Ізраіль Мацвеевіч Басаў

(Пасля перасылкі з Ізраіль Басаў)

Ізраіль Мацвеевіч (Мордухавіч) Басаў (7 кастрычніка 1918, Мсціслаў4 жніўня 1994, Мінск) — беларускі жывапісец і графік, найбольш яркі і самабытны прадстаўнік беларускага савецкага андэграўнду 1970-х — 1980-х. гг. Бацька мастака Мацвея Басава.

Ізраіль Мацвеевіч Басаў
Дата нараджэння 7 кастрычніка 1918(1918-10-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 жніўня 1994(1994-08-04) (75 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак

Біяграфія

правіць
 
Відарыс самага знакамітага палатна. Горад з дрэвамі. Зроблена ў жніўні 2018 года у Нацыянальным мастацкім музеі РБ на персанальнай рэтраспектыве мастака.
 
Дзве Жанчыны. Зроблена ў жніўні 2018года ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ на персанальнай рэтраспектыве мастака.
 
Горад. Зроблена ў жніўні 2018 года ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ на персанальнай рэтраспектыве мастака.

Нарадзіўся 7 кастрычніка 1918 года ў г. Мсціславе Магілёўскай губерні ў сям'і краўца Мацвея Мошавіча Басава і Марыі Рыгораўны (Шыфрыной). Па самавольству чыноўнікаў пры ўзнаўленні ў 1950 годзе пасведчання аб нараджэнні імя па бацьку было зменена на «Мордухавіч», што ўсталявалася потым у дакументах і публікацыях. Акрамя Ізраіля, у сям'і быў яшчэ старэйшы сын (1913) Беньямін, у будучым — мастак-графік. З 1926 года вучыўся ў 9-гадовай яўрэйскай школе ў Мсціславе, але ў 1935 годзе быў вымушаны спыніць навучанне з прычыны хваробы.

У 19351941 гадах працаваў рэтушорам фатаграфіі ў арцелі «Путь Октября» (руск.). У 1939 годзе спрабаваў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча, дзе вучыўся брат, але не вытрымаў уступны іспыт з-за недахопу школьнай адукацыі. З пачаткам вайны, у 1941 годзе быў эвакуіраваны ў г. Янгіюль ва Узбекістане.

У 19421943 гадах праходзіў вайсковую службу ў працоўнай арміі ў г. Паўлаўскі Пасад, адкуль дэмабілізаваўся з-за хваробы і вярнуўся ў Янгіюль. У 19431944 гадах працаваў мастаком-выканаўцам у Янгіюльскім драматычным тэатры. У 1944 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў Мсціслаў.

У 19441947 гадах час ад часу працаваў як мастак-выканаўца ў Мсціславе, потым у Мінску (дзе ў прыватнасці маляваў нумары на аўтамашыны). У 1947 годзе абраў шлюб з Бэлай Закб, з якой ён быў знаёмы з даваенных часоў. Па пераездзе ў Мінск жыў у бараку на вуліцы Чырвонаармейскай. У гэтым жа годзе нарадзіў сын Барыс.

У 1947 годзе паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча на аддзяленне «мастак-педагог» (сярод выкладчыкаў — Іван Ахрэмчык, Хаім Ліўшыц, Віталь Цвірка). На апошнім курсе ў 1951 годзе быў выключаны «за космапалітызм», але дзякуючы абароне з боку студэнтаў, прадстаўнік НКУС вырашаў яго пакінуць.

У 1949 годзе пасля аўтамабільнай аварыі памёр бацька, і дабрабыт сям'і рэзка пагоршыўся. У 1950 годзе нарадзіўся сын Мацвей.

У 1951 годзе паступіў на працу ў Беларускае аддзяленне Цэнтральных мастацкіх майстэрняў Мастацкага фонду СССР (з 1967 года — Мастацка-вытворчы камбінат Мастацкага фонду БССР), дзе амаль да сярэдзіны 1960-х, маляваў на заказ партрэты савецкіх правадыроў. З 1953 года пачаў браць удзел у выстаўках. У 1959 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў БССР. У гэтым жа годзе пераехаў у новы дом на вуліцы Жданава.

У 1968 годзе ў сувязі з яго 50-годдзем, кіраўніцтва Саюза мастакоў прапанавала яму правесці закрытую персанальную выстаўку без удзелу гледачоў і прэсы, але прапанова была адхілена мастаком, а ў 1972 годзе ў выніку рэарганізацыі звольнены з камбінату ў ліку іншых мастакоў і з гэтага часу нідзе на службе больш не лічыўся.

