Юрась Дубовік (24 чэрвеня 1927 — 5 сакавіка 2014) — беларускі грамадскі дзеяч, былы вязень ГУЛАГу, пісьменнік.

Юрась Дубовік
Дата нараджэння 24 чэрвеня 1924(1924-06-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 сакавіка 2014(2014-03-05) (89 гадоў)
Месца смерці
Бацька Пятрок
Маці Надзея
Альма-матар
Партыя
Член у

Біяграфія

правіць

Юнацтва

правіць

Нарадзіўся 24 ліпеня 1924 года ў в. Канчаны Вілейскага павета Віленскай зямлі ў Польскай Рэспубліцы ў сям’і падафіцэра 86-га палка мінскіх стральцоў арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Бацька, які пасля баёў з бальшавікамі адступіў у Польшчу, займаўся сельскай гаспадаркай. Хрышчоны ў праваслаўнай царкве пад імем Георгій. У 1931 годзе пайшоў у польскую школу ў Красным, дзе быў запісаны пад імем Ежы. Далучыўся да гарцарскай арганізацыі імя Завішы Чорнага. Пасля шостага класа паступіў у прыватную агульнаадукацыйную гімназію імя Пятра Скаргі, дзе дадаткова наведваў гурток «Чырвонага Крыжа», заняткі па замежных мовах і граў на мандаліне ў струнным аркестры. У Вільні разам з бацькам наведваў Беларускі камітэт.

Другая сусветная вайна

правіць

Падчас савецкай акупацыі увосень 1939 года паступіў у Маладзечанскае педвучылішча, дзе быў запісаны пад імем Юрый, і якое скончыў у 1941 годзе. Падчас нямецкай акупацыі ў тым жа годзе ўдзельнічаў у арганізацыі і адкрыцці беларускай школы ў Маладзечне, заняткі ў якой пачаліся з першых дзён кастрычніка. Выкладаў батаніку, заалогію, фізіку, анатомію і фізіялогію. Увесну 1942 года знаходзіўся на лячэнні ў Вільні, у чэрвені вярнуўся ў Маладзечна і запісаўся ў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У ноч на 1 верасня 1942 года бацька быў забіты савецкімі партызанамі, пасля чаго Юрась Дубовік вярнуўся ў Краснае і настаўнічаў[1].

У 1943 годзе за прапановай акруговага правадніка Саюза беларускай моладзі далучыўся да СБМ. Быў прызначаны кіраўніком і арганізатарам СБМ у Красным, атрымаў пасведчанне грамадовага СБМ. Арганізаваў суполку СБМ з амаль 20 хлопцаў і больш за 10 дзяўчынак. Праводзіліся зборкі, на якіх сябры СБМ вывучалі найважнейшыя падзеі з гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры, спявалі песні, вучыліся выконваць беларускія танцы, адзначалі ўгодкі 25 сакавіка. У першай палове сакавіка 1944 года далучыўся да Беларускай краёвай абароны за прапановай камандзіра 10-га батальёна БКА Цыбіна. Заняў пасаду асвятовага афіцэра батальёна, але паставіў умову, што да канца навучальнага года будзе займацца толькі з Красненскай ротай БКА, дзе ўжо было 30-50 добраахвотнікаў, узброеных у польскія ручныя кулямёты і італьянскія карабіны. Рота займалася толькі вучэннем па вызначаным раскладзе, Юрась Дубовік праводзіў заняткі па тэматыцы і інструкцыях, якія даставаў з батальёна. Пра гэта ён пісаў так:

«Усе яны былі ў сваёй хатняй вопратцы. У форме афіцэра я бачыў толькі камандзіра батальёна Цыбіна. На ім была зялёная форма, на чырвоных пятліцах залацісты шасціканцовы Ярылаў крыж, на рукаве нейкая эмблема, пагоны такія ж, як у немцаў, а што было на пагонах, не памятаю. Ня ведаю і ягонага воінскага звання. Тры звязовыя камандзіры былі ў чорнай форме БСА, але пятліцы таксама чырвоныя з залацістым Ярылавым крыжам. Я, афіцэр асвятовы, быў у форме СБМ. Камандзір роты Раман Цвірка — у сваёй цывільнай вопратцы. А яшчэ прысутнічалі два нямецкія падафіцэры».

