Ізабелін (Ваўкавыскі раён)
Ізабе́лін[1] (трансліт.: Izabielin, руск.: Изабелин) — вёска ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Ізабелінскага сельсавета.
Вёска
Ізабелін
| ||||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьЗнаходзіцца на аўтадарозе Гродна — Брэст, за 13 км ад г. Ваўкавыск і за 115 км ад г. Гродна. Праз вёску працякае рака Рось.
Гісторыя
правіцьУпершыню паселішча згадваецца ў першай палове XVI стагоддзя пад назвай Петуховічы (пазней Петухова) у складзе Гарадзенскага, потым Ваўкавыскага павета. У 1516 годзе мясцовасць знаходзілася ва ўладанні ўдавы маршалка Войцеха Яновіча Марыны Глебаўны. У 1557 годзе маёнткам Петухова валодалі Клочкі. У XVII стагоддзі паселішча перайшло да Дарагастайскіх і Сапегаў, існаваў касцёл.
У 1690 годзе Петухова атрымала статус мястэчка ва ўладанні ваяводы берасцейскага Стэфана Курча, тут было 30 двароў, млын і карчма. У XVIII стагоддзі паселішчам валодалі Флемінгі і Грабоўскія. У сярэдзіне XVIII стагоддзя падскарбі Ян Флемінг перайменаваў Петухова ў гонар сваёй дачкі Ізабелы (у шлюбе Чартарыйская). Ён таксама пасяліў тут нямецкіх рамеснікаў з прозвішчамі Рунгэ, Векверт, Зомер, Тум. У 1778 годзе Грабоўскія заснавалі ў Ізабеліне кальвінскі збор. Мястэчка было месцам правядзення правінцыйных сінодаў кальвінскай Літоўскай Еднасці ў 1780, 1788, 1796, 1802, 1822, 1838, 1842, 1846, 1850 і 1858 гадах.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ізабелін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. Па вайне 1812 года, у якой згарэў Ваўкавыск, Ізабелін стаў цэнтрам павета. Станам на 1836 год тут было 60 двароў, кальвінскі збор, грэка-каталіцкая царква, сінагога. Мясціна знаходзілася ва ўладанні Стравінскіх. У сярэдзіне XIX стагоддзя — 42 двары, 2 суконныя фабрыкі. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучэльня, 5 крамаў, карчма, рэгулярна праводзіліся 4 кірмашы. На 1914 год — 119 двароў, цагельны завод Шмуля Гельмана.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Ізабелін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. У 1934 года пачалося будаўніцтва касцёла, які згарэў у 1941 годзе.
У 1939 годзе Ізабелін увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 год тут было 195 двароў, на 1994 год — 257, на 1 студзеня 2004 года — 245.
Насельніцтва
правіць- XVIII стагоддзе: 1796 — 68 чал., з іх 33 селяніны, 33 рамеснікі, 2 лекары
- XIX стагоддзе: 1830 — 245 муж., з іх шляхты 1, духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 161, мяшчан-хрысціян і сялян 82[2]; 1836 — 402 чал.; 1878 — 577 чал., з іх 487 іўдзеяў[3]; 1897 — 820 чал.
- XX стагоддзе: 1914 — 794 чал.; 1971 — 527 чал.; 1994 — 734 чал.[4]
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2004 — 647 чал.; 1 студзеня 2007 — 206 чал.
Інфраструктура
правіцьУ Ізабеліне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, філіял музычнай школы, дом культуры, бібліятэка, 2 ФАПа.
Эканоміка
правіцьЦэнтр СВК «Ізабелін».
Турыстычная інфармацыя
правіцьСлавутасці
правіць- Кальвінскі збор (1778; цяпер касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла)
- Могілкі: яўрэйскія; старыя каталіцкія
- Сінагога (XVIII ст.)
- Царква Святога Міхаіла Архангела (XVIII ст.; грэка-каталіцкая, цяпер ва ўладанні БЭМП)
- Фальварак (XIX ст.)
Страчаная спадчына
правіць- Касцёл (зачынены і знішчаны ў 1968 годзе)
Вядомыя асобы
правіць- Феліцыян Курнатоўскі (1859—1933) — евангельскі святар.
- Сяргей Віктаравіч Ляўковіч — беларускі дзяржаўны дзеяч.
- Віктар Пятровіч Таранцей (нар. 1946) — беларускі вучоны, прафесар.
- Машэ Франк
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
- ↑ Izabelin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. S. 328.
- ↑ Валерый Шаблюк. Ізабелін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 474.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Izabelin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy (польск.). — Warszawa, 1882. S. 328.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ізабелін (Ваўкавыскі раён)