Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі
Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі (30 (18) мая 1838[1], фальварак Будзішча (Лёсава), цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці — 29 снежня 1892; Псеўданімы: Сіротка, Хвэлька з Рукшэніц, Юрка) — беларускі паэт.
Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Юрка, Сіротка, Хвэлька з Рукшэніц |
Дата нараджэння | 18 (30) мая 1838 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 снежня 1892 (54 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Маці | Тэкля Паўлаўна |
Жонка | Кацярына Аніхімоўская |
Дзеці | Два сыны (адзін з іх Фелікс) і дачка Тэкля |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах |
Паходжанне
правіцьШляхціч герба «Крумкач» (Ślepowron). Род паходзіць з Топчава каля Бельска-Падляскага. У Полацкае ваяводства продкі Тапчэўскага пераехалі ў XVIII ст.
Біяграфія
правіцьДзяцінства і юнацтва
правіцьНарадзіўся 30 (18) мая 1838 года ў фальварку Будзішча (Лёсава) Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці). Аахрышчаны 12 чэрвеня (31 мая) 1838 года ў Рукшэніцкім касцёле (не захаваўся)[1].
У фальварку Будзішча, які належаў Тапчэўскім (на мяжы з Лепельскім паветам), было толькі 30 дзесяцін зямлі і некалькі прыгонных «душ». Бацька памёр рана. Вялікую сям’ю ўтрымлівала маці, Тэкля Паўлаўна.
У 1849 Ф. Тапчэўскі паступіў у Лепельскае павятовае вучылішча, дзе вучыўся і яго старэйшы брат Франц. У далейшым да іх далучыўся малодшы брат Мікола. Пра спагаду да іх беднасці захавалася сведчанне ў вучылішчных дакументах, праз гэта дзеці былі пазбаўлены платы навучання. Пасля сканчэння вучылішча Фелікс, накінуўшы сабе для саліднасці некалькі гадоў, паступіў на службу пісарчуком-канцылярыстам у Віцебскі земскі суд (павятовую паліцыю). Атмасфера старажытнага горада спрыяла культурнаму развіццю маладога Ф. Тапчэўскага, а спецыфіка службы давала магчымасць лепш спазнаць жыццё. Вялікі ўплыў на яго духоўнае фарміраванне зрабіла эпоха 60-х гадоў. У 1861 ён звольніўся з суда з мізэрным чынам калежскага рэгістратара і неўзабаве, мабыць, каб быць бліжэй да народа, уладкаваўся валасным пісарам у мястэчку Ула Лепельскага павета (цяпер Бешанковіцкі р-н). Такую ж пасаду ў адной з суседніх воласцяў займаў брат Мікола. Браты не карысталіся даверам царскіх улад і ў красавіку 1863 былі звольнены са сваіх пасад. Ф. Тапчэўскага добра ведалі ў сялянскім асяроддзі: ёсць звесткі, што сяляне хадайнічалі аб вяртанні яго на ранейшую пасаду ва Улу. Пазней ён жыў у маёнтку сваёй стрыечнай сястры Апалінарыі Іванаўны Жыркевіч Красны Стаў каля г. Веліжа Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобл.). Ф. Тапчэўскі кіраваў гаспадаркай гэтага маёнтка.
Арышт
правіцьУ лютым 1864 па загадзе губернатара паэт быў арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму. Брата Мікалая арыштавалі ў Полацку. Разам з братам Міколам яго абвінавацілі ў далучэнні да паўстанцкага атрада А. Грабніцкага, які фарміраваўся на Лепельшчыне ў час спробы ўзброенага выступлення супраць царызму ў Віцебскай губерні (красавік 1863). Але даказаць абвінавачанне не ўдалося, і братоў выпусцілі на свабоду. Доказаў ва ўладаў ніякіх не было, тым не менш братоў арыштавалі, і галоўным чалавекам, якія паспрыяў іх вызваленню, быў Ульскі праваслаўны бацюшка (былы ўніяцкі святар) Клемент Акановіч, у якога раней сталаваўся Фелікс Тапэўскі. Ён паведаміў, што браты Тапчэўскія выехалі ад яго адвячоркам 24 красавіка да сваёй маці і збіраліся адтуль ехаць у Красны Стаў. Апрача таго святар дадаў, што Тапчэўскі «очень не одобрял варварских польских поступков». Урэшце ў жніўні 1864 году справа была спыненая.
