Энталома выемчатапласціністая

(Пасля перасылкі з Entoloma sinuatum)

Энталома выемчатапласціністая (Entoloma sinuatum) — атрутны від грыбоў роду энталомавых.

Энталома выемчатапласціністая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Entoloma sinuatum (Bull. ex Pers.) P. Kumm., 1871

Сінонімы

Выявы
на Вікісховішчы
NCBI  285111
EOL  1017310
MB  224074

Назвы правіць

Навуковыя сінонімы[1]:

Часам выкарыстоўваецца ў якасці сіноніма бінамен «Entoloma lividum», што з’яўляецца памылкай (гл. раздзел Таксаномія).

Біялагічны тып у біномене паходзіць ад лац.: sinuatum (звілісты, хвалісты), што адсылае да формы шапкі грыба, у той час як родавая назва паходзіць ад грэч. ἐντός/entós (унутраны) і грэч. λῶμα/lóma (край), што звязана з падвернутым краем шапкі.

Апісанне правіць

Самы буйны прадстаўнік роду энталом.

Шапка грыба 5—17 (да 25) см дыяметрам. Шапка ў маладых грыбоў — ад бруднавата-белай да шэра-вохранай, у сталасці — шэра-бурая, папялістая, гладкая, у цэнтры бывае дробнаскладкавая, у сырое надвор’е трохі клейкая, пры падсыханні — бліскучая. У маладых грыбоў шапка паўшарападобная ці конусна-званочкавая з падвернутым краем, доўга захоўвае гэтую форму, пазней бывае плоска-выпуклай ці распрасцёртай з апушчаным роўным ці хвалістым краем і шырокім прытупленым пагоркам у сярэдзіне, часта ў спелых экзэмпляраў — упадзістай, няправільна-акруглай формы.

Мякаць белая, тоўстая, шчыльная. Пры надломе не змяняе колер. Смак апісваецца як незразумелы ці непрыемны; пах мучністы, альбо прагорклы.

Пласцінкі 8—15 мм шырынёй, шырокія, рэдкія, слаба прырослыя зубцом ці выемкавыя, слабасерпавідныя; спачатку бруднавата-жоўтыя, пазней жаўтавата-ружовыя, ружовыя ці чырванаватыя, з больш цёмными краямі.

 
Энталома атрутная (Entoloma sinuatum).

Ножка 4—15 см вышынёй і 1—3,5 см таўшчынёй, цэнтральная, звычайна выгнутая ля асновы, цыліндрычная, бывае сціснутая, часта патоўшчаная ў аснове, шчыльная, але знізу зноў згортваецца; у маладых грыбоў суцэльная, у спеласці з губчатым напаўненнем. Верхняя частка ножкі белая, шаўкавістая, пазней вохрана-жаўтаватая ці шэраватая, пры націсканні — бледна-бураватая; наверсе мучністая, унізе голая.

Споравы парашок ружовы. Споры 8—11 х 7—9,5 мкм, шасцівугольныя, ізадыяметрычныя (акруглыя) ці трохі выцягнутыя, гладкія, ружавата-жоўтыя, з 1—2 кроплямі масла. Базідыя з 4 базідыаспорами. Цісцыды адсутнічаюць. Верхавіна шапкі — іксакуціс, які складаецца з вузкіх, цыліндрычных гіф 2-5 мкм таўшчынёй. Пігмент вельмі светлы, унутраклетачны[2][1].

Форма, пазбаўленая жоўтай афарбоўкі гіменафора, рэдка, але сустрачаецца ў Аўстрыі, Францыі і Нідэрландах[3].

Распаўсюджанне правіць

Энталома атрутная — дастаткова рэдкі грыб. Расце на глебе з канца мая да пачатку кастрычніка ў светлых лісцевых і мяшаных лясах (асабліва ў дубровах) і парках, утвараючы мікарызу з дубам, букам, грабам, радзей — з бярозай ці вярбой. Аддае перавагу цяжкім глебам, гліністым ці глебам з вялікім зместам вапны. Сустракаецца па аднаму грыбу ці малымі групамі.

Цеплалюбівы від. Сустракаецца ў Беларусі, у Паўночнай Амерыцы (да Арызоны на поўдзень), у Адыямане (Турцыя), у Іране, у Юньнані (КНР), ва Украіне, на поўдні еўрапейскай часткі Расіі, на Паўночным Каўказе і на поўдні Сібіры (Расія), у Аўстрыі, Францыі, Нідэрландах і інш.

Падобныя віды правіць

Энталома выемчатапласціністая небяспечная для неспрактыкаваных грыбнікоў сваім падабенствам да шэрагу ядомых відаў.

