Інстытут пладаводства НАН Беларусі
«Інстытут пладаводства» — доследнае прадпрыемства ў Беларусі ў складзе Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Заснаванае ў кастрычніку 1925 года ў якасці Беларускага аддзялення Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур (УІПБНК). Размяшчаецца ў аграгарадку Самахвалавічы па вул. Кавалёва, 2.
Інстытут пладаводства НАН Беларусі | |
---|---|
Заснаваны | 1925 |
Сайт | belsad.by |
Гісторыя
правіць10 кастрычніка 1925 года пастановай Савета народных камісараў БССР на базе саўгаса «Лошыца-1» адкрыта Беларускае аддзяленне Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур (УІПБНК) — першая ў рэспубліцы спецыялізаваная ўстанова ў вобласці пладаводства. Ініцыятарам стварэння аддзялення быў акадэмік Мікалай Іванавіч Вавілаў, тагачасны дырэктар УІПБНК[1].
25-29 кастрычніка 1925 года навуковая калегія УІДБНК ухваліла Рашэнне аб перадачы Беларускага аддзялення ў распараджэнне аддзелу пладаводства. 4 лістапада 1925 года выконваючым абавязкі загадчыка Беларускім аддзяленнем (пасля — дырэктарам) быў прызначаны выкладчык кафедры садаводства ліквідаванага ў г. Мінску Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі Аляксей Яфімавіч Сюбараў. З 1925 г. аддзяленне ўваходзіць у склад Наркамзема РСФСР, а з 1929 г. — Наркамзема СССР[1].
Аддзяленне адыграла вялікую ролю ў вывучэнні сусветных калекцый пладовых і ягадных раслін і іх суродзічаў. За перыяд з 1925 па 1931 гг. А. Я. і Э. П. Сюбаравымі былі сабраны пароды і сарты, якія належалі да розных экалога-геаграфічных груп, а таксама прадстаўнікі дзікіх і родапачынальных формаў — усяго больш за 3 тыс. сортаўзораў, у тым ліку 500 па яблыні, з асноўных пладовых раёнаў СССР і 47 замежных краін[2].
23 лютага 1931 г. Пастановай Саўнаркама БССР на базе аддзялення Усесаюзнага інстытута раслінаводства ў «Лошыцы-1» створана Беларуская занальная доследная станцыя плодаагародніннай гаспадаркі, якая ўвайшла ў склад Наркамзема БССР. 14 сакавіка 1931 года Усесаюзны інстытут раслінаводства выдаў Загад аб выкананні Пастановы ў 10-дзённы тэрмін[1].
Аляксей Сюбараў у гады Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў Лошыцы і працягваў даглядаць свае калекцыі. Нямецкія акупанты выкарыстоўвалі Лошыцкую сядзібу для размяшчэння свайго штаба і кватаравання і, каб пазбегнуць нечаканага нападу партызан і для лепшага абстрэлу, хацелі высекчы ўсе дрэвы навокал. Толькі дзякуючы намаганням Сюбарава, які пераканаў немцаў, што агародніна, якая вырошчвалася для іх харчавання, будзе лепш расці пад кронамі дрэў, пладовы сад удалося выратаваць. Але савецкая ўлада пасля не ацаніла намаганняў навукоўца: за «сувязь з акупантамі» ён быў рэпрэсіраваны[3].
22 жніўня 1944 г. пасля вызвалення Беларускай ССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пастановай Саўнаркама БССР № 495 у «Лошыцы-1» адноўлена дзейнасць Беларускай плодаагародніннай доследнай станцыі, перапыненая вайной. З 1949 г. станцыя знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрству сельскай гаспадаркі БССР[1].
14 лютага 1956 г. Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР № 253 ухвалена і 5 красавіка Пастановай Саўміна БССР і ЦК КПБ № 174 зацверджана сетка навукова-даследчых устаноў БССР па сельскай гаспадарцы, сярод якіх быў і Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства, агародніцтва і бульбы. 30 жніўня 1956 года на базе Беларускай плодаагародніннай доследнай станцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР і Русінавіцкай гародніна-бульбяной селекцыйнай станцыі Міністэрства прамысловасці харчовых тавараў БССР створаны Беларускі НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства[1].
