Узброеныя сілы Рэспублікі Сербскай

Узброеныя сілы Рэспублікі Сербскай (сербск.: Војска Републике Српске (ВРС), Vojska Republike Srpske (VRS), таксама называюць Армія баснійскіх сербаў, Войска Рэспублікі Сербскай) — узброеныя фармаванні Рэспублікі Сербскай, якая цяпер з’яўляецца энтытэтам  (руск.) у складзе Босніі і Герцагавіны. Існавалі ў перыяд з 1992 па 2006 год. Прымалі актыўны ўдзел у грамадзянскай вайне ў Югаславіі. З 2003 года ўзброеныя сілы Рэспублікі Сербскай пачалі ўваходзіць у склад узброеных сіл Босніі і Герцагавіны  (руск.). У 2005 годзе часткі рэфармаванай арміі Босніі і Герцагавіны, якія складаліся з баснійскіх, харвацкіх і сербскіх падраздзяленняў, былі скіраваны у складзе кааліцыйных сіл у Ірак. 6 чэрвеня 2006 года ўзброеныя сілы Рэспублікі Сербскай канчаткова перасталі існаваць, увайшоўшы ў склад арміі Босніі і Герцагавіны[1].

Узброеныя сілы Рэспублікі Сербскай
сербск.: Војска Републике Српске (ВРС)
Vojska Republike Srpske (VRS)
Эмблема Арміі Рэспублікі Сербскай
Гады існавання 19922006
Краіна Сцяг Рэспублікі Сербскай Рэспубліка Сербская
Тып узброеныя сілы
Заступнік святы прарок Ілья
Удзел у Баснійская вайна
Вайна ў Харватыі
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Ратка Младзіч (19921996)

Гісторыя

правіць

Перадгісторыя

правіць
 
Этнічная карта Босніі і Герцагавіны паводле перапісу насельніцтва 1991 года.

Боснія і Герцагавіна гістарычна была шматнацыянальнай дзяржавай. Паводле дадзеных перапісу 1991 года, 43,7 адсотка насельніцтва былі баснійскімі мусульманамі, 31,4 адсотка — сербамі, 17,3 адсотка — харватамі і 5,5 адсотка вызначалі сябе як югаславы[2]. Большасць югаславаў былі сербамі, або дзецьмі ад змяшаных шлюбаў. У 1991 годзе 27 % шлюбаў былі змяшанымі[3].

У выніку першых шматпартыйных выбараў, што адбыліся ў лістападзе 1990 года, перамаглі тры найбуйнейшыя нацыяналістычныя партыі Партыя дэмакратычнага дзеяння  (руск.), Сербская дэмакратычная партыя  (руск.) і Харвацкая дэмакратычная садружнасць.

Бакі падзялілі ўладу па этнічнай лініі так, што кіраўніком рэспублікі стаў басніец-мусульманін Алія Ізетбегавіч, старшынём парламента — серб Мамчыла Краішнік, а прэм’ер-міністрам — харват Юрэ Пеліван. 15 кастрычніка 1991 года парламент Сацыялістычнай рэспублікі Босніі і Герцагавіны ў Сараеве прыняў «Мемарандум пра суверэнітэт Босніі і Герцагавіны» простай большасцю галасоў[4][5]. Мемарандум сустрэў гарачыя пярэчанні сербскіх членаў баснійскага парламента, якія сцвярджалі, што пытанні, што тычацца паправак у канстытуцыю, павінны быць падтрыманы 2/3 членамі парламента. Нягледзячы на гэта, «Мемарандум» быў зацверджаны, што прывяло да байкоту парламента з боку баснійскіх сербаў. Падчас байкоту было прынята заканадаўства рэспублікі[6]. 25 студзеня 1992 года падчас сесіі баснійскага парламента ён заклікаў да рэферэндуму па пытанні незалежнасці, прызначыўшы яго на 29 лютага і 1 сакавіка[4].

29 лютага — 1 сакавіка 1992 года ў Босніі і Герцагавіне прайшоў рэферэндум пра дзяржаўную незалежнасць. Яўка на рэферэндуме склала 63, 4 %. 99, 7 % выбарцаў прагаласавалі за незалежнасць[7]. Незалежнасць рэспублікі была пацверджана 5 сакавіка 1992 года парламентам. Аднак сербы, якія складалі траціну насельніцтвы БІГ, байкатавалі гэты рэферэндум і заявілі пра непадпарадкаванне новаму нацыянальнаму ўраду БіГ, пачаўшы з 10 красавіка фармаваць уласныя органы ўлады з цэнтрам у горадзе Баня-Лука. Нацыянальны рух сербаў узначаліла Сербская дэмакратычная партыя Радавана Караджыча.

