Сеткакры́лыя (Neuroptera) — атрад насякомых.
Вядома каля 5 тыс. відаў. Даўжыня цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў дзве пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некаторых відаў пярэднія — капальныя.
Адзначаны з пермскага перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. На тэрыторыі Беларусі найбольш сустракаюцца прадстаўнікі сямействаў залатавочак (Chrysopidae) і мурашыных ільвоў (Myrmeleontidae). Кормяцца тлёй, какцыдамі і іншымі насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.
Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішэчнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу).
Зноскі