Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі

(Пасля перасылкі з Ф. Тапчэўскі)

Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі (30 (18) мая 1838[1], фальварак Будзішча (Лёсава), цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці — 29 снежня 1892; Псеўданімы: Сіротка, Хвэлька з Рукшэніц, Юрка) — беларускі паэт.

Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі
Асабістыя звесткі
Псеўданімы Юрка, Сіротка, Хвэлька з Рукшэніц
Дата нараджэння 18 (30) мая 1838
Месца нараджэння
Дата смерці 29 снежня 1892(1892-12-29) (54 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Маці Тэкля Паўлаўна
Жонка Кацярына Аніхімоўская
Дзеці Два сыны (адзін з іх Фелікс) і дачка Тэкля
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Паходжанне правіць

Шляхціч герба «Крумкач» (Ślepowron). Род паходзіць з Топчава[pl] каля Бельска-Падляскага. У Полацкае ваяводства продкі Тапчэўскага пераехалі ў XVIII ст.

Біяграфія правіць

 

Дзяцінства і юнацтва правіць

Нарадзіўся 30 (18) мая 1838 года ў фальварку Будзішча (Лёсава) Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці). Аахрышчаны 12 чэрвеня (31 мая) 1838 года ў Рукшэніцкім касцёле (не захаваўся)[1].

У фальварку Будзішча, які належаў Тапчэўскім (на мяжы з Лепельскім паветам), было толькі 30 дзесяцін зямлі і некалькі прыгонных «душ». Бацька памёр рана. Вялікую сям’ю ўтрымлівала маці, Тэкля Паўлаўна.

У 1849 Ф. Тапчэўскі паступіў у Лепельскае павятовае вучылішча, дзе вучыўся і яго старэйшы брат Франц. У далейшым да іх далучыўся малодшы брат Мікола. Пра спагаду да іх беднасці захавалася сведчанне ў вучылішчных дакументах, праз гэта дзеці былі пазбаўлены платы навучання. Пасля сканчэння вучылішча Фелікс, накінуўшы сабе для саліднасці некалькі гадоў, паступіў на службу пісарчуком-канцылярыстам у Віцебскі земскі суд (павятовую паліцыю). Атмасфера старажытнага горада спрыяла культурнаму развіццю маладога Ф. Тапчэўскага, а спецыфіка службы давала магчымасць лепш спазнаць жыццё. Вялікі ўплыў на яго духоўнае фарміраванне зрабіла эпоха 60-х гадоў. У 1861 ён звольніўся з суда з мізэрным чынам калежскага рэгістратара і неўзабаве, мабыць, каб быць бліжэй да народа, уладкаваўся валасным пісарам у мястэчку Ула Лепельскага павета (цяпер Бешанковіцкі р-н). Такую ж пасаду ў адной з суседніх воласцяў займаў брат Мікола. Браты не карысталіся даверам царскіх улад і ў красавіку 1863 былі звольнены са сваіх пасад. Ф. Тапчэўскага добра ведалі ў сялянскім асяроддзі: ёсць звесткі, што сяляне хадайнічалі аб вяртанні яго на ранейшую пасаду ва Улу. Пазней ён жыў у маёнтку сваёй стрыечнай сястры Апалінарыі Іванаўны Жыркевіч Красны Стаў каля г. Веліжа Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобл.). Ф. Тапчэўскі кіраваў гаспадаркай гэтага маёнтка.

Арышт правіць

 
Ліст запыту ў Вульскае валасное праўленне.

