Іван Пятровіч Пуліхаў

рэвалюцыянер, здзяйсняльнік замаху на Курлова (1879—1906)
(Пасля перасылкі з Іван Пуліхаў)

Іван Пятровіч Пуліхаў, партыйная мянушка Вася (5 верасня 1879, Мінск — 26 лютага 1906, Мінск) — рэвалюцыянер, член партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, член Лятучага атрада Паўночна-Заходняга краю.

Іван Пятровіч Пуліхаў
Род дзейнасці рэвалюцыянер
Дата нараджэння 5 верасня 1879(1879-09-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 26 лютага (11 сакавіка) 1906 (26 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Партыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сям’і тапографа Пятра Мацвеевіча Пуліхава, які скончыў Курскае землямернае вучылішча і прызначаны межавіком (землямерам) у Мінскае губернскае ўпраўленне земляробства і дзяржаўных маёмасцей, дзе праслужыў 36 гадоў. Выслужыў дваранства і чын калежскага асэсара, узнагароджаны сярэбраным медалём у памяць Аляксандра III. Сталаначальнік. У Мінску ажаніўся, набыў дом з садам. Меў трох сыноў і дачку.

Іван Пуліхаў скончыў няпоўныя 7 класаў рэальнага вучылішча. З’ехаў у Санкт-Пецярбург, экстэрнам здаў экзамен на атэстат і паступіў ва ўніверсітэт. Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, за ўдзел у студэнцкіх сходках арыштаваны і высланы да бацькі ў Мінск пад нагляд паліцыі. У Мінску жыў у наймаванай кватэры ў раёне цяперашняй вуліцы Чычэрына, зарабляў рэпетытарствам, значная частка заробку ішла на выдаткі падпольнай эсэраўскай арганізацыі.

Выконваючы «прысуд» падпольнай арганізацыі эсэраў, разам з Аляксандрай Ізмайловіч, 14 студзеня 1906 года арганізаваў замах на мінскага губернатара Паўла Курлова, кінуў бомбу, але яна не падарвалася. Пуліхаў і Ізмайловіч былі арыштаваныя і да суда знаходзіліся ў гарадской турме. Для Пуліхава рыхтавалі пабег, які не адбыўся праз зняволенага Аляксандра Хахлова.

16 лютага 1906 года часовы ваенны суд асудзіў Івана Пуліхава і Аляксандру Ізмайловіч да смяротнага пакарання праз павешанне. 20 лютага 1906 года суд разглядаў касацыйныя скаргі. Касацыйная скарга бацькі Пуліхава не была задаволеная, Аляксандры Ізмайловіч прысуд замянілі на бестэрміновую катаргу. 26 лютага 1906 года Іван Пуліхаў павешаны на браме гарадской турмы, а палітычныя зняволеныя вывесілі ў вокны камер чорныя сцягі. Таемна пахаваны ў Мінску на ўсходнім ускрайку Старажоўскіх могілак. Пакінуў перадсмяротны ліст, у якім расказаў пра абставіны суда і развітаўся з таварышамі[1].

Праз 20 гадоў вартаўнік могілак паказаў месца пахавання Івана Пуліхава колішнім паліткатаржанам, якія з’ехаліся ў Менск. Яны вырашылі ўшанаваць памяць Пуліхава, але грошай не было, таму збіралі ахвяраванні на вуліцах Менска. На сабраныя сродкі на магіле Пуліхава ўсталявалі камень чырвонага граніту. У 1954 годзе Івана Пуліхава перапахавалі на Вайсковых могілках у сувязі з ліквідацыяй Старажоўскіх могілак. Ёсць меркаванне, што перанеслі толькі надмагільны камень. Магіла месціцца злева ад цэнтральнага ўваходу на могілкі, на камені надпіс, што ён пастаўлены паліткатаржанамі ў 1928 годзе.

Ушанаванне памяці

правіць
 
Магіла Івана Пуліхава на Вайсковых могілках

На Першым Усебеларускім з’ездзе паводле прапановы Анатоля Бонч-Асмалоўскага дэлегаты ўшанавалі памяць Івана Пуліхава ўставаннем[2].

Імем Івана Пуліхава названая вуліца ў Мінску ў раёне колішняй Архірэйскай Слабодкі.

Зноскі

  1. Жылуновіч, Зьміцер. Перадсьмертны ліст Я. Пуліхава // Полымя. 1924. № 2. С. 215—218.
  2. ПЕРВЫЙ НАЦИОНАЛЬНЫЙ… Архівавана 21 студзеня 2021.

Літаратура

правіць
  • Пулихов Иван // История Беларуси: Словарь-справочник. — Мн: Экономпресс, 2000. — ISBN 985-6479-22-3.
  • Бугаенко В. Иван Пулихов — кто он? Именем одного из первых террористов Беларуси названа улица Минска // Вечерний Минск. — 1997. — № . — 10 февраля. — С.
  • Мехаў, У. Л. Слухаецца справа аб замаху…: Дакументальныя нарысы / У. Л. Мехаў. — Мн.: Беларусь, 1972. — 151 с.: іл.
  • Хаўратовіч, І. П. Бястрашны юнак / І. П. Хаўратовіч // Маладосць. — 1965. — № 12.
  • Хаўратовіч, І. Пуліхаў Іван Пятровіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 6. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Пу́ліхаў Іван Пятровіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 608. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

правіць