Фармаванне арміі

правіць
 
Г-4 СОКО Галеб. Югаслаўская армія пакінула баснійскім сербам і баявыя самалёты.

Падчас фармавання арміі баснійскім сербам значную дапамогу зрабіла югаслаўскае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва. Член Прэзідыума СФРЮ ад Сербіі Барысаў Ёвіч у сваім дзённіку ад 4 снежня 1991 года пакінуў запіс з нагоды дапамогі баснійскім сербам[8][9]:

  Калі Боснія і Герцагавіна будзе прызнана на міжнародным роўні, ЮНА будзе абвешчана на яе тэрыторыі замежнай арміі і будзе змушана выйсці ў кароткія тэрміны. У гэтай сітуацыі сербскае насельніцтва апынецца безабаронным… Слаба (Слабадан Мілошавіч) думае, што мы павінны адклікаць усіх грамадзян Сербіі і Чарнагорыі, які праходзілі службу ў ЮНА на тэрыторыі БіГ, а ўсіх баснійцаў з ЮНА за межамі рэспублікі перадыслакаваць у Боснію. Тады ў кіраўніцтва баснійскіх сербаў з'явіцца магчымасць узяць пад сваю каманду сербскую частку ЮНА ў Босніі.  

У канцы 1991 года ў становішчы падвышанай сакрэтнасці пачынаецца перавод у Боснію і Герцагавіну тых сербаў-афіцэраў, якія там нарадзіліся. 25 снежня такі сакрэтны загад падпісвае і федэральны міністр абароны Велька Кадзіевіч  (руск.). Барысаў Ёвіч пісаў[8][10]:

  Толькі мы з Мілошавічам абмяркоўвалі гэта. Больш нікому не казалі. Мы аддалі ўказанне Генштабу перакінуць усіх, хто родам з Босніі, у Боснію, а тых, што родам з Сербіі і Чарнагорыі — у Сербію і Чарнагорыю… Да часу прызнанні незалежнасці, у Босніі знаходзілася 90 000 вайскоўцаў ЮНА, з якіх, я думаю, 85% былі баснійскімі сербамі.  

3 студзеня 1992 года Югаслаўская народная армія была рэарганізавана. Яе падраздзяленні на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны былі аформлены ў 2-ю Ваенную вобласць са штабам у Сараеве пад камандаваннем генерал-палкоўніка Мілуціна Куканяца. Частка тэрыторыі Герцагавіны ўвайшла ў зону адказнасці 4-й ВВ, пад камандаваннем генерал-палкоўніка Паўле Стругара. Разам з навучэнцамі і выкладнікамі шматлікіх вайсковых школ, размешчаных у БіГ, колькасць ЮНА на тэрыторыі рэспублікі складала да 110 000 чалавек. На ўзбраенні было каля 500 танкаў, БТР і БМП, каля 550 адзінак палявой артылерыі калібру 100 мм і вышэй, 48 рэактыўных сістэм залпавага агню і 350 мінамётаў калібрам 120 мм. ВПС мелі ў Босніі 120 знішчальнікаў і знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў, 40 лёгкіх верталётаў і 30 транспартных[11][8][12].

Апроч падраздзяленняў ЮНА баснійскія сербы абапіраліся на атрады Тэрытарыяльнай абароны, якія функцыянеры Сербскай дэмакратычнай партыі ўзялі пад кантроль увосень 1991 года, стварыўшы крызісныя штабы. Такім чынам, вясной 1992 года ў Босніі існавала дзве Тэрытарыяльнай Абароны: адна, сербская — у абшчынах, дзе сербы складалі большасць, іншая была падкантрольная мусульмана-харвацкаму ўраду. Да сярэдзіны красавіка 1992 года, колькасць Тэрытарыяльнай абароны баснійскіх сербаў і добраахвотніцкіх падраздзяленняў складала каля 60 000 чалавек[11]. Склад атрадаў ТА вар’іраваўся ад 300 ваяроў у Босанска-Крупе, да 4 200 у аб’яднаных сілах злучын Сокалац і Олава. Кожнае падраздзяленне знаходзілася ў падначаленні крызіснага штаба, якое ўзначальваў старшыня мясцовай арганізацыі СДП[8].

Радаван Караджыч пазней так успамінаў пра час, калі фармавалася Армія РС[13][8]:

  Першыя 45 дзён, калі ў нас не было ні арміі, ні аб'яднанага камандавання арміі і паліцыі, мы перажывалі хаос. Усё ненавідзелі ўсіх, усё ваявалі супраць усіх. Гэта быў працяг Другой Сусветнай вайны, людзі ўспаміналі, што з імі зрабіла тая ці іншая сям'я, і яны баяліся, што гэта паўторыцца і казалі: давайце заб'ём іх перш, чым яны заб'юць нас. Людзі не забывалі, хто забіваў іх бацькаў, дзядоў, маці. Усё асцерагаліся помсты і пачыналі першымі.  
 
