Юлія Восіпаўна Бібіла
Ю́лія Во́сіпаўна Бібі́ла (10 студзеня 1897, Поразава Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні, Расійская імперыя — 9 снежня 1974, Мінск, Беларуская ССР) — беларуская бібліятэкарка, бібліёграф. Стаяла ля вытокаў дзяржаўнай рэгістрацыі беларускіх друкаваных выданняў, стваральніца першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.
Юлія Восіпаўна Бібіла | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 студзеня 1897 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 снежня 1974 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | бібліятэкарка, бібліёграф |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Вядомая як | стаяла ля вытокаў дзяржаўнай рэгістрацыі беларускіх друкаваных выданняў, стваральніца першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзілася ў сям’і валаснога пісара ў мястэчку Поразаве Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці). Навучалася ў Ваўкавыскай, пасля ў Бабруйскай жаночай гімназіі. Брала ўдзел у працы Бабруйскага аддзела Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.
У 1915 годзе паступіла на Бястужаўскія вышэйшыя жаночыя курсы ў Петраградзе. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года вярнулася ў Бабруйск. Працавала настаўніцай. Арганізавала ў гарадскай бібліятэцы аддзел краязнаўчай літаратуры, была сяброўкай Беларускага культурна-асветнага таварыства.
З 1921 года — у Мінску. У 1922—1937 гадах працавала загадчыцай беларускага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна. Скончыла этнолага-лінгвістычнае аддзяленне факультэту грамадскіх навук БДУ (1925). Выкладала ў даследчыцка-паказальнай школе-сямігодцы пры педагагічным факультэце, працавала сакратаркай бібліяграфічнай камісіі Інбелкульту.
У 1937 годзе рэпрэсаваная і высланая з Беларусі. Працавала майстрыхай у саратаўскай арцелі «Каруначніца» (1937—1938). У 1938—1939 гадах зняволеная ў турму. У 1939—1959 гадах — галоўная бібліёграф бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта.
Вярнулася ў Мінск у 1959 годзе. Працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.
Дзейнасць
правіцьРаспачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, разам з калегамі ўдзельнічала ва ўкладанні першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.
Арганізавала выданне «Летапісу беларускага друку» (з 1924). Апублікавала бібліяграфію твораў Цішкі Гартнага (зборнік «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928), матэрыялы да біяграфіі Цёткі (часопіс «Запіскі аддзела гуманітарных навук», 1928). Падрыхтавала сістэматычны паказальнік «Беларускі перыядычны друк, 1917—1927» (1929).
Аўтар-складальнік шэрагу бібліяграфічных паказальнікаў «Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802—1916 гг.)» (1964), «Беларуская ССР у друку сацыялістычных краін, 1946—1965» (1966), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм» (1969), «Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады» (1973) і інш. Пакінула ўспаміны пра Янку Купалу, пра Дзяржаўную бібліятэку БССР, пра Саратаўскую бібліятэку.
Самадзейная майстрыха мастацкага ткацтва (паясы, гальштукі, закладкі для кніг), удзельніца выставак, збіральніца ўзораў беларускага народнага ткацтва.
Працы
правіць- Літаратурныя працы Ц. Гартнага // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы: да дваццацігоддзя яго літаратурнай дзейнасці, 1908―1928. Менск, 1928. С. 186―212.
- Матэрыялы да біяграфіі Цёткі (Алаізіі Пашкевіч Кейрысавай)// Запіскі Аддзела гуманітарных навук (Інстытут беларускай культуры). — 1928. ‒ Кн. 2, т. 1: Працы класа філалогіі. С. 291‒302.
- Беларускі перыядычны друк, 1917—1927. Менск: выданне Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі, 1929. — 243 с.
- Сусветная мастацкая літаратура ў перакладзе на беларускую мову / [Ю. Бібіла і Ніна Ватацы // Кніга-масам: бібліяграфічна-крытычны часопіс. ‒ 1932. ‒ № 4/5. С. 25‒36.
- Рекомендательный список художественной литературы (в помощь самообразованию). Саратов, 1946. — 32 с.
- Библиография Саратовской области в картотеках Научной библиотеки // Труды Научной библиотеки при Саратовском государственном университете. Вып. 1. Саратов, 1947.
- Издания Саратовского государственного университета (1932—1947 гг.): библиографический указатель. Саратов, 1948. — 49 с.
- Каталог литературы по истории Саратовского государственного университета имени Н. Г. Чернышевского. Саратов, 1959. — 80 л.
- Почвы Юго-Востока Европейской части СССР: библиографический указатель. Саратов: Изд-во Сарат. ун-та, 1959. — 253 с.
- Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802―1916 гг.): библиография. Минск: Госбиблиотека БССР, 1964. — 311 с.
- Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм. Мінск, 1969. — 437 с.
- Асвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады = Просвещение в Белорусской ССР за 50 лет Советской власти / А. А. Сакольчык, Ю. І. Бібіла. Мінск, 1973. — 188 с.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Бібі́ла Юлія Іосіфаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 138—139. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Адрасы талентаў зямлі роднай: [пра беларускага бібліёграфа Ю. І. Бібілу, ураджэнку г.п. Поразава Свіслацкага раёна] // Свіслацкая газета. — 1998. — 21 ліпеня. — С. 3.
- Бібіла Ю. В.: [беларускі бібліёграф, ураджэнка г.п. Поразава Свіслацкага раёна] // Гродзенскія запісы. Вып. 2. — Гродна, 1996. — С. 193—194.
- Ватацы Н. Б. Бібіла Юлія Іосіфаўна: [(1897, г.п. Поразава Свіслацкага раёна — 1974), беларускі бібліёграф. Прыведзены кароткія бібліяграфічныя звесткі] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т.1. — Мн., 1984. — С.433 — 434.
- Юлія Бібіла: [біяграфічныя звесткі] // Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына. Мн., 1996. — С. 24.