Тэкст ліста запыту ў Вульскае валасное праўленне:
«14 марта, Секретно
В Улянское Волостное Правление
Вследствие отношения Высочайше утверждённой в г. Витебск Следственной Комиссии по политическим делам от 9-го марта за № 1624, предписываю Улянскому Волостному Правлению доставить мне сведения с тем же нарочным, когда поступил в оное правление Коллежский Регистратор Феликс Топчевский, которого числа и месяца был уволен Мировым Посредником от занимаемой должности и за что? Пристав Вассаров.»
Звесткі пра арышт таксама змешчаны ў справе канцылярыі віцебскага губернатара пра аднафамільца Фелікса Тапчэўскага — чыноўніка Віцебскай цывільнай палаты Іосіфа Тапчэўскага. Відаць, яны апынуліся ў гэтай справе выпадкова.
Познія гады
правіцьПры канцы жыцця Фэлікс Тапчэўскі быў кіраўніком справаў у маёнтку Ухвішча Адэлі Мацвееўны Сялявы. Жыў, як і раней, у фальварку Лёсава. У доме была вялікая бібліятэка. Паэт любіў музыку, народныя песні, іграў на скрыпцы, добра спяваў. Тады і разгарнулася паэтычная творчасць Ф. Тапчэўскага.
Смерць
правіцьСпачыў 17 снежня 1892 года і быў пахаваны на Рукшэніцкіх могілках, намаганнямі сваёй дачкі Тэклі (Радзішэўскай), якая пазней валодала Будзішчам. У в. Глыбачка (з ёй зліліся колішнія Рукшэніцы) захаваўся надмагільны помнік Ф. Тапчэўскага (адшуканы клопатамі Г. Каханоўскага і мясцовага настаўніка I. Законнікава).
Сям’я
правіцьБацькі, браты і сёстры
правіцьПаходзіў са збяднелай шляхейкай сям’і. Бацька, Фелікс Тапчэўскі (імя па бацьку невядома) памёр рана. Вялікую сям’ю ўтрымлівала маці — Тэкля Паўлаўна. У вучылішчных дакументах за 1852 год захаваліся звесткі пра яго сям’ю: «Ва ўдавы, маці вучняў Тапчэўскіх, 3 сыны і 3 дачкі,— усе на яе ўтрыманні, а сялян ва ўладанні яе толькі каля 10 душ. А таму вучні Тапчэўскія падлягаюць вызваленню ад платы за навучанне». Братоў Фелікса Тапчэўскага звалі Франц, Фелікс, Мікалай; дочкі: Ёгана, Анэля. Імя трэцяй дачкі невядома, бо па некаторых звестках у сям’і было не шэсць, я пяць дачок[2].
Жонка, дзеці
правіцьПра яго жонку і дзяцей вядома няшмат. Паводле ўспамінаў землякоў, у апошняй чвэрці 19 ст. ён па-ранейшаму валодаў фальваркам Лёсава паблізу Рукшаніц (Рукшэніц), быў жанаты з Кацярынай Аніхімоўскай, якая не падзяляла дэмакратычных поглядаў мужа. Меў двух сыноў (адзін з іх Фелікс) і дачку Тэклю (па мужу Радзішэўская, памерла каля 1921).