У 1964 годзе інстытут пераведзены ў пасёлак Самахвалавічы Мінскага раёна Мінскай вобласці на тэрыторыю вопытнай гаспадаркі «Русінавічы»[1].
6 сакавіка 1972 года Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства, агародніцтва і бульбы перайменаваны ў Беларускі навукова-даследчы інстытут бульбаводства і плодаагародніцтва[1].
16 ліпеня 1990 г. па прапанове Заходняга рэгіянальнага аддзялення УАСГНІЛ, узгодненага з Саветам Міністраў СССР, Дзяржпланам БССР, Міністрам фінансаў БССР, Дзяржаграпрамам БССР і аблвыканкамамі, на базе галіновых аддзелаў і лабараторый Беларускага НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва створаны Беларускі НДІ пладаводства. З гэтага ж часу інстытут знаходзіўся ў складзе Заходняга рэгіянальнага аддзялення УАСГНІЛ[1].
З 1992 года інстытут уваходзіў у склад Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У 1994 г. інстытут стаў калектыўным членам Міжнароднага таварыства садоўніцкіх навук (ISHS)[1].
31 кастрычніка 2000 г. інстытут ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства». У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. № 7 інстытут увайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 27 верасня 2002 г. — Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»[1].
18 красавіка 2006 года інстытут увайшоў у склад Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» з новай назвай — Рэспубліканскае навукова-вытворчае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут пладаводства» (РУП «Інстытут пладаводства»)[1].
Кірункі дзейнасці
правіцьАсноўнымі кірункамі навуковай і навукова-інавацыйнай дзейнасці інстытута з’яўляюцца селекцыя і інтрадукцыя пладовых, ягадных, арэхаплодных культур, вінаграда і іх прышчэп; стварэнне банка генетычных рэсурсаў пладовых, ягадных, арэхаплодных культур і вінаграда з мэтай практычнага выкарыстання ў селекцыі, вытворчасці і для міждзяржаўнага абмену; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытворчасці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад; дыягностыка вірусных, вірусападобных і бактэрыяльных патагенаў і стварэнне базавых калекцый бязвірусных раслін; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій і вытворчасць аздароўленага пасадачнага матэрыялу; селекцыйнае паляпшэнне племянных і прадуктыўных якасцей пчол і ўдасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка рэспубліканскіх стандартаў на пасадачны матэрыял, сыравіну пладовых і ягадных культур і прадукты іх перапрацоўкі; распрацоўка навуковых і эканамічных прагнозаў і комплексных праграм па развіцці пладаводства і пчалярства ў Рэспубліцы Беларусь; праектаванне і закладка садоў і ягаднікаў; ажыццяўленне патэнтава-ліцэнзійнай і вынаходніцкай працы, правядзенне шырокай прапаганды вынікаў навуковых даследаванняў шляхам інфармацыйнай, рэкламнай і выдавецкай дзейнасці[4].
Калекцыя
правіцьКалекцыі пладовых, ягадных арэхаплодных культур і вінаграда Інстытута пладаводства ўключаны ў 2012 годзе Дзяржаўны рэестр навуковых аб’ектаў, якія складаюць нацыянальны здабытак, пад рэестравым нумарам 6. Калекцыі, якія ўключаюць самы паўночны ў Еўропе фонд грэцкага арэха і вінаграда, адносяцца да ліку найбуйнейшых у Еўропе і налічваюць 5576 узораў 40 культур 110 відаў, у тым ліку 3427 — пладовых, 1391 — ягадных, 248 — арэхаплодных і 510 — вінаграда (станам на 2018 год). Калекцыйныя фонды захоўваюцца ў жывым выглядзе ex situ, на плошчы 20 га і па складзе культур і відаў не маюць аналагаў у Беларусі[5].