У лютым 1864 па загадзе губернатара паэт быў арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму. Брата Мікалая арыштавалі ў Полацку. Разам з братам Міколам яго абвінавацілі ў далучэнні да паўстанцкага атрада А. Грабніцкага, які фарміраваўся на Лепельшчыне ў час спробы ўзброенага выступлення супраць царызму ў Віцебскай губерні (красавік 1863). Але даказаць абвінавачанне не ўдалося, і братоў выпусцілі на свабоду. Доказаў ва ўладаў ніякіх не было, тым не менш братоў арыштавалі, і галоўным чалавекам, якія паспрыяў іх вызваленню, быў Ульскі праваслаўны бацюшка (былы ўніяцкі святар) Клемент Акановіч, у якога раней сталаваўся Фелікс Тапэўскі. Ён паведаміў, што браты Тапчэўскія выехалі ад яго адвячоркам 24 красавіка да сваёй маці і збіраліся адтуль ехаць у Красны Стаў. Апрача таго святар дадаў, што Тапчэўскі «очень не одобрял варварских польских поступков». Урэшце ў жніўні 1864 году справа была спыненая.

Тэкст ліста запыту ў Вульскае валасное праўленне:

«14 марта, Секретно

В Улянское Волостное Правление

Вследствие отношения Высочайше утверждённой в г. Витебск Следственной Комиссии по политическим делам от 9-го марта за № 1624, предписываю Улянскому Волостному Правлению доставить мне сведения с тем же нарочным, когда поступил в оное правление Коллежский Регистратор Феликс Топчевский, которого числа и месяца был уволен Мировым Посредником от занимаемой должности и за что? Пристав Вассаров.»

Звесткі пра арышт таксама змешчаны ў справе канцылярыі віцебскага губернатара пра аднафамільца Фелікса Тапчэўскага — чыноўніка Віцебскай цывільнай палаты Іосіфа Тапчэўскага. Відаць, яны апынуліся ў гэтай справе выпадкова.

Познія гады правіць

Пры канцы жыцця Фэлікс Тапчэўскі быў кіраўніком справаў у маёнтку Ухвішча Адэлі Мацвееўны Сялявы. Жыў, як і раней, у фальварку Лёсава. У доме была вялікая бібліятэка. Паэт любіў музыку, народныя песні, іграў на скрыпцы, добра спяваў. Тады і разгарнулася паэтычная творчасць Ф. Тапчэўскага.

Смерць правіць

 
Надмагільны помнік у вёсцы Рукшэніцы

Спачыў 17 снежня 1892 года і быў пахаваны на Рукшэніцкіх могілках, намаганнямі сваёй дачкі Тэклі (Радзішэўскай), якая пазней валодала Будзішчам. У в. Глыбачка (з ёй зліліся колішнія Рукшэніцы) захаваўся надмагільны помнік Ф. Тапчэўскага (адшуканы клопатамі Г. Каханоўскага і мясцовага настаўніка I. Законнікава).

Сям’я правіць

Бацькі, браты і сёстры правіць

Паходзіў са збяднелай шляхейкай сям’і. Бацька, Фелікс Тапчэўскі (імя па бацьку невядома) памёр рана. Вялікую сям’ю ўтрымлівала маці — Тэкля Паўлаўна. У вучылішчных дакументах за 1852 год захаваліся звесткі пра яго сям’ю: «Ва ўдавы, маці вучняў Тапчэўскіх, 3 сыны і 3 дачкі,— усе на яе ўтрыманні, а сялян ва ўладанні яе толькі каля 10 душ. А таму вучні Тапчэўскія падлягаюць вызваленню ад платы за навучанне». Братоў Фелікса Тапчэўскага звалі Франц, Фелікс, Мікалай; дочкі: Ёгана, Анэля. Імя трэцяй дачкі невядома, бо па некаторых звестках у сям’і было не шэсць, я пяць дачок[2].

Жонка, дзеці правіць

Пра яго жонку і дзяцей вядома няшмат. Паводле ўспамінаў землякоў, у апошняй чвэрці 19 ст. ён па-ранейшаму валодаў фальваркам Лёсава паблізу Рукшаніц (Рукшэніц), быў жанаты з Кацярынай Аніхімоўскай, якая не падзяляла дэмакратычных поглядаў мужа. Меў двух сыноў (адзін з іх Фелікс) і дачку Тэклю (па мужу Радзішэўская, памерла каля 1921).

