh. Mickey Rourke (англ.). — London: Bloomsbury Academic, 2014. — P. 2. — 144 p. — (Film Stars). — ISBN 9781844574308.
  22. Tierney Bricker. Secret Heartbreak, Unbreakable Bonds and Bombed Auditions: 30 Secrets You Might Not Know About Dead Poets Society (англ.). Сайт «E! Online» (2 чэрвеня 2019). Праверана 1 красавіка 2023.
  23. а б в Dead Poets Society - Script to Screen. Сайт «YouTube», канал «University of California Television». 2013-03-07. Праверана 2023-04-01. {{cite AV media}}: Курсіў або паўтлусты шрыфт недапушчальны ў: |publisher= (даведка)
  24. а б в James King. Fast Times and Excellent Adventures: The Surprising History of the '80s Teen Movie (англ.). — Constable, 2018. — 452 p. — ISBN 9781472123725.
  25. Tom McCurrie. Dead Poets Society's Tom Schulman on the Art of Surviving Hollywood (англ.). Сайт «Writers SuperCenter» (15 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2019. Праверана 1 красавіка 2023.
  26. Ryan Cormier. 25 'Dead Poets Society' in Delaware facts (англ.). Сайт «Delaware Online» (12 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 25 снежня 2018. Праверана 1 красавіка 2023.
  27. Dead Poets Society — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 1 красавіка 2023.
  28. Dead Poets Society (1989) (англ.). Сайт «Box Office Mojo». Праверана 1 красавіка 2023.
  29. Dead Poets Society (англ.). Сайт «Metacritic». Праверана 1 красавіка 2023.
  30. а б Dead Poets Society (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 1 красавіка 2023.
  31. Dead Poets Society (1989) (англ.). Сайт «AllMovie». Праверана 1 красавіка 2023.
  32. Le Cercle des poètes disparus (фр.). Сайт «AlloCiné». Праверана 1 красавіка 2023.
  33. El club de los poetas muertos (ісп.). Сайт «FilmAffinity». Праверана 1 красавіка 2023.
  34. Общество мертвых поэтов (1989) (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 1 красавіка 2023.
  35. Dead Poets Society (1989) — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 1 красавіка 2023.
  36. а б The 71st Academy Awards | 1999 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Праверана 1 красавіка 2023.
  37. а б Film in 1990 (англ.). Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 1 красавіка 2023.
  38. а б La Cérémonie des César 1991 (фр.). Сайт Акадэміі мастацтваў і тэхналогій кінематографа. Праверана 1 красавіка 2023.
  39. а б Winners & Nominees 1990 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт прэміі «Залаты глобус». Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2018. Праверана 1 красавіка 2023.
  40. 6. Warszawski Tydzień FIlmowy - 1990 (польск.). Сайт Варшаўскага кінафестывалю. Праверана 18 красавіка 2024.

Спасылкі

правіць