Тэртэрыйскія таблічкі (рум.: Tăblițele de la Tărtăria) — тры гліняныя таблічкі з піктаграфічнымі знакамі, знойдзеныя ў 1961 годзе ў неалітычнай магіле каля сяла Тэртэрыя[ro], што прыкладна за 30 км ад румынскага горада Алба-Юлія[1].

Адна з тэртэрыйскіх таблічак.

Тэртэрыйскія таблічкі пакрытыя ўрэзанымі сімваламі, суадносныя з корпусам знакаў культуры Вінча-Турдаш, з так званым дунайскім пратапісьмом. Гэтыя знаходкі выклікалі бурныя спрэчкі сярод археолагаў, частка з якіх лічыць таблічкі ўзорам найраннейшага пісьменства ў свеце. Дакладная датыроўка абцяжарана з-за рознагалоссяў па стратыграфіі на месцы іхняга выяўлення. Акрамя таго, тэрмічная апрацоўка, праведзеная пасля знаходкі, выключае магчымасць радыевугляроднага аналізу[2].

Зыходзячы са меркаванай роднасці з вінчанскай культурай, а таксама на ўскосныя радыевугляродныя сведчанні, некаторыя навукоўцы адносяць таблічкі да 5300 году да н. э., што папярэднічае з’яўленню піктаграфічнай пратапісьменнасці Месапатаміі[3]. Аднак шэраг скептыкаў аспрэчвае гэта, мяркуючы, што таблічкі патрапілі туды з пазнейшых слаёў раскопак[4]. Іншыя навукоўцы адхіляюць суаднясенне таблічак да неаліту Паўднёва-Усходняй Еўропы, прапаноўваючы сувязь з месапатамскай пратапісьменнасцю, у прыватнасці, з шумерскім пратаклінапісам[5].

Выяўленне

правіць
 
Помнік ля месца выяўлення тэртэрыйскіх таблічак.

У 1961 годзе навуковая група пад кіраўніцтвам Мікалае Власы (археолага з Нацыянальнага музея трансільванскай гісторыі) нібыта выявіла тры неабпаленыя гліняныя таблічкі з надпісамі, дваццаць шэсць гліняных і каменных фігурак, бранзалет з ракавінак, а таксама спаленыя і раздробненыя косткі дарослай жанчыны, празванай «Мілэдзі Тэртэрыя»[6].

Адзінага тлумачэння гэтага пахавання няма, але выказваюцца здагадкі, што цела, хутчэй за ўсё, належала паважанай мясцовай знахарцы, шаманцы або медыўму[7].

Сапраўднасць

правіць

Спрэчным застаецца пытанне пра тое, ці сапраўды таблічкі былі знойдзены на ўказаным месцы, а Власа ніколі не абмяркоўваў стратыграфічныя абставіны знаходкі[8].

Нядаўна высунутыя абвінавачванні ў падробцы грунтуюцца на падабенстве тэртэрыйскіх сімвалаў з рэпрадукцыямі шумерскага пісьменства ў папулярнай румынскай літаратуры таго часу[9].

Апісанне

правіць
 
Ілюстрацыі кожнай з трох таблічак.

Дзве з трох таблічак маюць прамавугольную форму, прычым адна з адтулінай[10]. Трэцяя таблічка з’яўляецца дыскам каля 6 см у папярочніку і таксама змяшчае невялікую адтуліну, з-за чаго падобная на кудмень. Піктаграмы размешчаны толькі з аднаго боку[10]. На неперфараванай прастакутнай таблічцы высечаны рагатая жывёла, смутная фігура і раслінны матыў, падобна галіне ці дрэву. Астатнія складаюцца з мноства пераважна абстрактных сімвалаў[7].

Датаванне

правіць

Супрацоўнікі рэстаўрацыйнага аддзела музея Клуж-Наpoca, імкнучыся захаваць першапачаткова неабпаленыя і прасякнутыя вільгаццю гліняныя таблічкі, падверглі іх абпалу. На жаль, гэта пазбавіла магчымасці напроста датаваць іх радыевугляродным метадам[11]. Першаадкрывальнік таблічак не пакінуў дакладнай стратыграфіі, г. зн. апісання археалагічнага слоя, у якім яны былі знойдзены[12].