У пачатку чэрвеня 1944 года ўдзельнічаў у семінары асвятовых афіцэраў БКА, потым зноў займаўся сваёй грамадай СБМ у Красным, адкуль некалькі юнакоў завербаваліся ў Люфтвафэ. 22 чэрвеня ўдзельнічаў у святкаванні ўгодкаў стварэння СБМ у Мінску. У гэты момант пачалося адступленне немцаў, але ў штабе СБМ нічога не маглі параіць, таму давялося ехаць у Радашкевічы, дзе даведаўся, што камандзір батальёна БКА напярэдадні распусціў усіх дадому і выехаў з групай вайскоўцаў да Маладзечна. У выніку Юрась Дубовік 1 ліпеня вярнуўся ў Краснае.

Арышт і канцлагеры

правіць

10 ліпеня 1944 года пасля адступлення немцаў і прыходу савецкіх войскаў быў арыштаваны, а потым вывезены ў Ашмяны, адкуль вязні пеша былі пагнаныя ў Гарляны пад Каўнасам. Дапытваўся контрвыведкай СМЕРШ, допыты праводзіліся толькі ўначы. На допытах паказвалі ягоныя фатаграфіі ў польскай гімназійнай і гарцарскай форме, абвінавачвалі, што ён нібыта на ніх апрануты ў паліцэйскую форму і форму антысавецкай ваеннай часці. Падпісаў пратакол, згодна з якім належаў да Саюза польскіх гарцараў (ZHP) і Саюза беларускай моладзі, што было згодна з праўдай. Таксама прабавалі давесці, што той нібыта належаў да СС, пасля чаго моцна катавалі. Пасля вочнай стаўкі з Раманам Цвіркам і узмоцненых катаванняў прызнаўся, што належаў да БКА. У верасні быў перавезены ў Каўнас. Там судзіў ваенны трыбунал 3-га Беларускага фронту. Паводле артыкула 63-1 крымінальнага кодэкса БССР (што адпавядае артыкулу 58-1-а УК РСФСР) быў засуджаны на 10 гадоў савецкіх канцлагераў з пазбаўленнем правоў на 5 гадоў і канфіскацыяй маёмасці.

Быў этапаваны ў Яраслаўль, па дарозе ад вельмі кепскіх варункаў верагодна памерлі 2 вязня. Падчас медыцынскага агляду на адной з перасадак Юрась Дубовік даведаўся, што важыў толькі 36 кілаграмаў, пасля чаго на пячорскай перасылцы трапіў у санітарны гарадок, дзе таксама даведаўся, што хворы на цынгу і пелагру. У маі-чэрвені 1945 года быў пераведзены ў калонію № 16, працаваў на розных цяжкіх работах. У 1947 годзе быў пераведзены ў Верхнюю Інту ў Пячорлаг, працаваў рабочым у мулярнай брыгадзе, цесляром, тынкавальнікам і лепнікам. У 1951 годзе пераведзены ў Ілезу, у Архангельскую вобласць, дзе працаваў на лесапавале, а ўвосень 1952 годзе быў прызначаны майстрам на шпаларэзку.

