Хачка́р (арм.: խաչքար, даслоўна «крыж-камень») — помнікі армянскай архітэктуры, якія ўяўляюць сабой каменную стэлу з разьбянай выявай крыжа. На тэрыторыі Арменіі налічваюць больш за 50 000 хачкараў, кожны з якіх мае свой непаўторны кшталт, хоць усе ўзоры падпарадкаваныя адзінаму стылю. Традыцыйнае майстэрства выразання гэтых камянёў перадаецца з пакалення ў пакаленне і захавалася ў Арменіі і армянскай дыяспары да нашых дзён.

Хачкар «Святы Збавіцель» у Агпаце (1273).

У лістападзе 2010 года майстэрства стварэння хачкараў было ўнесенае ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА з фармулёўкай «Сімволіка і майстэрства хачкараў, армянскія каменныя крыжы»[1].

 
Хачкар у Гашаванку (1291).

У дагістарычны перыяд у гарах, ля вытокаў рэк, ля межаў паселішчаў, ля дарог узводзіліся каменныя стэлы — «вішапы» — якіх пакрывалі разьбой з выявамі птушак, скур і галоваў баранаў, клінапісамі. Гэтыя стэлы сталі папярэднікамі хачкараў.

У эпоху Урарту цары ўсталёўвалі вертыкальныя каменныя пліты, якія паведамлялі свету пра іхнія заваяванні і законы[2]. Падобныя стэлы ставіліся таксама ў эліністычны перыяд першай дынастыі армянскіх цароў Арташэсідаў. У той час ужо існавала тэхналогія будаўніцтва хачкараў: на пастаменце — масіўным каменным блоку — выдзёўбвалі адтуліну, куды вертыкальна ўстаўлялі камень з ужо нанесенымі на яго надпісамі і ўзорамі.

Урарцкія і эліністычныя помнікі сталі азнакай першых хрысціянскіх хачкараў, якія з’явіліся ў раннім Сярэднявеччы, адразу па прыняцці хрысціянства. Гэта былі круглыя або васьмісьценныя калёны і квадратныя ў сячэнні слупы, у якіх былі ўрэзаныя крыжы, а зверху таксама ўвенчаныя аб’ёмнымі крыжамі. Найстаражытнейшы хачкар на тэрыторыі Арменіі, які захаваўся да нашага часу, датаваны 879 годам[3] і прысвечаны царыцы Катранідзэ, жонцы караля Ашота I.

Найбольшага росквіту майстэрства выразання хачкараў дасягнула ў XII—XIV стагоддзях. З мангольскім уварваннем мастацтва заняпала, аднак ізноў адрадзілася ў XVI—XVII стагоддзях, хоць ужо і не дасягнула былога ўзроўню.

Сучаснасьць

правіць
 
Сучасная майстэрня ў Ерэване.

Найлепшымі прыкладамі мастацтва лічацца наступныя тры творы:

  • хачкар у Гегардзе, выразаны ў 1213. Аўтарамі, магчыма, з’яўляюцца майстры Тымат і Мкітар
  • хачкар Святога збавення ў Агпаце, выразаны ў 1273 майстрам Ваграмам
  • хачкар у Гашаванку, выразаны ў 1291 майстрам Пагосам

Па Другой сусветнай вайне майстэрства стварэння хачкараў дзякуючы армянскай дыяспары распаўсюдзілася па свеце. Напрыклад, армянская супольнасць у Польшчы ўсталявала хачкары ва Уроцлаве, Кракаве і Эльблонгу ў памяць пра ахвяр армянскага генацыду.

 
Нарадускія могілкі — найвялікшае ў свеце месцазнаходжанне хачкараў.

Асобныя экзэмпляры хачкараў дэманструюцца ў Гістарычным музэі Ерэвана і ля сабору ў Эчміядзіне. Найбольшая калекцыя захаваных асобнікаў хачкараў у Арменіі знаходзіцца на заходнім узьбярэжжы возера Севан, на Нарадускіх могілках, дзе можна ўбачыць каля 900 надмагільных камянёў розных эпохаў і стыляў. Тым ня меней, найбольшае сабранне хачкараў да нядаўнай пары існавала па-за межамі Арменіі, у Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспубліцы Азербайджана. На пераломе XX—XXI стагоддзяў могілкі былі знішчаныя азербайджанскімі ўладамі.

Апісанне

правіць

Хачкары вырабляюць з базальта, які мала падлягае разбурэнню. Часта сустракаюцца і хачкары з туфа, паколькі ён легкі для апрацоўкі. У рабоце з камянём майстры ўжываюць разцы, зубілы, завостраныя пёры і малаткі.

Вышыня помнікаў дасягае 1,5 метра. У іх цэнтры выразаецца ўзорысты крыж на фоне сонца або кола вечнасці. На астатняй паверхні камяню выразаюць іншыя раслінна-геаметрычныя фігуры, выявы святых і жывёл.

Гатовыя камяні ўсталёўваюцца на прызначаныя ім месцы падчас невялікай рэлігійнай цырымоніі.

Галерэя

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Armenian cross-stones art. Symbolism and craftsmanship of Khachkars (англ.). UNESCO (14 верасня 2012).
  2. Скульптура — искусство средневековой Армении (руск.). flutEric.info (14 верасня 2012).
  3. Мемориальные памятники средневековой Армении Хачкары IX—XIII веков / Академия наук Армянской ССР, Институт археологии и этнографии. — Ер.: Изд. АН Арм. ССР, 1984. — С. 13.

Літаратура

правіць
  • Токарский Н.М. Архитектура Армении IV—XIV вв.. — Ереван, 1961.
  • Шагинян А.Н. Армянские хачкары (крестные камни) и их надписи (IX—XIII вв.). Автореф. канд. дис.. — Ереван, 1970.

Спасылкі

правіць