Мяркуецца, што таблічкі належаць агульнабалканскай культуры Вінча-Турдаш, якую сербскія і румынскія археолагі першапачаткова аднеслі да 2700 гадоў да н. э. Гэта адкрыццё прыцягнула ўвагу археалагічнай супольнасці, паколькі яно папярэднічала з’яўленню крыцкага пісьма (найстаражытнейшай пісьменнасці Еўропы).

Наступная радыевугляродная датыроўка іншых знаходак з наваколляў Тэртэрыі, ускосна дастасавальная і да саміх таблічак, ссунула дату існавання ўсёй вінчанскай культуры прыкладна да 5500 года да н. э. — часу існавання раннешумерскага горада Эрэду ў Месапатаміі[13].

Існуе спрэчнае сцвярджэнне, што калі гэтыя знакі сапраўды з’яўляюцца відам пісьменнасці, то дунайскае пісьмо значна папярэднічала з’яўленню шумерскага клінапісу або егіпецкіх іерогліфаў. Такім чынам, яно магло б аказацца найраннейшай пісьменнасцю ва ўсім свеце.

Гістарычны кантэкст

правіць

Дунайская гіпотэза

правіць

Тэрмін «Дунайская культура» быў прапанаваны В. Горданам Чайлдам для апісання першага земляробчага таварыства ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гіпотэзу пра існаванне пісьменства ў гэтым рэгіёне падтрымліваюць Марка Мерліні[14], Харальд Хаарман, Джоан Марлер[15], Георге Лазаровіч[16] і многія іншыя даследчыкі.

Даследчыца Марыя Гімбутас, якая спецыялізуецца на культуры і вераваннях даіндаеўрапейскай Еўропы, выказала меркаванне, што знойдзеныя піктаграмы з’яўляюцца найстаражытнейшай у свеце формай пісьменнасці. На думку М. Гімбутас, гэтая сістэма ўзнікла ў першай палове VI тыс. да н. э., распаўсюджвалася паміж 5300-4300 гадамі і знікла да 4000 года да н. э.[17][18]

Меркаваная роднасць з шумерскай культурай

правіць

Археолаг і палеалінгвіст Колін Рэнфру сцвярджае, што ўяўнае падабенства з шумерскімі знакамі зманліва[19]:

На мой погляд, параўнанне знакаў на таблічках Тэртэрыі і таблічках пратапісьмовага Шумера не мае вялікага значэння. Усё гэта — простыя піктаграмы, і выява казы ў адной культуры непазбежна будзе моцна нагадваць выяву казы ў іншай. Называць гэтыя балканскія знакі «пісьменнасцю» — значыць, магчыма, разумець, што яны валодаюць самастойным сэнсам, які перадаецца іншаму чалавеку без вуснай гаворкі. У гэтым я сумняваюся.

Магчымыя сувязі

правіць

Вінчанскія артэфакты

правіць

Вінчанскія знакі вядомыя з канца 19 стагоддзя, калі венгерская археолаг Софія Торма (1832—1899)[20] выявіла іх падчас раскопак на неалітычным селішчы Турдаш у Трансільваніі. У тыя часы гэтая зямля ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Турдаш з’яўляецца тыпавым месцам турдашскай культуры — позняга рэгіянальнага падвіду вінчанскай культуры.

Іншыя артэфакты

правіць

Існуюць сведчанні ўзаемасувязі групы артэфактаў з Тэртэрыі, уключаючы таблічкі, з культурамі, якія развіваліся ўздоўж Чорнага і Эгейскага мораў. Падобныя прадметы былі знойдзеныя ў Балгарыі (напрыклад, Градзешніцкія таблічкі) і Паўночнай Грэцыі (таблічка з Дыспіліё). Сыравіна і стыль вырабу тэртэрыйскіх артэфактаў нагадваюць прадметы, знойдзеныя на Кікладскіх астравах: дзве статуэткі выкананы з алебастру, уласцівага для гэтага рэгіёна[крыніца?].

