Невялікія матылі. Размах крылаў 15-30 мм, трапічныя віды часам да 65 мм. Вонкава часта нагадваюць агнёвак або пядзенікаў. Галава ў прыціснутых лускавінках, лоб шырокі, вочы шырока расстаўленыя. Хабаток развіты. Губныя шчупікі добра развітыя, загнутыя ўверх, у многіх відаў двухчленікавыя з густой шчоткай лускавінак. Вусікі простыя, пілаватыя або з густым грэбнем кароткіх шчацінак. Пярэднія і заднія крылы шырока- або вузкатрохвугольныя, часта з выманнем па вонкавым краі. Малюнак стракаты, у выглядзе падоўжна выцягнутых ліній, палос і плям. Тымпанальны апарат адсутнічае. Брушка шчыльнае, валькаватае, у самцоў часта з адцягнутым канцом, у самак — са шчыльным пэндзлікам воласападобных лускавінак.
Матылі лётаюць галоўным чынам у прыцемках і ноччу, асобныя віды актыўныя днём. Вусені жывуць у трубчастым або плоскім прытулку, надразаючы і згортваючы, або сцягваючы краі ліста шаўкавінкамі, часам змацоўваюць шаўкавінкамі 2 суседніх ліста і, знаходзячыся паміж імі, скелетуюць сценкі прытулку. Харчуюцца лісцем, бутонамі і кветкамі травяністых раслін з сямействаў парасонавых, казяльцовых і бабовых, а таксама лісцем букавых і бярозавых.
Зноскі
- Niels P. Kristensen: Lepidoptera, moths and butterflies. In: Maximilian Fischer (Hrsg.): Handbook of Zoology. 1. Auflage. Band 4 — Arthropoda: Insecta, Teilband 35, de Gruyter, Berlin, New York 1998, ISBN 3-11-015704-7.
- Malcolm J. Scoble: The Lepidoptera: Form, Function and Diversity. Oxford University Press, Oxford 1995, ISBN 0-19-854952-0.
- Günter Ebert: Die Schmetterlinge Baden-Württembergs. Band 3. Nachtfalter I. Wurzelbohrer (Hepialidae), Holzbohrer (Cossidae), Widderchen (Zygaenidae), Schneckenspinner (Limacodidae), Sackträger (Psychidae), Fensterfleckchen (Thyrididae). 1. Auflage. Ulmer, Stuttgart (Hohenheim) 1994, ISBN 3-8001-3472-1.