Ядвіга Аляксандраўна Мацяеўская
Ядвіга Аляксандраўна Мацяеўская (7 красавіка 1916, Пецярбург — 1996) — украінская мастачка. Праўнучка беларускага мастака Івана Хруцкага.
Ядвіга Аляксандраўна Мацяеўская | |
---|---|
Дата нараджэння | 7 красавіка 1916 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1996 |
Месца пахавання | |
Маці | Алена Іосіфаўна Хруцкая[d] |
Вучоба | |
Член у |
Біяграфія
правіцьМаці Алена Іосіфаўна Мацяеўская (народжаная Хруцкая), атрымала адукацыю ў Пецярбургу, стаўшы ўрачом-стаматолагам. Бацька, Аляксандр Аляксандравіч Мацяеўскі, — інжынер. Мела старэйшую сястру Алену. Сям’я жыла ў Пецярбургу. У 1920 годзе, калі пачаўся голад, Алена Іосіфаўна з дзецьмі пераязджае ў Захарнічы да родных; яе муж, Аляксандр Аляксандравіч, застаецца працаваць у Ленінградзе. У той час у Захарнічах стала жылі Іван, Марыя і Ганна — родныя брат і сёстры Алены Іосіфаўны. Па ўспамінах Ядвігі Аляксандраўны, атмасфера ў доме была дзівоснай, панавалі любоў і ўзаемадапамога. Зімовымі вечарамі ладзілі канцэрты, чыталі ўслых, ездзілі ў госці да суседзяў. У 1927 годзе з Захарнічах у Слонім з з сям’ёй з’ехаў Іван Іосіфавіч Хруцкі. У 1930 годзе ўсіх, хто яшчэ жыў у Захарнічах, савецкія ўлады выселілі ў Котлас. Дом быў занядбаны, «нейкія службовыя асобы вывезлі на машыне карціны, кнігі, раяль і іншую маёмасць».
Ядвіга ў той час вучылася разам з сястрой у польскай школе-сямігодцы ў Полацку. У 1930-я гг. сям’я была рэпрэсаваная. У 1933 г. яе маці выслалі з Полацка, а ў 1937 г. у Волагдзе яна была арыштавана і асуджана да расстрэлу. У 1938 г. тая ж доля спасцігла яе бацьку, які працаваў бухгалтарам на Кіраўскай апатытавай рудні. Рэабілітаваны бацькі былі пасмяротна ў 1988 годзе.
Пасля заканчэння школы Ядвіга разам з сястрой паступае ў тэхнікум у Ленінградзе: Алена — у геалагічны, Ядвіга — у гідратэхнічны, які скончыла ў 1936 г. З 1939 г. вучылася ў Ленінградскім горным інстытуце, а ў вольны час наведвала студыю жывапісу пры Палацы культуры на Васільеўскім востраве (кіраўнік М. Капейкін). Вайна заспела Я. А. Мацяеўскую ў геолагаразведачнай экспедыцыі ў Сібіры. Магчыма, менавіта гэта выратавала яе ад галоднай смерці ў блакадным Ленінградзе, дзе ў 1942 г. памерла яе сястра Алена.
У 1943 г. Ядвіга пасылае просьбу пра выклік у Акадэмію мастацтваў і горны інстытут. Выклік з акадэміі прыйшоў раней, што і вызначыла яе далейшы лёс. Ядвіга паспяхова здала ўступныя экзамены і пачала навучанне ў пейзажнай майстэрні. Акадэмія мастацтваў тым часам знаходзілася эвакуацыі ў Самаркандзе, тут жа знаходзіўся і Кіеўскі мастацкі інстытут, куды Ядвіга была вымушана перайсці ў сувязі з тым, што ёй як дачцэ «ворагаў народа» было забаронена вяртацца ў Ленінград. У Кіеўскім мастацкім інстытуце Ядвіга Аляксандраўна вучыўся на жывапісным факультэце ў вядомых прадстаўнікоў украінскай школы рэалізму: народнага мастака УССР Р. П. Святліцкага і заслужанага дзеяча мастацтваў УССР І. Н. Штыльмана . З 1949 г. ўдзельніца мастацкіх выставак украінскіх мастакоў. У 1952 г. ўступіла ў Кіеўскае таварыства мастакоў, у 1958 — у Саюз мастакоў Украіны.
Зрабіла прыкметны ўнёсак у развіццё лірычнага і індустрыяльнага жанраў пейзажнага жывапісу другой паловы XX стагоддзя. Яе дыпломная праца — сціплы пейзаж Кіеўшчыны.
Адразу пасля заканчэння інстытута адбылася першая паездка на Алтай, з якой Ядвіга прывезла вялікую колькасць эцюдаў і работ. З гэтага часу яна кожнае лета падарожнічала па Украіне, Урале, Байкале, Сібіры, Якуціі, Сахаліне, Кольскім паўвостраве.
Актыўна выстаўлялася, з 1949 па 1981 гады прыняла ўдзел у 15 рэспубліканскіх выставак. Разам з іншымі ўкраінскімі мастакамі яна экспанавала свае працы ў Кіеве, Львове, Ужгарадзе, Маскве, Варшаве. У Кіеве неаднаразова праходзілі персанальныя выстаўкі. Сярод дакументаў, якія захоўваюцца ў фондах НПГКМЗ, ёсць афіцыйнае запрашэнне лонданскай галерэі Роя Майлса на ўдзел Я. Мацяеўскай у выстаўцы прац украінскіх мастакоў (1992 г.), а таксама запрашэнне на ўдзел у выстаўцы твораў польскага замежжа ў варшаўскім Доме мастацтваў «Захента» ад Цэнтральнага бюро мастацкіх выставак (Варшава, 1990 г.).
Шмат сваіх прац Я. Мацяеўская прысвячае ўлюбёнаму паэту С. Ясеніну. Яна часта наведвала радзіму паэта, дзе стварае вялікую серыю пейзажаў, тэматычных кампазіцый і партрэтаў юнакоў, знешне падобных да паэта. Гэтыя працы былі прадстаўлены на персанальнай выстаўцы Я. Мацяеўскай, якая так і называлася: «На радзіме Сяргея Ясеніна». З 1989 г. мастачка член Ясенінскага таварыства «Радуніца» (г. Масква).
У 1980—1990-я гг. Я. Мацяеўская энергічна збірала звесткі пра сваіх сваякоў, некалькі разоў прыязджала ў Мінск і Полацк. Разам з полацкімі краязнаўцамі знайшла на старых могілках у Захарнічах магілу прадзеда Івана Фаміча Хруцкага. Сустрэлася са сваімі сваякамі ў Польшчы і Санкт-Пецярбургу, склала «радаводнае дрэва» нашчадкаў свайго знакамітага прадзеда.
У чэрвені 1997 г. паводле духоўнага завяшчання ўрна з яе прахам была пахавана на могілках у Захарнічах побач з магілай І. Ф. Хруцкага. У фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка пляменнікам мастачкі Ю. Арловым, а таксама яе сябрам кіеўскім мастацтвазнаўцам Л. Падун-Лук’янавай былі перададзены 181 жывапісная і 539 графічных работ, дакументы і матэрыялы пра жыццё і творчасць Я. А. Мацяеўскай.
Спасылкі
правіць- Мацеевская Ядвига Александровна (1916—1996)(недаступная спасылка). Каталог работ из коллекции Национального Полоцкого историко-культурного музея-заповедника. 2011