З-за адмоўнага стаўлення да яго творчасці выстаўкома ён праз даволі цяглы час (з 1975 да 1988 год) амаль не меў магчымасці прымаць удзел у выстаўках у Мінску. Яго ліст са скаргай у Міністэрства культуры СССР у 1978 годзе не вырашыў пытання. У гэты перыяд ён некалькі разоў выстаўляўся ў Вільні (1972, 1975) і Кіеве (1975, 1982). У самы плённы перыяд сваёй творчасці ён быў пазбаўлены магчымасці быць экспанаваным на радзіме. Толькі пасля другога звароту ў Міністэрства культуры ў 1987 годзе яму вярнулі права выстаўляцца ў Мінску.

1992 год быў пераломным: поспех у выстаўках галерэі «Брама» ў Маскве і ў Мінску (куратар — Ларыса Фінкельштэйн), а таксама запрашэнне пятнаццаці яго палотнаў у Іерусалім (пасля паказу слайдаў на Міжнародным мастацтвазнаўчым кангрэсе).

Памер у Мінску 4 жніўня 1994 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках. Большасць твораў знаходзіцца ва ўласнасці сям'і мастака.

Творчасць

правіць

Па заканчэнні вучылішча Басаў быў захоплены жывапісам Роберта Фалька і Поля Сэзана, якіх ён вывучаў і пераасэнсоўваў. Гэта непасрэдным чынам адбілася на яго творчасці — ён доўга заставаўся пад значным уплывам менавіта гэтых мастакоў. Усё сваё жыццё ён паўтараў, што вельмі хацеў быць падобным да Фалька, але з гэтага мала што атрымлівалася.

Перыяд пераменаў у мастацтве Басава адбыўся паміж 1966 і 1967 гадамі. На змену натурным краявідаў прыходзяць работы спачатку нібы наўмысна рознастылёвыя, але якія крок за крокам кшталтуюць тую пазнавальную манеру, якая будзе ўласцівая мастаку на доўгія гады. У гэты ўмоўны пераходны перыяд трапляюць «Дом з чырвоным дахам» (1966), «Партрэт жонкі» (1967), «Спатканне» (1967), «Мелодыя» (1967), «Дзяўчына з гета» (1967). Ва ўсіх гэтых работах адчуваецца прынцыповае захапленне мастака французскім жывапісам, але гэта толькі першае павярхоўнае ўражанне, бо перадусім Басаў ставіў сабе іншыя мэты.

Усім яго жывапісным палотнам папярэднічалі малюнкі — завершаныя і самакаштоўныя кампазіцыі з амаль скульптурнай лепкай аб'ёмаў, упэўненай шырокай контур-лініяй-мазком, з асаблівай выразнасцю вялікіх паўзаў на аркушы.

За дваццаць гадоў (1953—1973) яго згадалі двойчы ў агульных аглядах, а ў наступныя пятнаццаць (1973—1988) ён зусім сышоў з мастацкай арэны і пра яго ніхто не згадваў. У канцы 80-х мастак і сам стаў адмаўляцца ад розных прапаноў новых дылераў. Ён марыў аб сваёй персанальнай выставе ў Маскве, Іерусаліме, Нью-Ёрку, але пайшоў з жыцця, не дачакаўшыся ніводнай сваёй персанальнай выстаўкі.

У 1996 годзе, за два гады пасля смерці мастака, адбылася першая яго персанальная выстаўка ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі, быў надрукаваны каталог пры падтрымцы фонду Сораса. У 2002 годзе рэйтынгавым цэнтрам Прафесійнага Саюза мастакоў у Маскве быў выдадзены сертыфікат аб прысваенні І. Басаву катэгорыі 2–А (Мастак–прафесіянал высокага класа з ярка выяўленай індывідуальнасцю).

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Паграноўскі М. М. Ба́саў Ізраіль Мордухавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 339. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Басаў Ізраіль Мацвеевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — С. 57. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
  • Ізраіль Басаў. Каталог твораў жывапісу. — Мінск, Праектная студыя А. Зіменка і З. Бяліцкага, 1996.
  • Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва. Том 2. — Мінск: Беларусь, 2007.
  • Харэўскі С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. — Вільня: Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, 2007.
  • Художники советской Белоруссии. Союз художников БССР. — Минск: Беларусь, 1976.

Спасылкі

правіць