Таццяна Піліпаўна Заранок

актрыса

Таццяна Піліпаўна Заранок (25 снежня 1917, ст. Васілевічы, Рэчыцкі павет, Мінская губерня (цяпер горад Васілевічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць — 18 лістапада 2007) — беларуская актрыса. Заслужаная артыстка БССР (1955). Народная артыстка БССР (1967).

Таццяна Піліпаўна Заранок
Дата нараджэння 25 снежня 1917(1917-12-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 лістапада 2007(2007-11-18) (89 гадоў)
Грамадзянства
Прафесія тэатральная актрыса
Тэатр
Узнагароды
медаль «У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Народны артыст Беларускай ССР Заслужаны артыст Беларускай ССР Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР

Біяграфія правіць

Нарадзілася ў сям’і чыгуначніка. З 1930 года вучылася на драматычных курсах у Мінску, дзе выкладчыкам быў Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч. Пасля заканчэння курсаў у 1931 годзе была накіравана ў Віцебск у Беларускі другі дзяржаўны тэатр. У 1933 годзе скончыла студыю БДТ-2, педагогамі былі М. А. Міцкевіч, А. К. Ільінскі.

У час Вялікай Айчыннай вайны разам з БДТ-2 знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Уральску Казахскай ССР, затым у г. Арэхава-Зуева РСФСР. У кастрычніку 1944 года тэатр вярнуўся ў Віцебск. Таццяна Заранок удзельнічала ў тылавых работах, выступала з франтавымі брыгадамі. У 1951—1974 гадах працавала ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ.

Выканаўца вострахарактарных і камедыйных лірыка-драматычных роляў. Высокае прафесійнае майстэрства ў спалучэнні з арганічным адчуваннем псіхалагічнай праўды паводзін персанажа, разуменне жанравых і стылявых асаблівасцей драматургічных твораў, эмацыянальная напоўненасць унутранага жыцця створаных вобразаў характарызуюць Т. П. Заранок як самабытную актрысу. Вобразы ў класічным і сучасным рэпертуары вылучаліся грамадзянскай сталасцю артысткі.

Найбольш значныя ролі Таццяны Піліпаўны ў беларускім рэпертуары: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К. Крапівы), Люба («Алазанская даліна» К. Губарэвіча і І. Дорскага), Зінка («Заложнікі» А. Кучара), Даша («Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка). Сярод лепшых роляў: Надзея Канстанцінаўна Крупская («Фінал» П. Строгава, «Дзень цішыні» М. Шатрова, «Брэсцкі мір» К. Губарэвіча). З роляў класічнага і савецкага рэпертуару: Вольга («Тры сястры» А. Чэхава), Наташа, Глафіра («На дне», «Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага), Фаншэта («Жаніцьба Фігара» П. Бамаршэ), Марціна («Лекар паняволі» Ж. Мальера), Фані («Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г. Бічэр-Стоу), Дунька («Любоў Яравая» К. Транёва) і інш.

Узнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1955, 1967), медалямi «За доблестный и самоотверженный труд в годы Великой Отечественной войны» (1945), «За доблестный труд» (1970), памятнымі медалямі ў гонар юбілеяў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Муж, Леанід Паўлавіч Валчэцкі (1913—1991), артыст, тэатральны дзеяч, заслужаны дзеяч культуры БССР (1963). Працаваў у Беларускім драматычным тэатры імя Якуба Коласа. У 1951—1974 гадах быў дырэктарам Брэсцкага абласнога драмтэатра імя ЛКСМБ, аўтар кнігі «Годы, спектакли, роли…» (1974). Дачка дачка, Тамара Леанідаўна Валчэцкая, таксама стала актрысай, працавала ў Брэсцкім тэатры.

Літаратура правіць

  • Заранок Таццяна Піліпаўна // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 4. Графік — Зуйка / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — С. 500. — 608 с.: іл., карты.
  • Зарано́к Таццяна Піліпаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 537—538. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Заранок Таццяна Піліпаўна // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 2: Лабанок — Яшчур / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — С. 424—425.
  • Заранок Таццяна Піліпаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — С. 488—489. — 702 с. — 9 500 экз.