Пласцініставусыя (Scarabaeidae) — сямейства насякомых атрада жукоў (цвердакрылых).
Даўжыня 0,2—15,5 см (на Беларусі — да 4,1 см). Цела шырокае, выпуклае. Вусікі 3—7-членікавыя, з пласціністай (адсюль назва), зрэдку конусападобнай булавой. Пярэднія ногі рыючыя, лапкі 5-членікавыя. У самцоў галава і пярэдняспінка часта з рагамі і бугаркамі. Канец брушка пераважна не пакрыты надкрыламі.
Лічынкі мясістыя, белыя, С-падобна выгнутыя, з добра развітымі нагамі і вялікай галавой; жывуць у глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках, мурашніках, норах грызуноў і іншае; кормяцца каранямі, рэшткамі раслін, гноем.
Жукі кормяцца надземнымі часткамі, сокам, рэшткамі раслін, гноем, зрэдку трупамі, грыбамі, некаторыя не кормяцца. Многія віды нарыхтоўваюць корм для лічынак, закопваючы яго ў земляных норах.
Сярод пласцініставусых шмат шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Многія віды — апыляльнікі раслін, прыродныя санітары.