Škoda Auto

(Пасля перасылкі з Škoda)

«Шкода» (чэшск.: Škoda) — назва кампаніі (Škoda Auto) і марка аўтамабіляў, якія выпускаюцца ў Чэхіі (раней у Чэхаславакіі). Штаб-кватэра — у горадзе Млада-Болеслаў.

Škoda Auto
Тып akciová společnost[d][1][2]
Заснаванне 17 снежня 1895 і 20 лістапада 1990[2]
Заснавальнікі Václav Laurin[d], Václav Klement[d] і Эміль Шкода
Краіна
Адрас
Галіна аўтамабільная прамысловасць[3]
Прадукцыя аўтамабіль[4], Škoda Fabia[3], Škoda Rapid (2012-)[d][3], Škoda Roomster[d][3], Škoda Octavia[3], Škoda Yeti[3], Škoda Superb[3], Škoda Kodiaq[d][3], Škoda Felicia, Škoda Citigo[d], Škoda Karoq[d] і Škoda Kamiq[d]
Уласны капітал
  • 94,9 млрд Kč (31 снежня 2020)[5]
Абарот
  • 423 млрд Kč (2021)[6]
Аперацыйны прыбытак
  • 17,3 млрд Kč (2020)[5]
Чысты прыбытак
  • 15,2 млрд Kč (2020)[5]
Актывы
  • 228 млрд Kč (31 снежня 2020)[5]
Колькасць супрацоўнікаў
  • 35 437 чал. (2020)[5]
Дэвіз simply clever
Матчына кампанія Volkswagen Group[3]
Сайт skoda-auto.com (англ.)

Гісторыя

правіць

Гісторыя вытворчасці аўтамабіляў, якія носяць у цяперашні час марку «Шкода», пачалася з канца 1895 года ў чэшскім горадзе Млада-Болеслаў. Кнігагандляр Вацлаў Лаўрын і механік Вацлаў Клемент, абодва аматары-веласіпедысты, пачалі выпускаць веласіпеды ўласнай канструкцыі, назваўшы іх патрыятычна — Славія.

Іх справы ішлі шчасна. Да 1899 г. фірма Laurin & Klement Co. пачала вытворчасць матацыклаў. Гоншчыкі атрымалі першыя перамогі ў міжнародных спаборніцтвах.

На мяжы стагоддзяў кампанія ўзяла курс на вытворчасць аўтамабіляў.

Першы аўтамабіль, Voiturette A, выпушчаны ў 1905, меў камерцыйны поспех і стаў знакавым у гісторыі чэшскага аўтамабілебудавання. Дзякуючы сваім ноў-хаў і досведу, кампанія вельмі хутка заняла трывалае становішча на сусветных рынках. Laurin & Klement спрыяла сцвярджэнню пазіцый Багемскага каралеўства як найбольш прамыслова развітога рэгіёна Аўстра-Венгерскай манархіі.

У 1907 г. заснавальнікі пераўтварылі некалі сямейнае прадпрыемства L & K у акцыянернае таварыства. Прагрэс прывёў да стварэння новай мадэлі — Faeton. Пасля 1914 г. кампанія прымала ўдзел у вытворчасці ваеннай прадукцыі.

Для ўмацавання і захавання сваіх пазіцый, а таксама мадэрнізацыі вытворчасці, L & K шукалі моцнага партнёра.

27 чэрвеня 1925 года L & K увайшла ў склад найбуйнейшага прамысловага прадпрыемства рэгіёна, «Шкода-Пльзень» (Škoda Plzeň), уладальнікам якой з’яўляўся Эміль Шкода. На гэтым скончылася гісторыя маркі Laurin & Klement і з’явілася новая кампанія — Škoda.

Гады Другой Сусветнай вайны

правіць

У гады Другой Сусветнай вайны Skoda стала часткай эканамічнай сістэмы Трэцяга Рэйха і практычна цалкам пераключылася на выпуск ваеннай прадукцыі. Заводы выпускалі газагенератарныя грузавікі, гусенічныя цягачы, а на базе распрацаванай у 1936 г. вытанчанай мадэлі Skoda Superb выпускаліся ваенныя пазадарожнікі. Завод выпускаў узбраенне для фашысцкіх войскаў і таму ў 1945 да 70 % завадскіх магутнасцей былі знішчаны англа-амерыканскімі бамбаваннямі.