Творчасць
правіцьТаленавіты паэт-дэмакрат Ф. Тапчэўскі праславіўся дасціпнымі гумарыстычнымі творамі, якія шырока разыходзіліся ў рукапісах. Часцей за ўсё ў іх апісваліся мясцовыя падзеі і асобы, але талент дапамагаў паэту нават у такіх выпадках улавіць тыповыя характэрныя рысы, рабіць значныя мастацкія абагульненні. Вершы Ф. Тапчэўскага мелі дэмакратычную накіраванасць, хаця і вызначаліся павярхоўнасцю ідэйнага зместу. Дэмакратызм Фелікса Тапчэўскага выяўляўся праз тыпова сялянскае светабачанне лірычнага героя яго вершаў — назіральнага, дасціпнага, які высока цэніць чалавека працы, высмейвае шляхецкую культуру, застаецца ў палоне патрыярхальных уяўленняў. Большасць сваіх твораў, якія не прызначаліся да друку, Ф. Тапчэўскі падпісваў псеўданімам «Хвэлька з Рукшэніц». Іх аўтографы не захаваліся. Пры жыцці паэта толькі адзін верш «Панскае ігрышча» быў надрукаваны ў № 70 за 1889 год газеты «Виленский вестник». Рукапісная «Хрэстаматыя» Б. Эпімах-Шыпілы, земляка Тапчэўскага, данесла да нас яго наступныя вершы: «Саўсім не тое, што было» (з аўтарскай паметай: Ухвішчы, 1890), «Грошы і праца» (з такой жа паметай), «Ён і яна» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1890), «Вечарынка» (з паметай: «Апісанне балю, адбытага ва Ухвішчы. Паніч-барон Эрдман; пан у акулярах-Шырын»), «Панскае ігрышча» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1889, у тым жа годзе надрукавана ў «Виленском вестнике» I. Сіроткам; твор пашыраўся пад псеўд. Юрка, прыпісваўся таксама іншым аўтарам, асабліва настойліва А. Гурыновічу). 3 эстэтычнай канцэпцыяй «Панскага ігрышча» спрачаўся Францішак Багушэвіч, змясціўшы «Адказ» яго аўтару ў сваім «Смыку беларускім» (1894).
Чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», дзе Юрка надта дзівуецца і як бы завідуе панам тым, каторыя можа і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучаныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў сюды тое «Ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але дальбог аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я такі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, смяючыся з нашага цёмнага брата, напісаў…
|
Уладзімір Караткевіч у аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» згадвае творы Тапчэўскага пры апісанні шляхецкага з’езда:
Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з'езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта.
|
Паэтычны талент Ф. Тапчэўскага вельмі блізкі да таленту аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Некаторыя даследчыкі нават мяркуюць, што Ф. Тапчэўскі быў аўтарам гэтага паэтычнага шэдэўра, але ў святле апошніх звестак паэма напісана ў 1855, калі Тапчэўскаму было ўсяго 17 гадоў. Таму лепш гаварыць пра тыпалагічную блізкасць, пра ўплыў аўтара паэмы на творчасць Ф. Тапчэўскага.
Крыніцы
правіць- ↑ а б Полаччына, левабярэжжа Дзвіны, 1838 г. // National Historical Archives of Belarus, 19.12.2022; НГАБ Ф. 1781. Воп. 30. Спр. 91. Арк. 75адв.
- ↑ https://radzima.org/be/object/8512.html
Літаратура
правіць- Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. — Мн., 1984. — С. 86—93.
- Мархель У. І. Тапчэ́ўскі Фелікс Феліксавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 432. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Кісялёў Г. Тапчэ́ўскі Фелікс Феліксавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 502. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Фелікс Тапчэўскі (каля 1838—1892) // Пачынальнікі : З гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / уклад. Г. В. Кісялёў. — Мн., 2003. — С. 378—380.
- Тапчэўскі Фелікс Феліксавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 60.
- Цвірка, К. Фелікс Тапчэўскі (1838—1892) / К. Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX ст. — Мн., 2004. — С. 287.
Спасылкі
правіць- Radzima.org Вядомыя асобы. Віцебская вобласць. Ушацкі раён. Вёска Рукшэніцы
- Прыдзвінскі край. Ушацкі раён. Вядомыя ўраджэнцы краю. Пісьменнікі, паэты, літаратары Архівавана 29 снежня 2019.
- Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі: беларускі літаратар XIX стагоддзя (да 185-годдзя з дня нараджэння) // Віртуальная выстаўка на сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі
- 185-летие Феликса Тапчевского(недаступная спасылка) (руск.) // Музеі Беларусі
- Санкт-Петербургский филиал Российской Академии наук (руск.)
- Татьяна Пастернак Памятную доску поэту XIX века Феликсу Топчевскому установили в Ушачском районе (руск.) // Витебские вести