Пасля вызвалення

правіць

Вызваліўся 13 студзеня 1954 года, адмовіўся застацца на вольным пасяленні. У Краснае і Маладзечна вяртацца не рэкамендавалі, у буйных гарадах прапісацца было нельга, таму выбраў Слуцк. Найперш паехаў у Вільнюс, куды пераехала ягоная маці, адтуль у Краснае і Канчаны, а потым у Слуцк. Працаваў тынкавальнікам, неўзабаве стаў кіраўніком брыгады. Ажаніўся, атрымаў школьны атэстат і прабаваў паступіць у мінскі Беларускі політэхнічны інстытут, але не атрымалася. Працаваў у Чысці пад Мінскам брыгадзірам тынкавальнікаў. 29 сакавіка 1956 года жонка Надзея нарадзіла дачку Веру. 19 студзеня 1957 года было знятае абмежаванне ў правах. Улетку прабаваў паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але зноў не атрымалася, таму выслаў дакументы ў Маскву ва Усесаюзны завочны інжынерна-будаўнічы інстытут, толькі пра жыццёвы шлях гэтым разам напісаў, што працаваў у НКУС (лагеры былі ў распараджэнні гэтай установы), не ўдакладніўшы дзе і кім дакладна. Нарэшце ўдалося паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. 14 чэрвеня 1958 года нарадзілася дачка Ганна. У 1959 годзе быў прызначаны часовым кіраўніком вытворча-тэхнічнага аддзела будачнічага ўпраўлення 123. Потым зноў працаваў майстрам у Новастаробінску, які потым атрымаў назву Салігорск.

14 студзеня 1962 года атрымаў дыплом інжынера-будаўніка, неўзабаве стаў выканаўцам абавязкаў кіраўніка ўчастка. 8 мая 1966 года перавёўся ў трэст № 3 галоўным тэхнолагам. Чытаў лекцыі ў тэхнікуме на вячэрнім аддзяленні па тэхналогіі і арганізацыі будаўніцтва. Здаў пры Беларускім політэхнічным інстытуце экзамен па нямецкай мове і рэферат на тэму «Кібэрнэтыка і кіраванне будаўніцтвам». У часопісах «Промышленное строительство в СССР», «Архитектура и строительство в СССР», «Жилищное строительство», «Бюллетень строительной техники» пісаў артыкулы па актуальнай тэматыцы. 4 чэрвеня 1967 года нарадзіўся сын Славік. Пад канец 1971 года на яго паступіла ананімная скарга і ён знаходзіўся пад наглядам КДБ, а ў выніку мусіў перайсці на працу ў ПМК-16. Там за добрую працу атрымаў ва ўзнагароду «Жыгулі», а з часам перавёўся ў БУ-95 старшым інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела. З восені 1976 года да сакавіка 1978 года працаваў кіраўніком будаўнічага сектара ў Салігорскводбудзе, потым працаваў старшым інжынерам праектна-каштарыснай і дагаворнай групы Салігорскім домабудаўнічым камбінаце, а з лютага 1979 года да 1984 года працаваў часовым кіраўніком вытворча-тэхнічнага аддзела ДБК, пасля чаго выйшаў на пенсію.

Пенсія

правіць

У 1989 годзе арганізаваў праектна-каштарысны кааператыў. З лета 1991 года пачаў распрацоўваць праекты на беларускай мове. У 1993 годзе зліквідаваў кааператыў з прычыны абмежавання выдаткоўвання грошай на будаўніцтва калгасамі.

У 1990-х гадах прыняў актыўны ўдзел у беларускім Адраджэнні. Разам з былым настаўнікам Міхасём Ждановічам складаў ідэалагічнае ядро Салігорскай суполкі БНФ. У 2006 годзе пабачыла свет ягоная кніга «Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі». Апошнім часам Юрась Дубовік шмат хварэў.

Памёр 5 сакавіка 2014 года ў Салігорску.

Цікавыя факты

правіць
  • Каб завочна паступіць у маскоўскі Усесаюзны завочны інжынерна-будаўнічы інстытут, мусіў у біяграфіі напісаць, што з 1944 да 1954 года працаваў у НКУС, але не ўдакладніў, кім там працаваў. Гэта не было няпраўдай: лагеры і іхнія вязні тады былі ў распараджэнні НКУС.

Зноскі

  1. https://kurjer.info/2014/11/25/slutsk-revolt Архівавана 28 кастрычніка 2021. Газета «Інфа-Кур’ер». Лёс бацькі-паўстанца

Літаратура

правіць
  • VERITAS — Бюлетэнь БГА «Ветэраны Адраджэньня» — № 1(2)2004
  • Дубовік Юрась. Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі — Наша Будучыня, Вільня, 2006 — 97 с

Спасылкі

правіць