Даўжыня цела да 8 см, размах крылаў да 17 см. У мурашынага льва звычайнага размах крылаў да 7 см, цела даўжынёю да 3 см, тонкае, чорнае, амаль голае. Дарослыя знешне нагадваюць стракоз. Вусікі булавападобныя. Крылы з завостранымі канцамі. Ротавы апарат у імага грызучага тыпу.
Адрозніваецца каля 2 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі трапляецца мурашыны леў звычайны, жыве ў сухіх пясчаных месцах.
Лічынкі некаторых відаў проста жывуць у пяску, пераследючы там розных дробных жывёл, але ў іншых (M. formicarius і M. formicalynx) яны вырываюць у пяску канічную ямку, выкідваючы пясок галавой, а буйнейшыя каменьчыкі і пясчынкі выносяць на спіне. Вырыўшы варонку, якая ў 5 см глыбіні і 7—8 см у дыяметры; лічынка закопваецца ў цэнтры яе ў пясок, выстаўляючы вонкі толькі сківіцы, і чакае здабычу; розныя казуркі, часцей за ўсё мурашкі, а таксама павукі і інш., ступіўшы на край варонкі, скочваюцца з пяском унутр яе і схопліваюцца лічынкамі.