Генерал Ратка Младзіч.

5 сакавіка 1992 года Боснія і Герцагавіна абвясціла незалежнасць. Прызнаць яе адмовіліся баснійскія сербы. На тэрыторыі рэспублікі пачаліся сутыкненні, якія перараслі ў баявыя дзеянні. На тэрыторыю Босніі былі ўведзены харвацкія войскі, якія атакавалі падраздзяленні югаслаўскай арміі і атрады баснійскіх сербаў[13]. Лідар баснійскіх мусульманаў Алія Ізетбегавіч аддаў загад пра ўсеагульны напад на жаўнерні ЮНА. 27 красавіка Прэзідыум БіГ, сабраўшыся ў няпоўным складзе, запатрабаваў ад югаслаўскай арміі скласці зброю і пакінуць тэрыторыю рэспублікі. 2 мая 1992 года мусульманскія сілы абсадзілі жаўнерні ЮНА ў Сараеве і распачалі шэраг нападаў на патрулі і ваенныя аб’екты[8]. У маі 1992 года на фоне баёў у Босніі і Герцагавіне Югаслаўская Народная Армія пачала пакідаць рэспубліку[14]. Да таго часу ў ёй заставаліся практычна толькі сербы і чарнагорцы. Тыя з іх, хто былі выхадцамі БіГ, засталіся ў рэспубліцы, уступіўшы ў стваранае Войска Рэспублікі Сербскай. ЮНА пакінула ім і цяжкае ўзбраенне[8].

Кіраўніцтвам Югаславіі было прынята рашэнне пра падтрымку баснійскіх сербаў і дапамогі ў фармаванні арміі. Падчас вываду частак ЮНА, афіцэры і салдаты родам з Босніі і Герцагавіны засталіся на радзіме і перайшлі на службу ва УС РС. Таксама новай арміі было пакінута цяжкае ўзбраенне, танкі, авіяцыя і інш. 12 мая Скупшчына баснійскіх сербаў пастанавіла стварыць узброеныя сілы[1][15]. На чале арміі быў прызначаны генерал Ратка Младзіч, які да гэтага ўзначальваў 9-ы Кнінскі корпус ЮНА, які прымаў актыўны ўдзел у баях у Сербскай Краіне[8][12]. У маі 1992 года былі сфармаваны пяць карпусоў і Галоўны Штаб, начальнікам якога стаў генерал Манойла Мілаванавіч  (руск.). Галоўным чынам падраздзяленні ЮНА, якія ўліліся ў склад УС РС, мелі досвед баявых дзеянняў у Харватыі. Галоўны штаб Арміі, што фармаваўся на глебе штаба 2-й Вайсковай вобласці, быў укамплектаваны дасведчанымі афіцэрамі[8].

Армія РС у гады вайны

правіць

У 1992 годзе, пасля вываду югаслаўскай арміі з БіГ, асноўнай мэтай арміі баснійскіх сербаў было ўзяцце пад кантроль тэрыторый з большасцю сербскага насельніцтва і тых раёнаў, на якія прэтэндавала Рэспубліка Сербская[8]. Ужо ўвесну 1992 года пачаліся баі ў Сараеве, перарослыя ў працяглую аблогу горада. УС РС і добраахвотніцкія атрады, што ўмацаваліся ў населеных сербамі прыгарадах, абложвалі сталіцу БіГ аж да Дэйтанскіх пагадненняў. Аблога Сараева вельмі адмоўна адбілася на іміджы баснійскіх сербаў і іх арміі. У Заходняй Босніі сербы ўзялі пад кантроль Прыедар, Босанска-Крупе, Санскі-Мост і Ключ. У Пасавіне ім супрацьстаялі як фармаванні мусульманаў, так і падраздзяленні баснійскіх харватаў і рэгулярнай арміі Харватыі. Яны змаглі пераразаць так званы «Калідор жыцця» — вузкую палосу тэрыторыі ў раёне Брчко, які злучаў Сербскую Краіну і заходнія раёны РС з яе ўсходнімі раёнамі і Саюзнай Рэспублікай Югаславіяй. У выніку працяглай аперацыі пад назвай «Калідор-92» былі разгромлены буйныя харвацкія сілы, а сам «Калідор» быў пад сербскім кантролем на працягу ўсёй вайны. Іншай буйнай перамогай сербаў стала аперацыя «Врбас-92  (руск.)», падчас якой УС РС змаглі заняць Яйцэ і яго наваколлі, а таксама дзве важныя ГЭС на рацэ Врбас. Ва Усходняй Босніі і Падрынне УС РС выбілі мусульманаў з Біеліны, Зворніка, Вышаграда, Фочы і іншых гарадоў. Аднак сербы не змаглі замацавацца ў Срэбраніцы, у якой утварыўся мусульманскі анклаў. Ва Усходняй Герцагавіне ўлетку 1992 года баснійскія харваты і армія Харватыі правялі буйнае наступленне, у выніку якога сілы сербаў былі адкінуты ад Мостара. У снежні 1992 года з-за ўзрослай актыўнасці мусульман у анклавах у Падрынні ў складзе УС РС быў утвораны Дрынскі корпус[8].

