Уласла II
Уласла II, таксама вядомы як Уладзіслаў II Добры (венг.: II. Ulászló, чэшск.: Vladislav II. «král Bene», харв.: Vladislav II. Jagelović, польск.: Władysław II Jagiellończyk); 1 сакавіка 1456, Кракаў, Польшча — 13 сакавіка 1516, Буда, Венгрыя) — кароль Чэхіі з 27 мая 1471 года (каранацыя 22 жніўня 1471 года) і кароль Венгрыі з 15 ліпеня 1490 года (каранацыя 21 верасня 1490 года).
Уласла II, Уладзіслаў II | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
венг.: II. Ulászló, чэшск.: Vladislav II. | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Каранацыя | 22 жніўня 1471 | ||||||
Папярэднік | Іржы з Подзебрадаў | ||||||
Пераемнік | Людовік II, кароль Венгрыі і Чэхіі | ||||||
|
|||||||
Каранацыя | 21 верасня 1490 | ||||||
Папярэднік | Мацьяш Хуньядзі | ||||||
Пераемнік | Людовік II, кароль Венгрыі і Чэхіі | ||||||
Нараджэнне |
1 сакавіка 1456 |
||||||
Смерць |
13 сакавіка 1516[1] (60 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Ягелоны | ||||||
Бацька | Казімір IV Ягелончык | ||||||
Маці | Лізавета Габсбург | ||||||
Жонка | Барбара Брандэнбургская, Беатрыса Арагонская[d][2] і Ганна дэ Фуа[2] | ||||||
Дзеці | Ганна Ягелонка і Людовік II Ягелончык | ||||||
Веравызнанне | Хрысціянства | ||||||
Член у | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьУладзіслаў нарадзіўся 1 сакавіка 1456 года ў сям’і польскага караля і вялікага князя літоўскага Казіміра IV, тагачаснага главы польскай кіруючай дынастыі Ягелонаў, і Лізаветы Аўстрыйскай, дачкі Альбрэхта II. Ён быў цёзкай дзядзькі па матчынай лініі чэшскага караля Ладзіслава Постума і яго памерлага дзядзькі па бацькаўскай лініі Уладзіслава III Варнскага, караля польскага, (1434—1444) і венгерскага (1440—1444; пад імем Уладзіслава (Уласла) I).
Быў прапанаваны як спадчыннік багемскага трона ўдавой папярэдняга караля Іржы з Подзебрадаў і каранаваны як чэшскі кароль 22 жніўня 1471. Атрымаў у спадчыну тытул венгерскага караля 18 верасня 1490 года пасля смерці Мацьяша Хуньядзі, які таксама прэтэндаваў на чэшскую карону. Кіраваў пад імем Уладзіслаў, нумарацыя яго імя з’явілася толькі ў гістарычных працах, прычым для кожнага з яго каралеўстваў асобная.
Кіраванне ў Чэхіі
правіцьПасля смерці Іржы з Подзебрадаў пачаўся перыяд канфліктаў за чэшскі прастол. Калі Уладзіслаў прыбыў у Прагу, яму было ўсяго пятнаццаць гадоў і ён вельмі залежаў ад саветнікаў. Спрэчка наконт пераходу прастола ў спадчыну была ўладжана ў 1479 годзе Оламаўцкім дагаворам, які дазваляў і Уладзіславу, і Мацьяшу Хуньядзі выкарыстоўваць тытул «Кароль Багеміі». Уладзіслаў павінен быў кіраваць Багеміяй, а Мацьяш атрымаў Маравію, Сілезію і абедзве Лужыцы. Таксама, у выпадку смерці Мацьяша, Уладзіслаў павінен быў выплаціць 400 000 залатых за ўз’яднанне Багемскіх зямель. Аднак апошняя ўмова была адменена калі Уладзіслаў стаў каралём Венгрыі пасля смерці Мацьяша.
Кутнагорскі мір у 1485 годзе пацвердзіў свабоду веравызнання ў Чэхіі, усталяваўшы роўныя рэлігійныя правы для каталікоў і утраквістаў (гэта ўмова аднак не тычылася абшчыны чэшскіх братоў). Умовы пагаднення былі ўсталяваны на 31 год, але былі падоўжаны ў 1512 годзе на «ўсе часы».
Кіраванне ў Венгрыі
правіцьАбранне венгерскім каралём
правіцьПасля смерці Мацьяша Хуньядзі ў пачатку 1490 года на прастол Венгрыі было высунута некалькі кандыдатур. Нацыянальную партыю прадстаўляў пазашлюбны сын караля-нябожчыкна Янаш Корвін, буйны магнат і выдатны палкаводзец, але слабы палітык.