Сацыялістычны перыяд

правіць

Пасля Другой сусветнай вайны прадпрыемства было нацыяналізавана, аддзелена ад машынабудаўнічай вытворчасці Škoda ў Пльзені і пашырана за кошт далучэння фабрык у Квасінах і Врхлабі. Першая пасляваенная мадэль 1101 Tudor сышла з канвеера завода ў Млада Болеславе ў маі 1946 года[7].

Пасля аксамітнай рэвалюцыі

правіць

Пасля «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года стала ясна, што заводу будзе нялёгка на адкрытым рынку. Гадавая магутнасць складала каля 200 000 аўтамабіляў, пры гэтым акрамя машын састарэлай канструкцыі з рухавіком у задняй частцы, адзінымі сучаснымі мадэлямі былі хэтчбек Favorit і ўніверсал Forman. Škoda быў патрэбен моцны партнёр. Першапачаткова ў якасці патэнцыйных партнёраў чэшскі ўрад разглядаў спіс з 24 вытворцаў аўтамабіляў, летам 1990 года гэтая колькасць скарацілася да васьмі. Толькі чатыры з іх падалі заяўкі, і ў выніку толькі дзве кампаніі ўвайшлі ў канчатковы спіс у жніўні 1990 года: альянс Renault-Volvo і Volkswagen Group. 9 і 10 снежня адбыліся паседжанні ўрада, на аснове якіх 21 снежня 1990 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з канцэрнам Volkswagen.

28 сакавіка 1991 года міністр прамысловасці чэшскага ўрада Ян Врба[cs] і старшыня савета дырэктараў Volkswagen AG Карл Хорст Хан[de] заключылі асноўнае пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства Škoda Auto. Пасля выканання адпаведных пунктаў пагаднення 16 красавіка Volkswagen набыў 31 % акцый за 620 мільёнаў марак. У наступныя гады група павялічыла сваю долю да 100 %[8].

У складзе канцэрна Фальксваген

правіць

Дзякуючы ўзаемадзеянню з заходнімі партнёрамі і новаму эканамічнаму мысленню Skoda правяла мерапрыемствы па мадэрнізацыі тэхнічна-вытворчай базы. У выніку гэтага з’явілася канкурэнтаздольная мадэль — Felicia. За ёй рушылі ўслед і больш паспяховыя мадэлі — Octavia, Fabia і Superb.

Сучаснасць

правіць

Вытворчасць

правіць

Škoda Auto мае вытворчыя прадпрыемствы ў Чэхіі (Млада Болеслаў, Квасіны, Врхлабі), Славакіі, Украіне, Кітаі, Індыі і Расіі.

У Чэхіі

правіць

Млада Болеслаў

правіць

У Млада Болеславе знаходзіцца галаўны завод маркі. Вытворчасць аўтамабіляў тут стартавала ў 1905 годзе разам з пачаткам дзейнасці кампаніі Laurin & Klement. Цяпер у тых гістарычных завадскіх залах размяшчаецца музей маркі Škoda. Цяперашняя вытворчая пляцоўка знаходзіцца побач. На заводзе вырабляюць аўтамабілі шасці мадэляў: Fabia, Scala, Octavia, Kamiq, Karoq і Enyaq. Апроч аўтамабіляў, тут таксама вырабляюцца рухавікі, механічныя каробкі перадач MQ 200 і MQ 100, восі і акумулятары для гібрыдных мадэляў.

У сакавіку 2021 года з канвеера ў Млада Болеславе сышоў 15 мільённы аўтамабіль[9].

Врхлабі

правіць

Вытворчасць у Врхлабі пачалася ў 1864 годзе, калі Тэадор Петэра разам з сынамі заснаваў фабрыку па выпуску конскіх сёдлаў, экіпажаў і саней. З 1908 года пачалася вытворчасць аўтамабільных кузаваў. У 1946 годзе прадпрыемства было нацыяналізавана і ўключана ў склад Škoda.

На заводзе выпускаліся мадэлі:

  • 1101 «Tudor» і STW,
  • 1200, 1201, 1202 і 1203
  • 105/120
  • Favorit і Forman
  • Felicia, у тым ліку версіі Combi і Fun
  • Octavia для экспарту ў Польшчу
  • Octavia версій Laurin & Klement, RS, 4x4 і Scout.

У 2012 годзе вытворчасць аўтамабіляў тут была завершана, а фабрыка перайшла на вытворчасць трансмісій[10].

Завод выпускае каля 2300 каробак перадач у дзень. Прыкладна дзве пятыя ад вырабленых трансмісій усталёўваюцца на мадэлях маркі Škoda, астатняя частка ідзе на іншыя аўтамабілі канцэрна Volkswagen Group.

