Ізяслаўскае княства

Ізясла́ўскае княства або Ізяслаўльскае княства — удзельнае княства Полацкай зямлі, пазней Заслаўскае княства. Сталіца — Ізяслаўль (цяпер Заслаўе Мінскай вобласці Беларусі).

Вылучылася пасля смерці полацкага князя Усяслава Брычыславіча ў 1101 годзе. Да 1128 года, імаверна, належала Давыду Усяславічу, паехаўшы ў Полацк, ён пакідае ў Ізяслаўлі свайго сына Брачыслава. Пасля высылкі ў 1129 годзе полацкіх князёў у Візантыю, у тым ліку Давыда Усяславіча з сынамі, лёс княства некаторы час невядомы. Імаверна, Ізяслаўль як і Полацк быў у руках кіеўскіх князёў. Напэўна, з сярэдзіны 1130-х да сярэдзіны 1160-х гадоў Ізяслаўль быў удзелам Менскае княства — у сярэдзіне 1160-х гадоў ізяслаўльскі сталец трымаў Усевалад Глебавіч. Усевалад пад ціскам полацкага князя Рагвалода-Васіля адмовіўся да Ізяслаўля на карысць Брачыслава як ад яго «отчыны». Усевалад атрымаў замест Ізяслаўля Стрэжаў і больш крыніцамі не згадваецца. Астатнія Глебавічы не змірыліся са стратай Ізяслаўля і зноў захапілі яго, паланілі Брачыслава і Валодшу, імаверна, яго брата, але неўзабаве пад ціскам Рагвалода-Васіля вызвалілі іх і вярнулі Ізяслаўльскае княства. Напэўна, у 1160-я гады Ізяслаўскае княства раздрабілася, з яго вылучыўся Лагожскі ўдзел і, магчыма, яшчэ нейкія. У 1180 годзе поруч ізяслаўльскіх князёў, нашчадкаў Брачыслава і Валодшы, згадваецца лагожскі князь Усяслаў Мікуліч, імаверна, іх родзіч. Да 1186 года, пры невядомых акалічнасцях, нашчадкі Давыда Усяславіча зноў страцілі Ізяслаўль на карысць менскіх Глебавічаў і ўжо напэўна назаўсёды — у 1186 годзе лагожскім князем названы Васілька Валадаравіч.

У 1320-я гады Ізяслаўскае княства належала Альгерду, які ў 1345 годзе даў яго ва ўдзел свайму брату Яўнуту. Ізяслаўскае княства належала нашчадкам Яўнута — князям Заслаўскім, а пасля як пасаг перайшло да Глябовічаў. Ян Янавіч Глябовіч не тытулаваўся князем, але меў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі на Дуброўне і Заслаўі.

Літаратура

правіць