Найбольш моцную прававую аснову для сваіх прэтэнзій на карону, якая абапіралася на дагаворы 1463 года пра ўзаемнае ўспадкоўванне Мацьяша Хуньядзі і Фрыдрыха III, меў сын апошняга Максіміліян I Габсбург, кароль Германіі і эрцгерцаг Аўстрыі. Аднак Максіміліян ужо зарэкамендаваў сябе як моцны і незалежны палітык, што было непрымальна для венгерскага дваранства, якое імкнулася да пашырэння свайго кантролю над дзяржаўнай адміністрацыяй.
Сярод іншых прэтэндэнтаў вылучаліся браты Ягелоны Уладзіслаў і Ян Ольбрахт, чыя маці была ўнучкай венгерскага караля Жыгманда і сястрой Ласла V.
Перамогу ў канчатковым выніку атрымаў Уладзіслаў, які пагадзіўся падпісаць выбарчую капітуляцыю, якая гарантавала захаванне правоў і прывілеяў венгерскіх магнатаў і дваран, а таксама адмену ўсіх нерэгулярных падаткаў і пазык. Уладзіслаў быў каранаваны каралём Венгрыі пад імем Уласла II.
Мяцеж Янаша Корвіна, не згоднага з абраннем Уладзіслава, быў падушаны ў 1491 годзе.
Парламент Харватыі, якая была звязана з Венгерскім каралеўствам асабістай уніяй і валодала аўтаноміяй, адмовіўся прызнаць у 1490 годзе Уласла II каралём, з-за таго, што грамата аб узыходжанні на прастол змяшчала назву дзяржавы «Каралеўства Венгрыя і рэгіёны пад каралеўскім кантролем». У 1492 годзе кароль быў прызнаны ў Харватыі пасля таго, як гэты тэкст быў зменены на «Каралеўства Венгрыя, каралеўствы Далмацыі, Харватыі і Славоніі і частка Трансільваніі» (Regnum Ungariae cum caeteris regnis scilicet Dalmatiae Croatiae et Slavoniae et partibus Transylvanis)[3].
Умацаванне дваранства
правіцьКіраванне Уласла II у Венгрыі адрознівалася адносным спакоем як унутры дзяржавы, так і на яе межах. У яго час не адзначана ніводнай спробы зрынуць караля. Такая стабільнасць была, галоўным чынам, звязана з тым, што мясцовае дваранства і магнаты эфектыўна выкарыстоўвалі дзяржаўныя інстытуты для ўсталявання і падтрыманні сваёй улады і фактычна цалкам кантралявалі палітыку караля. Уласла II працягваў палітыку свайго папярэдніка, абапіраючыся на шырокія слаі дваранства і не прадпрымаў ніякіх дзеянняў, якія б ішлі насуперак з яго інтарэсамі. За сваю згаворлівасць Уласла II атрымаў мянушку «Уладзіславаў Добжэ» ці «Уладзіслаў Бенэ», паколькі на амаль любы запыт адказваў «добра» (польск.: Dobrze; лац.: Bene).
Так, у інтарэсах дваран, быў выдадзены дэкрэт, які абавязаў гарады і мястэчкі, якія не мелі статусу каралеўскіх, выплачваць натуральную дзевяціну мясцовым феадалам. Венгерскія дваране актыўна ўдзельнічалі ў дзяржаўных сходах і вызначалі яго рашэнні. Узмацненне палітычнай ролі дваранства прывяло да заключэння саюза магнатаў і дваран у мэтах абмежавання каралеўскай улады. Дваранам удалося правесці праз дзяржаўны сход адмену ваеннага падатку, што прымусіла Уласла II распусціць наёмныя войскі, што ў сваю чаргу істотна саслабіла абараназдольнасць Венгрыі ва ўмовах абвастрэння асманскай пагрозы і прывяло ў заняпад дзяржаўную казну. На ўсе спробы Уласла II пераканаць Дзяржаўны сход аднавіць збор ваеннага падатку дваранства аказвала лютае супраціўленне.
У часы кіравання Уласла II венгерскаму дваранству ўдалося істотна пашырыць свае прывілеі. У 1482 годзе было абмежавана права караля заклікаць дваран у ваенныя паходы за мяжу.
У 1495 годзе быў прыняты закон аб праве кожнага двараніна асабіста ўдзельнічаць і галасаваць у дзяржаўных сходах Венгрыі.