Структура
правіцьНавуковыя падраздзяленні[6]:
- Аддзел селекцыі пладовых культур
- лабараторыя генетычных рэсурсаў пладовых культур
- Аддзел гадавальнікаводства
- Аддзел тэхналогіі пладаводства
- Аддзел ягадных культур
- лабараторыя генетычных рэсурсаў ягадных культур
- Аддзел біятэхналогіі
- Аддзел захоўвання і перапрацоўкі
- Лабараторыя пчалярства
Дапаможныя падраздзяленні:
- Аддзел інфармацыі, укаранення і маркетынгу
- Аддзел бухгалтарскага ўліку і планавання
- Аўтатрактарны гараж
- Гаспадарчы аддзел
Бібліятэка
правіцьБібліятэка РУП «Інстытут пладаводства» існуе з 1946 г. Асноўны фонд бібліятэкі налічвае 47113 асобнікі літаратуры, з іх 27941 кніга і 19172 часопісы. У бібліятэцы прадстаўлены сабраныя за шмат гадоў і найноўшыя навуковыя працы па раздзелах, якія з’яўляюцца навуковай асновай сельскай гаспадаркі: біялогія і фізіялогія раслін, генетыка, глебазнаўства, аграхімія і інш[7].
Музей гісторыі пладаводства Беларусі
правіцьМузей адкрыты 10 кастрычніка 1995 г. у дзень 70-годдзя інстытута. Размяшчаецца ў галоўным корпусе. У аснову экспазіцыі пакладзены прадметна-храналагічны прынцып. Яна складаецца з пяці буйных раздзелаў і адлюстроўвае развіццё пладаводства на тэрыторыі Беларусі з XI стагоддзя па цяперашні час[8].
У музейнай экспазіцыі ўпершыню ўведзены ў навуковы ўжытак і шырока прадстаўлены архіўныя матэрыялы XVI, XVIII—XX стст. з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва і архіваў навуковых устаноў Беларусі, Санкт-Пецярбургскага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Польскага музея гісторыі сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчай прамысловасці ў Познані, а таксама з бібліятэк рэспублікі, прыватных збораў і калекцый[8].
Дэталёва адлюстравана развіццё навуковага пладаводства, раскрываецца праца даследчыкаў-практыкаў Д. і К. Манюшкаў, Вільгельма Ельскага, Якуба Наркевіч-Ёдкі, прафесараў Ж. Жылібера, Эдуарда Рэго, С. Юндзіла, Міхаіла Ачапоўскага, У. Бяляева, М. Рытава, Васіля Пашкевіча, А. Грабніцкага, М. Бурштэйна, заснавальнікаў айчыннай селекцыі пладовых і ягадных культур дактароў сельскагаспадарчых навук Аляксея Яфімавіча і Эмы Пятроўны Сюбаравых, прафесара Анатоля Рыгоравіча Валузнёва, выдатнага навукоўца-пладавода прафесара А. С. Дзявятава, многіх вядомых навукоўцаў Беларусі[8].
Кіраўнікі
правіць- 4 лістапада 1925 — 14 сакавіка 1931 — Аляксей Яфімавіч Сюбараў
- 1931—1934 — Іван Малочка
- 1937—1946 — Т. К. Сакалоў
- 1946—1956 — Пётр Шастапал
- 1956—1959 — Леанід Скрыпнічэнка
- 1959—1976 — М. А. Дарожкін
- 1976—1980 — Мікалай Ганчароў
- 1980—1986 — Анатоль Круглякоў
- 1986—1990 — Аляксандр Багданоўскі
- 1990—2016 — Вячаслаў Андрэевіч Самусь
- Аляксандр Таранаў
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к ИСТОРИЯ РАЗВИТИЯ ИНСТИТУТА ПЛОДОВОДСТВА (Краткая историческая справка)
- ↑ РАЗВИТИЕ НАУЧНОГО ПЛОДОВОДСТВА В БЕЛАРУСИ
- ↑ Дзе шукаць айчынную садавіну 31.03.2017
- ↑ Направления деятельности РУП «Институт плодоводства»
- ↑ ОТЧЕТ о состоянии и использовании объекта, включенного в Государственный реестр научных объектов, объявленных национальным достоянием, за 2017 год "Коллекции плодовых, ягодных орехоплодных культур и винограда Республиканского научно-производственного дочернего унитарного предприятия «Институт Плодоводства» реестровый номер: № 6
- ↑ Структура РУП «Институт плодоводства»
- ↑ Библиотека и публикации РУП «Институт плодоводства»
- ↑ а б в Музей истории плодоводства Беларуси
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Афіцыйны сайт