Тыўанака
Тыўана́ка (аймара: Tiwanaku; ісп.: Tiahuanaco) — помнік сусветнай спадчыны на захадзе Балівіі каля паўднёвага берага возера Тытыкака на вышыні 3850 м, цэнтр дакалумбавай цывілізацыі Новага Свету.
Тыўанака* | |
---|---|
Tiwanaku** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Тып | культурны |
Крытэрыі | III, IV |
Спасылка | 567 |
Рэгіён*** | Амерыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 2000 (24 сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Гісторыя
правіцьТыўанака ўяўляў сабою гарадское паселішча, якое з’яўлялася цэнтрам буйной імперыі паміж II ст. да н. э. — X ст. н. э. У перыяд яго росквіту насельніцтва складала каля 30 000 — 70 000 чалавек. Тыўанака ўзнік на горнай раўніне, дзе здаўна існавала абрашальнае земляробства. Возера Тытыкака лічылася важным сакральным цэнтрам. Першыя манументальныя будынкі пачалі ўзводзіцца ў II ст. н. э., аднак найбольш грандыёзныя пабудовы датуюцца не раней за 375 г. н. э.
Асаблівасцю мясцовай архітэктуры было выкарыстанне вялікіх адкрытых прастораў. Сэрцам горада з’яўляліся манументальныя будынкі для рэлігійных цырымоній. Яны ўзводзіліся з маналітных каменных блокаў. Вылучаюць прамавугольныя блокі і блокі, якія захоўвалі сколы і натуральныя выманні. На іх захаваліся канаўкі для разразання каменю, сляды бронзавых клямак для транспартыроўкі. Рэлігійны цэнтр месціўся на штучным узвышшы з плоскай вяршыняй, брукаванай каменем. Яна была аддзелена ад астатняга горада каналам. Некаторыя ірыгацыйныя пабудовы знойдзены і знутры.
Знешні горад уяўляў сабою сціплыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы з неабпаленай цэглы на каменных фундаментах. Керамічныя вырабы адрозніваюцца вялікай колькасцю высокіх пасудзін з упрыгожваннямі. Мяркуюць, што ў Тыўанака існавала масавая вытворчасць керамікі з выкарыстаннем прэс-форм. Жыхары горада займаліся ткацтвам, выраблялі яркія жоўтыя тканіны, вопратку і складаныя галаўныя ўборы.
Этнічны склад насельніцтва Тыўанака дакладна не вядомы. Доўгі час меркавалі, што ён быў населены аймара, паколькі менавіта яны складаюць большасць насельніцтва ў нашы дні. Аднак археалагічныя, лінгвістычныя і генетычныя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў не пацвярджаюць гэтага. Мяркуюць, што прамымі нашчадкамі тыўанаканцаў могуць быць уру.
Заняпад Тыўанака звязваюць з кліматычнымі зменамі і нападамі з боку паўночных суседдзяў (магчыма, аймара). Ужо ў XI ст. горад быў практычна пакінуты жыхарамі.
Археалогія
правіцьРуіны рэлігійнага цэнтра Тыўанака былі вядомы ўжо інкам і іспанскім канкістадорам. Першыя навуковыя даследаванні пачаліся з 1860-х гг. Першая падрабязная праца, прысвечаная Тыўанака, была апублікавана ў 1892 г. у Германіі.
З 1960-х гг. урад Балівіі рабіў захады для археалагічнага вывучэння і аднаўлення пабудоў. Комплексныя раскопкі пачаліся ў 1972 г. дзякуючы спецыялістам універсітэта Чыкага.
Ахова
правіцьУ 2000 г. комплекс Тыўанака быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Славутасці
правіцьСучасны комплекс Тыўанака ўключае наступныя славутасці:
Назва | Выява | Апісанне |
---|---|---|
Піраміда Акапана | Пабудавана па-над натуральнай геалагічнай фармацыяй у форме квадрата. Аснаванне займае 16 м². На плоскай вяршыні знойдзена яміна. Археолагі лічаць, што яна выкарыстоўвалася для захавання вады або з’яўляецца рэшткамі працы ранніх скарбашукальнікаў. | |
Храм Каласасая | Рытуальная платформа 120 м × 130 м ў атачэнні сцен з блокаў пясчаніку і андэзіту. Знутры знаходзяцца пабудовы з маналітаў, вядомыя як «квартал святароў». | |
Вароты Сонца | Частка Каласасая, брама з аднаго маналітнага блока. Часцяком выкарыстоўваецца як сімвал Тыўанака. | |
Падземны храм | Мяжуе з Каласасая. Уяўляе паглыблены двор 28 м × 26 м. Некаторыя даследчыкі лічаць, што храм сімвалізаваў замагільны свет, а Каласасая — зямны. | |
Кантатайта | Руіны невядомага прызначэння. Знаходзяцца ў стане даследавання. | |
Путуні, або палац саркафагаў | Меркаванае месца магільняў. | |
Пума-Пунку, або брама пумы | Рэшткі храмавага комплекса. | |
Музей | Сучасны крыжападобны будынак для экспазіцый. |
Спасылкі
правіцьТыўанака на Вікісховішчы |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 567 рус. • англ. • фр. |
Tiwanaku даведнік на сайце Wikivoyage