Да 1498 года да дваран перайшла перавага як у дзяржаўным савеце Венгрыі, так і ў каралеўскім судзе. У тым жа годзе было ўсталявана, што ўвядзенне ваенных падаткаў можа ажыццяўляцца выключна па рашэнні Дзяржаўнага сходу, у якім цалкам дамінавалі дваране. Акрамя таго, пад ціскам дваранства пачынаючы з 1492 года была прынята серыя законаў аб прымацаванне сялян да зямлі і рэзкім павелічэнні паншчыны. Венгерская эканоміка на мяжы XV і XVI стагоддзяў перажывала ўздым, звязаны з ростам коштаў на сельскагаспадарчую прадукцыю ў Еўропе. Для павелічэння экспарту дваранству было неабходна пашырыць аграрную вытворчасць і ўмацаваць сваю ўладу над сялянамі, што вяло да згортвання тэндэнцый замены паншчыны грашовым чыншам і «другаснага запрыгоньвання» сялян. Законы Уласла II аб прыгоннай залежнасці прывялі да кансервацыі састарэлых вытворчых адносін у сельскай гаспадарцы, росту сацыяльнай нестабільнасці і падрыву палітычнай базы каралеўскай улады.[4]
Барацьба дваран і магнатаў
правіцьУ той жа час няўхільны рост магутнасці дваранства выклікаў незадаволенасць буйной арыстакратыі і правакаваў абвастрэнне канфлікту паміж дваранамі і магнатамі. У 1498 годзе дзяржаўны сход Венгрыі зафіксаваў пералік 41 буйнога землеўладальніка, якія мелі права і былі абавязаны ўтрымліваць уласнае войска. Гэта канчаткова аформіла аддзяленне саслоўя магнатаў ад астатняй масы венгерскага дваранства. Неўзабаве паміж магнатамі і дваранамі пачалася барацьба за ўладу і ўплыў у краіне. Пазней магнатам сталі прыпісваць «прагабсбургскую» пазіцыю, а дваранам «нацыянальную», аднак у рэчаіснасці склад і тактыка варагуючых груповак досыць часта змяняліся.
Ужо ў 1503—1504 гадах на дзяржаўным сходзе дваранская і баронская партыі сутыкнуліся па пытанні аб прызначэнні палаціна.
У 1504 годзе разгарэлася спрэчка наконт ўспадкоўвання зямель дому Хуньядзі пасля смерці Янаша Корвіна. Перамогу атрымалі дваране і іх кандыдат на спадчыну Янаш Запальяі, ваявода Трансільваніі, які неўзабаве стаў лідарам «дваранскай партыі». Сутыкненні ўнутры палітычнай эліты істотна саслаблялі краіну ва ўмовах хуткага нарастання знешняй пагрозы з боку Асманскай імперыі.
Вяршыняй дваранскага самаўладства ў перыяд кіравання Уласла II стаў дзяржаўны сход 1505 года, які праходзіў на Ракашскім полі пры поўным узбраенні яго ўдзельнікаў. Сход зацвердзіў закон, які забараняў пераход у спадчыну венгерскага прастола да замежнікаў, які быў накіраваны непасрэдна супраць Уласла II і яго палітыкі дынастычнага саюза з Габсбургамі. Нягледзячы на рашэнне дзяржаўнага сходу, кароль у 1506 годзе заключыў пагадненне з Максіміліянам I, якое пацвердзіла пераход у спадчыну да Габсбургаў венгерскага і чэшскага прастолаў пасля згасання мужчынскай лініі Ягелонаў. Гэта выклікала абурэнне венгерскага дваранства, аднак нараджэнне ў караля сына, будучага Людовіка (Лаяша) II, зняло напружанне ў краіне.
Знешняя палітыка
правіцьЧасы яго кіравання ў Венгрыі прайшлі адносна стабільна, хоць межы Венгрыі былі пад пастаянным ціскам з боку Асманскай імперыі, а ў самой краіне адбылося паўстанне Дзьёрдзя Дожы.
Сям’я
правіцьЁн быў жанаты тры разы:
- спачатку з Барбарай, дачкой Альбрэхта III Брандэнбургскага,
- удавой Мацьяша Беатрысай Неапалітанскай, дачкой Фернанда I Неапалітанскага.
- і Ганнай дэ Фуа, якая нарэшце нарадзіла яму здаровых законнанароджаных дзяцей: Ганну і Лаяша.
Уладзіслаў памёр 13 сакавіка, 1516 года, і быў пахаваны ў Секешфехервары.
Дзесяцігадовы сын Уладзіслава Лаяш (Людвік) атрымаў у спадчыну ад яго троны Багеміі і Венгрыі. 22 ліпеня 1515 года ў Вене ў саборы Святога Стэфана адбылося двайное вяселле Лаяша і яго сястры Ганны з аўстрыйскай прынцэсай Марыяй і прынцам Фердынандам, у сувязі з чым пасля смерці Лаяша ў Мохацкай бітве права атрымання прастола ў спадчыну перайшло праз Ганну да ўсходняй галіны Габсбургаў.
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #118634453 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
- ↑ а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ R. W. SETON -WATSON:The southern Slav question and the Habsburg Monarchy. page 19
- ↑ Контлер Л. История Венгрии. Тысячелетие в центре Европы. — М.: Весь мир, 2002