У 2021 годзе завяршыўся пераход на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і фабрыка стала вугляродна-нейтральнай, першай з усіх заводаў Škoda. Каля 90 працэнтаў электраэнергіі атрымана з узнаўляльных крыніц. Завод скараціў выкіды вуглякіслага газу з ранейшых 45000 тон у год да 3000 тон. Астатнія выкіды завод пакрывае за кошт кампенсацыйных мер. Акрамя пераходу на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і эканоміі, таксама скарацілі да нуля колькасць адкідаў, што вывозяцца на звалку. З пачатку 2019 года ўсе адкіды выкарыстоўваюцца паўторна для вытворчасці іншых матэрыялаў або энергіі[11].

У Кітаі

правіць

Škoda выпускае аўтамабілі ў Кітаі з 2007 года. Вытворчасць ажыццяўляецца на чатырох заводах сумеснага прадпрыемства SAIC-Volkswagen (Kodiaq і Kodiaq GT выпускаюцца ў Чаншы, Octavia і Karoq у Нінбо, Rapid і Rapid Spaceback у Ічжэне, Superb, Kamiq і Kamiq GT у Нанкіне).

У ліпені 2020 года ў Кітаі быў выраблены трохмільённы аўтамабіль Škoda[12].

У Індыі

правіць

У 1999 годзе першае пакаленне Octavia пачалі пастаўляць у Індыю ў выглядзе камплектаў SKD0. Увозіліся практычна цэлыя аўтамабілі ў зборы, на іх на месцы мантаваліся толькі колы і фары. Пасля Індыя змяніла мытныя правілы, што вымусіла Škoda пашыраць зборку з паступовым павелічэннем долі лакальных кампанентаў, а пасля быў пабудаваны новы завод у горадзе Аурангабад. Акрамя таго, у Пуне створаны цэнтр распрацоўкі і мясцовая студыя дызайну[13]. Завод у Пуне мае магутнасць каля 200 000 аўтамабіляў у год. У 2015 годзе да яго дадаўся завод па выпуску рухавікоў магутнасцю каля 100 000 адзінак у год. Таксама тут вырабляюцца машынакамплекты для CKD-зборкі ў Куангніні (В’етнам)[14].

У Расіі

правіць

Вытворчасць у Расіі пачалася ў кастрычніку 2009 года на заводзе групы Volkswagen у Калузе. Першай мадэллю стала «Актавія» другога пакалення. У 2012 годзе кантрактную зборку наладзілі на Горкаўскім аўтазаводзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 2012 годзе была выраблена 100-тысячная Шкода, у 2018 годзе 500-тысячная, у красавіку 2021 года 750-тысячная Шкода расійскай вытворчасці[15].

Да 2022 года ў Расіі выраблялі чатыры мадэлі: у Калузе выпускаўся Rapid, а ў Ніжнім Ноўгарадзе Karoq, Kodiaq і Octavia. 3 сакавіка 2022 года канцэрн Volkswagen прыняў рашэнне аб спыненні выпуску машын[16].

Спонсарства і дабрачыннасць

правіць

Чэшскі аўтавытворца мае доўгую гісторыю падтрымкі турніраў па хакеі з шайбай. Škoda з 1993 года бесперапынна з’яўляецца генеральным спонсарам чэмпіянату свету[17].

У Беларусі

правіць

Станам на канец 2019 года ў Беларусі зарэгістравана 48 775 аўтамабіляў Шкода[18].

З 11 сакавіка 2021 года продаж новых аўтамабіляў «Шкода Рапід» у Беларусі быў прыпынены наказам Дзяржстандарту аб неабходнасці ўдакладнення фармулёвак у Адабрэнні тыпа транспартнага сродку (АТТС)[19]. Камітэт заявіў, што падчас правядзення праверкі ў дачыненні да ТАА «ФелОкт-Сэрвіс» (дыстрыб’ютар маркі Škoda ў Беларусі), выяўлены неадпаведнасці машын звесткам у дакуменце. У прыватнасці, у ім згадвалася, што гэтая мадэль выпрабоўвалася з сістэмай дапаможнага тармажэння (BAS), але на рынку аўтамабіль рэалізуецца без яе. Усталяваныя на машынах фары дзённага святла нібыта не такія, якія былі ўнесеныя ў АТТС. Заяўлялася таксама аб разыходжаннях у звестках аб колькасці дзвярэй, экалагічным класе ды іншых паказчыках[20].