  • Падвішань (Clitopilus prunulus Scop. ex Fr. P. Kumm. 1871), у асноўным адрозніваецца сыходнымі да ножкі пласцінкамі, аднак афарбоўка практычна такая ж, як і ў энталомы выемчатапласціністай.
  • Ядомы Entoloma clypeatum (L.) P. Kumm. 1871), адрозніваецца ад энталомы атрутнай пераважна гіграфаннай шапкай і месцам росту — ён сустракаецца ў садах і на лугах, а не ў лісцевых лясах.
  • Calocybe gambosa (Fr.) Donk 1962, мае вузкія, частыя пласцінкі гіменафора, белаватай ці светла-вохранай афарбоўкі.
  • Clitocybe nebularis (Batsch) P.Kumm. 1857, адрозніваецца вузкімі, частымі пласцінкамі белаватага ці крэмавага колеру, слабасыходзячымі па ножцы і яскрава аддзеленымі ад шапкі. Мае таксама своеасаблівы кветкавы ці гніласны пах.
  • Tricholoma columbetta (Fr.) P. Kumm. 1871, мае шаўкавіста-белую, з каляровымі плямамі, шапку і мякаць, якая ружавее на зрэзе.
  • Шампіньён звычайны (Agaricus campestris L. 1753), моцна адрозніваецца ад энталомы выемчатапласціністай, дзякуючы кольцам на ножцы і больш цёмным пласцінкам.

З атрутных грыбоў моцна падобная да энталомы выемчатапласціністай роднасная Entoloma rhodopolium (Fr.) P. Kumm. 1871), якая таксама атрутная.

Ядавітаць правіць

Гастра-энтэратропны ядавіты грыб. Пры ўжыванні раздражняе слізістую абалонку страўнікава-кішачнага тракту, выклікаючы т. зв. «рэзіноідны сіндром» (болі ў жываце, рвота, вадкі стул). Сімптомы атручэння праяўляюцца прыкладна праз 0,5—2 гадзіны пасля траплення таксінаў у арганізм і адчуваюцца ў выглядзе галаўной болі і галавакружэння, а пазней дадаецца моцная ірвота і панос. Папраўка звычайна адбываецца праз 48—72 гадзіны[4]. Пры ўжыванні значнай колькасці грыбоў магчымы смяротны зыход.

Лячэнне атручэння неспецыфічнае і заключаецца ў прамыванні страўніка і назначэнні солевых слабіцельных (да развіцця ірвоты і паносу), назначэнні энтэрасарбентаў; пры развіцці выражанага гастраэнтэрыту — у карэкцыі водна-электралітных расстройстваў шляхам увядзення кровазамяшчаючых вадкасцей і ў прафілактыцы другаснай інфекцыі СКТ. Прамыванне страўніка, слабіцельныя і энтэрасарбенты прызначаюцца ўсім членам сям’і, якія ўжывалі грыбы, нават калі сімптомаў няма[5].

Таксаномія правіць

Від упершыню згадваецца ў 1788 годзе ў працы французскага натураліста П’ера Бюяра як «Agaricus lividus». Пазней, у 1801 годзе Хрысціян Персан упершыню апісвае яго як «Agaricus sinuatus». Сучасную назву «Entoloma sinuatum» грыб атрымаў у працы нямецкага міколага Паўля Кумера у 1871 годзе. Тым не менш, у літаратуры працягвала сустракацца назва, дадзеная П’ерам Бюярам, пакуль не стала зразумела, што на ілюстрацыі Бюяра не энталома выемчатапласціністая, а аленевы грыб. З 1955 года «Entoloma sinuatum» становіцца агульнапрынятым навуковым найменнем грыба; назва «Entoloma lividum» з 2001 года лічыцца неваліднай і не выкарыстоўваецца ў якасці сіноніма.

Яшчэ адзін сінонім, «Rhodophyllus sinuatus», быў уведзены французскім міколагам Люсьенам Келе, які ў 1886 годзе аб’яднаў грыбы з ружовымі прыросшымі ці выемчатымі пласцінкамі гіменафора і вуглаватымі спорамі ў альтэрнатыўны род «Rhodophyllus».

Біномен Entoloma eulividum (Bull.) Noordel., 1985, адносіцца да звычайнай формы (падвіду) «Entoloma sinuatum» — з пласцінкамі жаўтаватай афарбоўкі. Раней гэтая форма вылучалася ў асобны від, адрозны ад «Entoloma sinuatum» (з пласцінкамі без жаўтаватай афарбоўкі).

Зноскі

  1. а б Entoloma sinuatum // MycoBank database.
  2. Noordeloos, M.E. Entoloma s.l. — Biella Giovanna, 1992. — 760 p.
  3. Noordeloos, M.E. Fungi Europaei, Volume 5a: Entoloma (Supplement). — Edizioni Candusso, 1992. — 920 p. — P. 111—113.
  4. David G. Spoerke, Barry H. Rumack. Handbook of mushroom poisoning: diagnosis and treatment. — CRC, 1994 — 464 p. — P. 354.
  5. Заболотских Т. В., Григоренко Г. В., Климова Н. В., Поддубная С. М. Отравления в детском возрасте: Методическое пособие для врачей-педиатров. — Благовещенск: Амурская государственная медицинская академия, 2003. — 21 с. — С. 12-14.

Літаратура правіць

  • Noordeloos, M.E. Entoloma s.l. — Biella Giovanna, 1992. — 760 p.
  • Entoloma sinuatum // MycoBank database.