Транскрыпцыя (музыка)
Транскры́пцыя — пералажэнне музычнага твора (аранжыроўка) для іншага, чым гэта прадугледжана арыгіналам, інструмента, голасу, выканальніцкага складу; вольная віртуозная апрацоўка твора. Адыгрывае важную ролю ў станаўленні і развіцці інструментальнай музыкі нацыянальных культур.
Гісторыя
правіцьТранскрыпцыя з'явілася ў 16—17 стагоддзях як пералажэнне нотных тэкстаў для выканання на іншых інструментах.
Росквіт транскрыпцыі ў 18 стагоддзі звязаны з творчасцю І. С. Баха (клавірныя транскрыпцыі канцэртаў А. Вівальдзі), у 19 стагоддзі — Ф. Ліста (канцэртныя транскрыпцыі для фартэпіяна 9 сімфоній Л. Бетховена, песень Ф. Шуберта, урыўкаў з опер В. А. Моцарта, Дж. Вердзі).
Істотнае развіццё набыла аркестравая транскрыпцыя, стваральнікі якой звычайна ўносілі ў яе ўласны творчы элемент (Моцарт перааркестраваў оперы Г. Ф. Гендэля, Г. Берліёз — К. В. Глюка, М. Рымскі-Корсакаў і Дз. Шастаковіч — М. Мусаргскага).
На Беларусі
правіцьСярод беларускіх кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў да транскрыпцыі звярталіся А. Клумаў (фартэпіянная сюіта на тэмы з балета «Гаянэ» А. Хачатурана), Я. Глебаў (пералажэнні для скрыпкі і фартэпіяна, кларнета і фартэпіяна фрагментаў з уласных балетаў і сімфоній), Дз. Камінскі (творы Г. Вагнера, Б. Сметаны, І. Стравінскага), І. Алоўнікаў (фартэпіянная транскрыпцыя на тэмы з балетаў Глебава, Г. Вагнера) і інш.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).