 
Камплект рыштунку ваяра УС РС.

У пачатку 1993 года ВРС адбівалі спробы мусульман і харватаў пераразаць «Калідор». У маі і ліпені сербы распачалі некалькі аперацый па яго пашырэнні, здолеўшы пасунуць часткі праціўніка. Зімой — вясной сербы адлюстроўвалі атакі мусульман са Срэбраніцы, якія падчас сваіх рэйдаў знішчылі некалькі сербскіх сёл. Потым УС РС, карыстаючыся падтрымкай югаслаўскай арміі, перайшлі ў наступленне, прычыніўшы значную шкоду сілам мусульман. У сітуацыю ўмяшалася ААН, абвясціўшы горад зонай бяспекі. Таксама ўвесну сербы правялі наступ у раёне Вышаграда, узяўшы пад кантроль значную па памерах тэрыторыю. У ліпені 1993 года УС РС разгарнулі аперацыю «Лукавац-93», у выніку якой было занята Трнова і шэраг іншых населеных пунктаў, а Сараева апынулася ў поўным акружэнні. У заходняй Босніі сербы падтрымалі Фікрэта Абдзіча, які выйшаў з падначалення ўраду ў Сараеве. Яго сілы, абапіраючыся на дапамогу з боку армій Сербскай Краіны і Рэспублікі Сербскай, пачалі баявыя дзеянні супраць 5-га корпуса АРБіГ[8].

 
Генерал Ратка Младзіч падчас перамоў у аэрапорце Сараева, чэрвень 1993.

Амерыканскі публіцыст Арнольд Шэрман пісаў у 1993 годзе[16]:

  Мужчыны дзеляць час паміж звычайнай працай і салдацкім рамяством. У выпадку патрэбы яны імгненна з'яўляюцца са зброяй там, дзе паўстала небяспека. Яны ведаюць, хто можа вяртацца дахаты, а хто застанецца на баявых пазіцыях, калі ўціхне першая трывога. У мірным жыцці яны звычайныя суседзі і сябры, на вайне — таварышы па зброі. Гэта армія грамадзян, якія не маюць патрэбы ў ін'екцыях патрыятызму. Яны ў даслоўным сэнсе вядуць змаганне за свае дамы, за сваю маёмасць, за свае сем'і, за сваё жыццё.  

Улетку 1993 года Галоўны штаб УС РС распрацаваў серыю наступальных аперацый пад агульнай назвай «Дрына-93», якія планаваліся ў раёне Азена і Тузлы, а таксама Біхачскай кішэні. Сербскае наступленне пачаўся ў лістападзе 1993 года і скончыўся пад канец лютага 1994 года, дасягнуўшы частковых поспехаў. Тады ж пад ціскам з боку ААН і НАТО УС РС адвялі цяжкае ўзбраенне ад Сараева. Пад канец сакавіка сербы пачалі буйнае наступленне на мусульманскі анклаў у Гораждзе. Спачатку яно развівалася паспяхова, але потым у яго ход умяшаліся сілы НАТО, наносячы бомбавыя ўдары па пазіцыях УС РС. Пад ціскам Паўночнаатлантычнага альянсу сербы былі змушаны спыніць аперацыю, пагадзіўшыся на размяшчэнне ў анклаве міратворцаў ААН. 1994 год для арміі баснійскіх сербаў адзначыўся таксама абарончымі баямі па ўсёй лініі фронту, падзеннем Купрэса і зацятымі бітвамі ў Біхачскай кішэні. З вясны 1994 года аднавіліся баявыя дзеянні паміж баснійскімі сербамі і харватамі, якія аднавілі саюзніцкія адносіны з мусульманамі[8].