23 красавіка 2021 года пастановай Савета Міністраў прадукцыя маркі Шкода была ўнесеная ў пералік тавараў, якія забаронены да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго з 5 мая 2021 года продажы аўтамабіляў былі спыненыя на 6 месяцаў[21]. Забарона неаднаразова працягвалася і на бягучы момант дзейнічае да 31 снежня 2024 года[22][23][24][25][26].

Зноскі

  1. ŠKODA Annual Report 2017, ŠKODA Výroční zpráva 2017Škoda Auto, 2018. — 148 p.
  2. а б в г Administrativní registr ekonomických subjektů
  3. а б в г д е ё ж з і ŠKODA Výroční zpráva 2016, ŠKODA Annual Report 2016 — 2017. — 116 с.
  4. ŠKODA Výroční zpráva 2015, ŠKODA Annual Report 2015 — 2016.
  5. а б в г д annual report
  6. annual report — С. 60.
  7. Первая после войны. Как Skoda Tudor поднимала чешский автопром с колен (руск.). abw.by (30 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  8. Škoda letos slaví významné jubileum, 30 let od vstupu do koncernu Volkswagen (чэшск.). auto.cz (23 сакавіка 2021). Праверана 23 сакавіка 2021.
  9. Škoda v Mladé Boleslavi vyrobila už 15 milionů aut. Tím jubilejním je Enyaq (чэшск.). auto.cz (7 сакавіка 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
  10. Jak ve Vrchlabí vyrábějí převodovky: Roboty tady lidi nikdy nenahradí (чэшск.). auto.cz (28 кастрычніка 2019). Праверана 15 красавіка 2021.
  11. Závod Škody Auto Vrchlabí přešel na obnovitelné zdroje, je uhlíkově neutrální (чэшск.). auto.cz (7 кастрычніка 2021). Праверана 30 снежня 2021.
  12. Škoda slaví tři miliony vyrobených aut v Číně. Může za to Octavia a bohatá paleta SUV (чэшск.). auto.cz (23 ліпеня 2020). Праверана 15 красавіка 2021.
  13. Podívejte se, jak Škodovka kdysi začínala v Indii. Bylo to s jedničkovou Octavií (чэшск.). auto.cz (10 лютага 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
  14. Pune, la fabbrica Skoda-VW in India, eccellenza anche energetica (італ.). it.motor1.com (28 лістапада 2023). Праверана 29 лістапада 2023.
  15. В России выпустили три четверти миллиона «Шкод» (руск.). motor1.com (9 красавіка 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
  16. "Volkswagen и Skoda прекратили выпуск автомобилей в России"(руск.). autonews.ru. 2022-03-03. Праверана 2023-05-08.
  17. IIHF ICE HOCKEY WORLD CHAMPIONSHIP. History of the ŠKODA Sponsorship (англ.)(недаступная спасылка). Škoda Auto (21 мая 2017). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2021.
  18. Автостатистика ГАИ: сколько у белорусов Geely, а сколько — Ferrari (руск.)(недаступная спасылка). news.21.by (31 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2021. Праверана 13 жніўня 2021.
  19. О временной приостановке продаж ŠKODA RAPID (руск.)(недаступная спасылка). skoda-auto.by (10 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 23 красавіка 2021.
  20. Госстандарт объяснил, почему в Беларуси приостановлены продажи Skoda Rapid (руск.). abw.by (11 сакавіка 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
  21. Официальные дилеры ŠKODA на территории Республики Беларусь временно приостанавливают продажу любых новых автомобилей ŠKODA (руск.). skoda-auto.by (4 мая 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
  22. "В Беларуси не будут продавать Skoda ещё полгода"(руск.). av.by. 2021-11-04. Праверана 2021-11-04.
  23. "Запрет на ввоз Skoda в Беларусь продлили. Но машины купить в салоне всё же можно"(руск.). av.by. 2022-05-05. Праверана 2022-05-17.
  24. "Запрет на ввоз и реализацию Skoda, Liqui Moly и Nivea в Беларуси продлен еще на полгода"(руск.). abw.by. 2022-11-04. Праверана 2022-11-04.
  25. "Беларусь прадоўжыла забарону на ўвоз у краіну прадукцыі Skoda Auto, Liqui Moly і Beiersdorf". БелТА. 2023-05-04. Праверана 2023-05-08.
  26. "Урад Беларусі прадоўжыў забарону на ўвоз і рэалізацыю некаторых тавараў". БелТА. 2023-10-31. Праверана 2023-10-31.

Спасылкі

правіць