Творчасць правіць

Таленавіты паэт-дэмакрат Ф. Тапчэўскі праславіўся дасціпнымі гумарыстычнымі творамі, якія шырока разыходзіліся ў рукапісах. Часцей за ўсё ў іх апісваліся мясцовыя падзеі і асобы, але талент дапамагаў паэту нават у такіх выпадках улавіць тыповыя характэрныя рысы, рабіць значныя мастацкія абагульненні. Вершы Ф. Тапчэўскага мелі дэмакратычную накіраванасць, хаця і вызначаліся павярхоўнасцю ідэйнага зместу. Дэмакратызм Фелікса Тапчэўскага выяўляўся праз тыпова сялянскае светабачанне лірычнага героя яго вершаў — назіральнага, дасціпнага, які высока цэніць чалавека працы, высмейвае шляхецкую культуру, застаецца ў палоне патрыярхальных уяўленняў. Большасць сваіх твораў, якія не прызначаліся да друку, Ф. Тапчэўскі падпісваў псеўданімам «Хвэлька з Рукшэніц». Іх аўтографы не захаваліся. Пры жыцці паэта толькі адзін верш «Панскае ігрышча» быў надрукаваны ў № 70 за 1889 год газеты «Виленский вестник». Рукапісная «Хрэстаматыя» Б. Эпімах-Шыпілы, земляка Тапчэўскага, данесла да нас яго наступныя вершы: «Саўсім не тое, што было» (з аўтарскай паметай: Ухвішчы, 1890), «Грошы і праца» (з такой жа паметай), «Ён і яна» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1890), «Вечарынка» (з паметай: «Апісанне балю, адбытага ва Ухвішчы. Паніч-барон Эрдман; пан у акулярах-Шырын»), «Панскае ігрышча» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1889, у тым жа годзе надрукавана ў «Виленском вестнике» I. Сіроткам; твор пашыраўся пад псеўд. Юрка, прыпісваўся таксама іншым аўтарам, асабліва настойліва А. Гурыновічу). 3 эстэтычнай канцэпцыяй «Панскага ігрышча» спрачаўся Францішак Багушэвіч, змясціўшы «Адказ» яго аўтару ў сваім «Смыку беларускім» (1894).

Чытаў я і так перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі «Панскае ігрышча», дзе Юрка надта дзівуецца і як бы завідуе панам тым, каторыя можа і больш ад Юркі таго працуюць, толькі, ведама, вучаныя, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў сюды тое «Ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але дальбог аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я такі і чыркнуў яму «Адказ», але так думаю, што гэта ён, смяючыся з нашага цёмнага брата, напісаў…

Уладзімір Караткевіч у аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» згадвае творы Тапчэўскага пры апісанні шляхецкага з’езда:

Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з'езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта.

Паэтычны талент Ф. Тапчэўскага вельмі блізкі да таленту аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Некаторыя даследчыкі нават мяркуюць, што Ф. Тапчэўскі быў аўтарам гэтага паэтычнага шэдэўра, але ў святле апошніх звестак паэма напісана ў 1855, калі Тапчэўскаму было ўсяго 17 гадоў. Таму лепш гаварыць пра тыпалагічную блізкасць, пра ўплыў аўтара паэмы на творчасць Ф. Тапчэўскага.

Крыніцы правіць

  1. а б Полаччына, левабярэжжа Дзвіны, 1838 г. // National Historical Archives of Belarus, 19.12.2022; НГАБ Ф. 1781. Воп. 30. Спр. 91. Арк. 75адв.
  2. https://radzima.org/be/object/8512.html

Літаратура правіць

  • Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. — Мн., 1984. — С. 86-93.
  • Мархель У. Тапчэўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 432. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Фелікс Тапчэўскі (каля 1838—1892) // Пачынальнікі : З гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / уклад. Г. В. Кісялёў. — Мн., 2003. — С. 378—380.
  • Тапчэўскі Фелікс Феліксавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2003. — С. 60.
  • Цвірка, К. Фелікс Тапчэўскі (1838—1892) / К. Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX ст. — Мн., 2004. — С. 287.

Спасылкі правіць