У 1995 годзе буйныя ваенныя аперацыі ў БіГ пачаліся вясной. Сербы змаглі адбіць наступленне мусульман на Влашычы, Маевіцэ і ў раёне Калінавіка, зрабіўшы серыю контрудараў. Улетку 1995 года ВУС РС таксама ўтрымалі пазіцыі вакол Сараева, наносячы цяжкія страты 1-му корпусу мусульманскай арміі. У ліпені сербы занялі Срэбраніцу і Жэпу. Паводле дадзеных Гаагскага трыбунала, гэта суправаджалася масавай расправай з мусульманскімі ваеннапалоннымі. Дадзеная аперацыя і падзеі за ёй нанеслі велізарную шкоду іміджу УС РС. Таксама ў ліпені сербы распачалі буйны наступ на Біхач. Аднак баснійскія харваты і падраздзяленні рэгулярнай Арміі Харватыі ў сваю чаргу пачалі атакі на Гламач і Босанска-Грахава. Калі гэтыя два гарады палі, УС РС былі змушаны згарнуць аперацыю пад Біхачам. У жніўні — кастрычніку 1995 года сербы перайшлі да абароны па ўсёй лініі фронту. У выніку супольнага мусульманска-харвацкага наступлення і масавых авіянападаў з боку авіяцыі НАТО Рэспубліка Сербская пазбавілася значных тэрыторый у Заходняй Босніі, раёне Азена і г.д. Пад канец кастрычніка баі ў Босніі і Герцагавіне спыніліся[8].

У паваенны час

правіць

Пасля сканчэння вайны ў БіГ у Арміі Рэспублікі Сербскай пачаліся паступовыя рэформы. З прыкладна 180 000 салдатаў і афіцэраў за некалькі гадоў колькасць асабовага склада скарацілася да 20 000 чалавек. Паралельна ішоў працэс змены структуры, з шасці карпусоў засталіся чатыры, а потым тры. Галоўны штаб быў пераназваны ў Генеральны штаб і перасунуты ў Біеліну. У пачатку 2000-х гг. колькасць Арміі РС складала 10 000, а пасля скасавання тэрміновай службы зменшылася да 7 000 ваяроў. Перад улучэннем у БіГ яна налічвала 3 981 салдата і афіцэра[15].

Нават пасля рэформаў і скарачэнняў Армія Рэспублікі Сербскай мела значныя запасы ўзбраення. У 1999 годзе былі 73 танкі М-84 і 204 Т-55. З іншай бранятэхнікі былі 118 БМП М-80, 84 БТР М-60, 5 ПТ-76, 19 БТР-50, 23 БОВ-ВП. Артылерыя налічвала 1522 адзінкі, у тым ліку: 95 ракетных установак і РСЗА, 720 самаходных, палявых і супрацьтанкавых гармат, 561 безадкатная гармата і 146 мінамётаў. У ВПС былі 22 самалёты і 7 баявых верталётаў. Пры гэтым паводле Дэйтанскіх пагадненняў УС РС мелі права толькі на 137 танкаў, 113 БТР і БМП і 500 артылерыйскіх гармат[17].

 
Прысяга навабранцаў, 2001 год.

У жніўні 2005 года Скупшчына РС пагадзілася прыняць план фармавання адзіных узброеных сіл і міністэрства абароны ў Босніі і Герцагавіне ў рамках шырокай абароннай рэформы краіны. У лістападзе 2005 года Скупшчына РС таксама прыняла план рэфармавання паліцыі БіГ, які прапанаваны Еўрасаюзам і агадваў стварэнні адзіных шматэтнічных праваахоўных органаў. А ў снежні 2005 года ў Сараеве пад эгідай міжнароднай адміністрацыі БіГ пачаліся трохбаковыя перамовы пра змену канстытуцыі краіны шляхам узмацнення ролі і паўнамоцтваў адзіных міжэтнічных уладных структур, г.зн. пра скасаванне Дэйтанскіх пагадненняў. Прэзідэнт РС Драган Чавыч, каментуючы рашэнне пра скасаванне міністэрства абароны РС, адзначыў, што яно было «хваравітым, але ўсё ж унёскам у будучыню». Ён таксама падкрэсліў, што баснійскія сербы зацікаўлены ва ўступе БіГ у НАТО, паколькі гэта адказвае «інтарэсам агульнай сітуацыі з бяспекай у краіне»[18].

Пасля ўлучэння Арміі РС ва Узброеныя сілы Босніі і Герцагавіны склады з узбраеннем былі перададзены пад супольны кантроль баснійскіх вайскоўцаў і міратворцаў. Частка ваеннай тэхнікі была знішчана як «лішак узбраення»[17], а частка была перададзена шэрагу прыватных фірмаў, якія потым прадалі яго ў іншыя краіны, у прыватнасці ў Грузію. Частка зброі з арсеналаў УС РС апынулася ў руках сірыйскай апазіцыі[19].