Тлумачэнне

правіць

Значэнне сімвалаў (калі такое маецца) невядома, а іхняя прырода застаецца прадметам дыскусій.

Пісьменнасць

правіць

Прыхільнікі тлумачэння знакаў як пратапісьменнасць абапіраюцца на некалькі дапушчэнняў, якія, аднак, падзяляюць не ўсе даследнікі:

  • Наяўнасць падобных знакаў на іншых прадметах дунайскай культуры. Гэта прадугледжвае існаванне ў пісцоў набору стандартызаваных знакаў.
  • Сімвалы выглядаюць выразна стандартызаванымі і маюць прамалінейнае напісанне, супастаўнае з тым, якое маюць іншыя архаічныя сістэмы пісьма.
  • Мяркуецца, што кожны знак перадае ясны і адназначны сэнс.
  • Надпісы размешчаны радамі: гарызантальнымі, вертыкальнымі або кругавымі.

Нават калі знакі на таблічках сапраўды з’яўляюцца пісьменнасцю, то невядома, якую менавіта сістэму пісьма яны прадстаўляюць. Кіраўнік раскопак Мікалае Власа тлумачыў адну з таблічак як выяву сцэны палявання, а дзве іншыя з сімваламі — як від прымітыўнага пісьма, падобнага на раннія піктаграмы шумераў. Некаторыя вучоныя прыхільнікі гіпотэзы пра пісьменнасць, напрыклад Марыя Гімбутас, мяркуюць, што гэта ўзоры сістэмы, названай «стараеўрапейскім пісьмом», альбо «дунайскім».

Немоўная сімволіка

правіць

Існуе шэраг перашкодаў для прызнання тэртэрыйскіх сімвалаў пісьменнасцю.

Па-першае, адсутнічаюць незалежныя сведчанні пісьменства на Балканах той эпохі. Археолаг Сарунас Мілаўскас адзначае, што «археалагічна надзвычай складана даказаць, ці з’яўляецца корпус знакаў сістэмай пісьма», і адзначае, што ўсе першыя вядомыя сістэмы пісьма былі распрацаваны раннімі дзяржавамі для палягчэння вядзення ўліку ў складана згуртаваных таварыствах Блізкага Усходу і Міжземнамор’я. Паколькі няма ніякіх сведчанняў існавання дзяржаўных утварэнняў у еўрапейскім неаліце, малаверагодна, што ім патрабавалася б адміністрацыйны лад, падтрымліваемы пісьменнасцю.

Па-другое, Дэвід Энтані адзначае, што кітайскія іерогліфы першапачаткова выкарыстоўваліся ў рытуальных і памятных мэтах, звязаных са «свяшчэннай уладай» цароў. Магчыма, тэртэрыйскія знакі выконвалі падобную задачу[21]. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што сімвалы маглі служыць пазнакамі ўласнасці або выкарыстоўвацца ў рэлігійных абрадах[13].

Па-трэцяе, альтэрнатыўная прапанова заключаецца ў тым, што гэтыя сімвалы маглі быць проста недакладным наследаваннем больш развітым культурам. Аднак гэтая гіпотэза малаверагодная з-за старажытнасці саміх таблічак — у тую эпоху не існавала вядомых пісьмовых культур, у якіх можна было б запазычыць знакі[13].

