Іосіф Фантана III

(Пасля перасылкі з Іосіф III Фантана)

Іосіф Фантана III (1700 (?) — пасля 1755) — беларускі архітэктар італьянскага паходжання. Прадстаўнік барока. Працаваў пераважна ў Гродне і Вільні. Адзін з родапачынальнікаў стылістычнай плыні віленскага барока ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Іосіф Фантана III
Дата нараджэння мерк. 1700
Дата смерці не раней за 1755
Бацька Дамінік Фантана

Біяграфія правіць

Фантана паходзіў з асіміляванага італьянскага роду архітэктараў. Яго бацька, Дамінік Фантана, меў званне каралеўскага архітэктара і капітана каралеўскіх войскаў, маці — Тэрэза Тэкля, была дачкой старадубскага маршалка Міхаіла[1] з мясцовага шляхецкага роду Перасвет-Солтанаў і мела некалькі фальваркаў пад Гродна[2]. Акрамя Іосіфа, у іх было яшчэ трое дзяцей[1]. Месцам жыхарства гэтай заможнай сям’і было Гродна, дзе ім належаў мураваны дом па вуліцы Замкавай[2].

У 1742 годзе да Іосіфа Фантаны перайшлі бацькаўскія тытулы каралеўскага архітэктара і капітана каралеўскіх войскаў. Памёр пасля 1755 года, у тым жа годзе яго маёнткі, якія ён атрымаў у спадчыну ад маці, былі прададзены князям Масальскім[2].

Творчасць правіць

Працаваў пераважна ў Гродне і Вільні[3]. Іосіф Фантана III добра ведаў спецыяльныя трактаты італьянскіх тэарэтыкаў і практыкаў, рознабакова валодаў не толькі архітэктурнымі ведамі, але і сумежнымі прыродазнаўчымі навукамі[2].

У Гродне пабудаваў уніяцкую царкву Раства Багародзіцы ў Гродзенскім манастыры базыльянак (1726), палац Сапегаў[удакладніць] (1741—1744)[3].

Апрача гэтага, ён будаваў святыні розных каталіцкіх ордэнаў, а таксама ўніяцкія ў Вільні, Віцебску[2].

Каля 1735 г., верагодна, паводле праекта І. Фантаны ІІІ быў перабудаваны ў стылістыцы позняга барока галоўны фасад касцёла пры кляштары кармелітаў босых у Глыбокім. Над масіўнымі ніжнімі чацверыкамі старых вежаў узвялі некалькі ярусаў, што тэлескапічна скарачаліся ўгору. Формы вежаў і франтоны паміж імі набылі пластычнасць і ажурнасць дзякуючы фігурным абрысам праёмаў, шматлікім раскрапоўкам, слаістым пілястрам, разарваным і хвалістым карнізам. Адпаведна было зменена і ўбранне інтэр’ера, а касцёл нанава кансэкраваны суфраганам віленскім Мацеем Анцутам[2].

У 1740 годзе склаў праект касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Сталовічах, будаўніцтвам якога кіраваў з 1741 па 1743 гг[3]. Касцёл уяўляе сабой познебарочную трохнефную базіліку без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам і прамавугольным алтарным завяршэннем цэнтральнага нефа, да якога па падоўжнай восі Фантана далучыў старажытную Ларэтанскую капліцу[2].

Падобны прыём размяшчэння ў цэнтры алтара ўвахода ў пазаалтарнае сакральнае памяшканне ёсць яшчэ толькі ў касцёле кармелітаў босых  (польск.) у Гродне. Па гэтай і яшчэ шэрагу аналогій ёсць падставы меркаваць, што яму належыць і аўтарства гродзенскага касцёла кармелітаў[2].

Зноскі

Літаратура правіць