Вінавачанні ў ваенных злачынствах

правіць

Шэраг эпізодаў ваенных дзеянняў, такія як аблога Сараева і разня ў Срэбраніцы моцна нашкодзілі іміджу УС РС. Пасля вайны Гаагскі трыбунал звінаваціў шэраг вышэйшых чыноў УС РС у ваенных злачынствах. Некаторыя з іх былі арыштаваны ў Босніі, іншыя ў Сербіі і іншых краінах. Радаван Караджыч і Ратка Младзіч у наш час знаходзяцца ў Гаазе, над імі ідзе суд. Таксама былі асуджаны генералы Галіч і Мілошавіч[20] за аблогу Сараева, Талімір[21], Крстыч і Беара за забойствы ў Срэбраніцы. Шэраг вайскоўцаў і паліцэйскіх афіцэраў былі асуджаны за масавае высяленне несербскага насельніцтва ў Заходняй Босніі і стварэнне лагераў. Усяго МТБЮ звінаваціў 53 сербскіх вайскоўцаў з шэрагаў УС РС[15].

Склад узброеных сіл

правіць

У 1993 годзе

правіць

Армейскія карпусы[1]:

  • 1-ы Краінскі корпус  (руск.). Быў сфармаваны на глебе былога 5-га корпуса Югаслаўскай Народнай Арміі[22]. Штаб корпуса знаходзіўся ў Баня-Луцы[23][24]. Корпус адказваў за Заходнюю Боснію, ён быў самым буйным і магутным у арміі баснійскіх сербаў[25].
  • 2-і Краінскі корпус  (руск.). Быў сфармаваны на базе 9-га і 10-га карпусоў ЮНА[22], выведзеных з Харватыі. Штаб корпуса знаходзіўся ў Дрвары[24]. Корпус адказваў за Заходнюю Боснію і Герцагавіну. Быў самым слабым у Арміі РС. Увосень 1995 года панёс цяжкія страты ў баях з фармаваннямі баснійскіх мусульман і харватаў і рэгулярнымі брыгадамі Арміі Харватыі[23].
  • Усходне-Баснійскі корпус  (руск.). Быў сфармаваны з падраздзяленняў былога 17-га корпуса ЮНА[22]. Штаб корпуса знаходзіўся ў Біеліне[24]. Корпус адказваў за Паўночна-Усходнюю Боснію. Быў адзіным падраздзяленнем у арміі баснійскіх сербаў, які меў у назве вызначэнне «баснійскі»[23].
  • Сараеўска-Раманійскі корпус  (руск.). Быў створаны на глебе 4-га корпуса ЮНА[22]. Штаб корпуса размяшчаўся ў Лукавіцы[23]. Зонай адказнасці корпуса было наваколле Сараева і вобласць Раманія.
  • Дрынскі корпус  (руск.). Быў сфармаваны ў лістападзе 1992 года з-за атак мусульманскіх падраздзяленняў у Падрынне. Штаб корпуса знаходзіўся ў Плахце. Корпус адказваў за Усходнюю Боснію і Падрынне[26].
  • Герцагавінскі корпус  (руск.). Быў арганізаваны на глебе 13-га корпуса ЮНА[22], выведзенага з Харватыі. Штаб корпуса размяшчаўся ў Білечы[24]. Зонай адказнасці корпуса была Усходняя Герцагавіна. Корпус вёў баявыя дзеянні як супраць баснійскіх мусульман і харватаў, так і супраць рэгулярных харвацкіх падраздзяленняў у паўднёвай частцы зоны адказнасці[26].

Ваенна-паветраныя сілы Рэспублікі Сербскай

правіць

ВПС РС атрымалі авіяцыйную тэхніку ад Югаслаўскай Народнай Арміі, якая пакідала Боснію, і актыўна выкарыстоўвалі яе падчас вайны. Ад ЮНА баснійскія сербы атрымалі 22 Ј-21 Јастреб  (руск.), 12 Ј-22 Орао  (руск.), 27 верталётаў Газела, 14 Мі-8, а таксама комплексы ППА. Афіцыйна ВПС і ППА Рэспублікі Сербскай былі сфармаваны 27 мая 1992 года. У гэты дзень яны здзейснілі 16 баявых вылетаў, атакуючы харвацкія пазіцыі ў Пасавіне. Пасля вываду федэральнай арміі з Босніі УС РС прыступілі да фармавання новых падраздзяленняў у авіяцыі. Баявыя падраздзяленні знаходзіліся на аэрадроме Махаўляні блізу Баня-Лукі. Камандзірам ВПС быў прызначаны пілот генерал Жывамір Нінкавіч. За час баявых дзеянняў загінулі 79 салдатаў і афіцэраў ВПС і ППА[27]. У 2006 годзе, як і ўсе ўзброеныя сілы РС, ВПС таксама былі расфармаваныя і ўвайшлі ў склад ВПС Босніі і Герцагавіны  (англ.)[28].