Ёсць таксама крайняе меркаванне, што піктаграмы суправаджаюцца проста выпадковымі крамзолямі[13].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Merlini & Lazarovici 2008, p. 111.
  2. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 115–124.
  3. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 111, 131.
  4. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 132–134.
  5. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 125–130.
  6. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 111–117, 166–180.
  7. а б Alasdair W. R. Whittle. Europe in the Neolithic: The Creation of New Worlds. — Cambridge University Press, 1996. — С. 101.
  8. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 111–117.
  9. Qasim, Erika Die Tărtăria-Täfelchen – eine Neubewertung // Das Altertum. — Berlin: Akademie, 2013. — В. 58. — Т. 4. — С. 307–318. — ISSN 0002-6646.
  10. а б Merlini & Lazarovici 2008, p. 116.
  11. Merlini & Lazarovici 2008, pp. 118–119.
  12. H. W. F. Saggs. Civilization Before Greece and Rome. — Yale University Press, 1998. — С. 75.
  13. а б в г Carl J. Becker. A Modern Theory Of Language Evolution. — Bloomington: iUniverse, 2004. — С. 346.
  14. Marco Merlini. La scrittura è natta in Europa. — Roma: Avverbi, 2004.
  15. Harald Haarmann, Joan Marler An introduction to the study of the Danube Script // Journal of Archeomythology. — 2008. — Т. 4.
  16. Gheorghe Lazarovici, Cornelia-Magda Lazarovici, Marco Merlini. TĂRTĂRIA and the sacred tablets. — Cluj-Napoca: Editura Mega, 2011. — ISBN 978-606-543-160-7.
  17. Gimbutas Marija. The Language of the Goddess: Unearthing the Hidden Symbols of Western Civilization. — San Francisco: Harper & Row, 1989.
  18. Gimbutas Marija. The Civilization of the Goddess: The World of Old Europe. — San Francisco: Harper & Row, 1991.
  19. Colin Renfrew. Before civilization: The radiocarbon revolution and prehistoric Europe. — Jonathan Cape, 1973. — С. 186.
  20. Gimbutas 2001, p. 50.
  21. Sarunas Milisauskas, European Prehistory: A Survey, pp. 236-37 (Kluwer Academic / Plenum Publishers, 2002)

Літаратура

правіць
  • Evans, A. (1895), Cretan pictographs and prae-Phoenician script. With an account of a sepulchral deposit at Hagios Onuphrios near Phaestos in its relation primitive Cretan and Aegean culture, New York City: G. P. Putnam's Sons, p. 166
  • Falkenstein, A. (1965). "Zu den Tontafeln aus Tărtăria". Germania. 43: 269–273. (ням.)
  • Gimbutas, Marija (2001) [1999]. Dexter, Miriam Robbins (рэд.). The Living Goddesses. Berkeley: University of California Press. ISBN 9780520229150.
  • Haarmann, H. (1990), "Writing from Old Europe", The Journal of Indo-European Studies
  • Jongbloed, Dominique (2011), Civilisations antédiluviennes, Alphée ed (фр.)
  • Kenanidis, I.; Papakitsos, G. (2015) A Comparative Linguistic Study about the Sumerian Influence on the Creation of the Aegean Scripts.
  • Klára, Friedrich The Mystery of Tatárlaka (Dobogó-Historical journal, 2004/9.-2005/6.)
  • Klára, Friedrich (2005) — Szakács Gábor: Graved in stone, carved in wood…
  • Makkay, J. (1969), "The Late Neolithic Tordos Group of Signs", Alba Regia, pp. 9–50.
  • Makkay, J. (1984), Early Stamp Seals in South-East Europe, Budapest{{citation}}: Папярэджанні CS1: месца без выдавецтва (спасылка).
  • Mandics, Gy., Záhonyi, A.: The message oh Tartaria and Tordos. Fríg (Pilisvörösvár, Hungary), 2018.
  • Merlini, Marco; Lazarovici, Gheorghe (2008). "Settling discovery circumstances, dating and utilization of the Tărtăria tablets" (PDF). Acta Terrae Septemcastrensis. VII. Sibiu, Romania: Lucian Blaga University of Sibiu. ISSN 1583-1817.
  • Paliga, Sorin (1993). "The tablets of Tărtăria. An enigma? A reconsideration and further perspectives". Dialogues d'histoire ancienne. 19 (1): 9–43. doi:10.3406/dha.1993.2073.
  • Schmandt-Besserat, Denise (1992) Before Writing, University of Texas Press, Austin. Volume I: From Counting to Cuneiform.
  • Vaiman, A. A. (1994) On the Quasi-Sumerian tablets from Tartaria. Археологические вести. Спб, 1994. Вып. 3. Аннотации. — ИИМК РАН
  • Winn, Sham MM (1973), The Signs of the Vinca Culture.
  • Winn, Sham MM (1981), Pre-writing in Southeast Europe: The Sign System of the Vinca culture, BAR.

Спасылкі

правіць