Напаўвайсковыя і добраахвотніцкія фармаванні

правіць

Падчас вайны ў Босніі і Герцагавіне ва ўзброеных сілах баснійскіх сербаў вялікую ролю гулялі добраахвотніцкія і напаўвайсковыя атрады, асабліва ў пачатку канфлікту.

Падчас вайны 1992—1995 гг. баснійскія сербы атрымалі падтрымку славянскіх і праваслаўных добраахвотнікаў з шэрага краін[29]. Грэчаскія валанцёры з Грэчаскай добраахвотніцкай гвардыі таксама бралі ўдзел у вайне, у прыватнасці ва ўзяцці Срэбраніцы сербамі. Калі горад паў, над ім быў падняты сцяг Грэцыі[30]. На думку шэрага заходніх даследчыкаў, усяго на боку баснійскіх сербаў ваявалі да 4 000[29] добраахвотнікаў з Расіі, Украіны, Грэцыі, Румыніі, Балгарыі і г. д.

Узбраенне

правіць

Армія Рэспублікі Сербскай валодала вялікімі запасамі ўзбраенняў. Галоўным чынам яна ўспадкавала іх ад падраздзяленняў Югаслаўскай Народнай Арміі, якая пакідала Боснію і Герцагавіну. На ўзбраенні ВРС знаходзіліся танкіТ-34-85 і Т-55, былі таксама і сучасныя танкі югаслаўскай распрацоўкі М-84  (руск.). Парк БТР і БМП быў прадстаўлены югаслаўскімі М80  (руск.), М-60  (руск.) і БОВ-ВП, а таксама савецкімі БТР-50 і БРДМ-2[15].

УС РС мелі магутную артылерыю. На ўзбраенні знаходзіліся РСЗА M63 «Пламен»  (руск.), M77 «Огањ»  (руск.), дальнабойныя M87 «Аркан»  (руск.). Палявая артылерыя была прадстаўлена 155-мм гаўбіцамі М-1, 152-мм гаўбіцамі «Нара» і Д-20  (руск.), 130-мм гарматамі М-46, савецкімі гаўбіцамі Д-30, якія вырабляліся ў Югаславіі па ліцэнзіі і атрымалі пазначэнне Д-30Ј, горнымі гарматамі М-56  (руск.) і савецкімі гарматамі «ЗІС». Сярод супрацьтанкавага ўзбраення былі савецкія 100-мм гарматы Т-12, а таксама югаслаўскія безадкатныя гарматы БсТ-82. Баснійскімі сербамі выкарыстоўваліся таксама самаходныя артылерыйскія ўсталёўкі 2С1 «Гвадзік»[15].

ВПС і ППА УС РС таксама былі ўспадкаваны ад югаслаўскай арміі. Ад ЮНА баснійскія сербы атрымалі самалёты Ј-21 Јастреб і Ј-22 Орао, верталёты Газела і Мі-8. Зенітныя гарматы былі пададзены ЗСУ М53/59 «Прага», БОВ-3 і М55 «Троцевац». З ПЗРК выкарыстоўваліся Ігла і Страла-2[15].

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. а б в Istorijat (серб.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
  2. Klemenčič, Matjaž; Žagar, Mitja (2004). The former Yugoslavia's Diverse Peoples: A Reference Sourcebook. Santa Barbara, California: ABC-CLIO. p. 311. ISBN 1576072940.
  3. Югославия в XX веке 2011, с. 805.
  4. а б Trbovich, Ana S. (2008). A Legal Geography of Yugoslavia's Disintegration. Oxford University Press. p. 221. ISBN 9780195333435.
  5. Cook, Bernard A. (2001). Europe Since 1945. Vol. 1. Taylor and Francis. p. 140. ISBN 9780815340577.
  6. Trbovich, Ana S. (2008). A Legal Geography of Yugoslavia's Disintegration. Oxford University Press. pp. 220–224. ISBN 9780195333435.
  7. The Referendum on Independence in Bosnia-Herzegovina: February 29 – 1 March 1992(недаступная спасылка). Commission on Security and Cooperation in Europe (1992). Архівавана з першакрыніцы 26 жніўня 2011. Праверана 28 December 2009.
  8. а б в г д е ё ж з і к л м н Очерки военной истории конфликта в Югославии (1991-1995) (руск.). ArtOfWar. Праверана 7 верасня 2014.
  9. Balkan Battlegrounds 2003, с. 128.
  10. Balkan Battlegrounds 2003, с. 129.
  11. а б Balkan Battlegrounds 2003, с. 130.
  12. а б R. Craig Nation. War in the Balkans 1991-2002. — U.S. Army War College, 2003. — P. 157. — ISBN 1-58487-134-2.
  13. а б Югославия в XX веке 2011, с. 810.
  14. Dimitrijević 2010, с. 298.
  15. а б в г д е Vojska Republike Srpske i priključenija (серб.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
  16. Гуськова Е.Ю. История югославского кризиса (1990-2000). — М.: Русское право/Русский Национальный Фонд, 2001. — С. 283. — ISBN 5941910037.
  17. а б Dimitrijević 2010, с. 303.
  18. БиГ:одна страна — одна армия (руск.). Српска.ру. Праверана 13 лістапада 2014.
  19. Укидање Војске Републике Српске и улазак у НАТО (серб.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2014. Праверана 17 кастрычніка 2014.
  20. Боснийского генерала посадили на 33 года за преступления против человечности (руск.). Лента.РУ. Праверана 8 сакавіка 2015.
  21. Соратника Ратко Младича приговорили к пожизненному заключению (руск.). Лента.Ру. Праверана 8 сакавіка 2015.
  22. а б в г д Dimitrijević 2010, с. 299.
  23. а б в г Булатович 2013, с. 174.
  24. а б в г The Yugoslav Wars 2006, с. 12.
  25. Годишњица формирања 1. Крајишког корпуса ВРС (серб.). Праверана 12 мая 2015.
  26. а б Булатович 2013, с. 175.
  27. Годишњица РВ и ПВО Војске РС (серб.). Праверана 3 студзеня 2015.
  28. Рисови са Врбаса (серб.). Праверана 3 студзеня 2015.
  29. а б The Yugoslav Wars 2006, с. 13.
  30. Helena Smith, Greece faces shame of role in Serb massacre, The Observer, 5 January 2003, accessed 25 November 2006

Літаратура

правіць
  • Булатович Лиляна. Сербский генерал Младич. Судьба защитника Отечества. — Москва: ИППК «ИХТИОС», 2013. — 556 с. — ISBN 978-5-8402-0348-3.
  • Валецкий О. В. Волки белые. — М.: Грифон М, 2006. — 288 с. — ISBN 5-98862-023-X.
  • Гуськова Е.Ю. История югославского кризиса (1990-2000). — М.: Русское право/Русский Национальный Фонд, 2001. — 720 с. — ISBN 5941910037.
  • Поликарпов М. А. Русская сотня. Наши в Сербии. — М.: Эксмо, 1999. — ISBN 5-04-003353-2.
  • К. В. Никифоров (отв. ред.), А. И. Филимонова, А. Л. Шемякин и др. Югославия в XX веке: очерки политической истории. — М.: Индрик, 2011. — 888 с. — ISBN 9785916741216.
  • Блажановић J. Генерали Војске Републике Српске. — Бања Лука: Борачка организациjа Републике Српске, 2005. — 304 с.
  • Боројевић Д., Ивић Д. Орлови са Врбаса. — Рума: Штампа, 2014.
  • Dimitrijević B. Modernizacija i intervencija: jugoslovenske oklopne jedinice. — Beograd: Institut za savremenu istoriju, 2010. — 406 p. — 400 экз. — ISBN 978-86-7403-138-4.
  • Лисица Славко. Командант по потреби. — Сомбор: Војводина, 1995.
  • Milutinović M. Rat je poćeo rijećima. — Banja Luka: Grafid, 2010. — 495 p. — 1 000 экз. — ISBN 978-99955-41-15-6.
  • Radinović R. Laži o sarajevskom ratištu. — Beograd: Svet knjige, 2004. — 261 p. — 1 000 экз. — ISBN 86-7396-076-2.
  • R. Craig Nation. War in the Balkans 1991-2002. — U.S. Army War College, 2003. — 388 p. — ISBN 1-58487-134-2.
  • David C. Isby. Balkan Battlegrounds: A Military History of the Yugoslav Conflict, 1990-1995. — Washington: Diane Publishing Company, 2003. — Vol. 1. — 501 p. — ISBN 978-0-7567-2930-1.
  • Dr N Thomas & K Mikulan. The Yugoslav Wars (2). Bosnia, Kosovo and Macedonia 1992—2001. — Osprey publishing, 2006. — ISBN 1-84176-964-9.

Спасылкі

правіць